Справаздачны сход у ААТ “Столінрайаграсэрвіс”: што ў будучым?

Справаздачны сход у ААТ “Столінрайаграсэрвіс” прайшоў у форме зацікаўленага абмену думкамі пра тое, як павысіць эфектыўнасць вытворчасці, аказання паслуг сельскагаспадарчым арганізацыям, захаваць сфарміраваны гадамі высокакваліфікаваны і працавіты калектыў.

Для абвастрэння пастаўленых мэтаў было вырашана адразу адмовіцца ад пералічэння лепшых дасягненняў асобных падраздзяленняў арганізацыі, а засяродзіць увагу на недапрацоўках і праліках, незадзейнічаных рэзервах.

Галоўны эканаміст Марына Аляксандраўна Неўдах у доказ непрывабнасці агульных вынікаў работы прывяла некалькі важных лічбаў. Аб’ём рэалізацыі прадукцыі за 2015 год у параўнанні з папярэднім знізіўся на 27 мільярдаў рублёў. Чыстыя страты склалі мільярд 88 мільёнаў рублёў. Пры гэтым сярэдняя зарплата павысілася прыкладна на 100 тысяч рублёў.

Пра гэта напрамую не гаварылася, але ўсе размовы на сходзе вяліся быццам на фоне былых дасягненняў, ранейшай славы прадпрыемства. Гэта сапраўды была магутная матэрыяльна-тэхнічная адзінка, здольная за кароткі час рэальна дапамагчы ў выкананні важных работ любой сельскагаспадарчай арганізацыі раёна. Славіліся камбайнавыя і аўтамабільныя экіпажы на ўборцы ўраджаю, а без райсельгастэхнікі, райсельгасхіміі і райагразаба наогул нельга было ўявіць тэхналагічны цыкл у сельскай гаспадарцы — ад павышэння ўрадлівасці палёў да арганізацыі рэалізацыі прадукцыі.

Што ж рабіць, каб пазбавіцца стратнасці, апраўдаць сваё прызначэнне быць надзейным і эфектыўным памочнікам  сельскаму працаўніку?

Начальнік падраздзялення аўтатранспартных перавозак Аляксандр Аляксандравіч Луцкі  выдзеліў захады, якія зроблены на далейшае з мэтай павышэння эфектыўнасці работы. Набыццё новых РУПаў дазволіла значна скараціць выдаткі на запасныя часткі, паскорыць работы на вывазцы і ўнясенні мінеральных угнаенняў. Транспарт можна загружаць больш эфектыўна, паколькі ён запатрабаваны, напрыклад, на вывазцы арганічных угнаенняў. Але заўжды не хапае сродкаў на паліва. Трэба знаходзіць на яго сродкі, адначасова шукаць новыя аб’ёмы транспартных работ. Для гэтага важна прапанаваць больш выгадныя расцэнкі на перавозках. Цяпер гаспадарнікі ўмеюць лічыць, таму таннейшая паслуга будзе запатрабавана.

Намеснік дырэктара па аграхімабслугоўванні Мікалай Пятровіч Маркевіч выкананне за мінулы год усіх запланаваных работ толькі на 42,5 працэнта растлумачыў адсутнасцю неабходнай колькасці паліва. Як выйсце, практыкуецца работа тэхнікі мехатрада на паліве сельгасарганізацый. Але на гэта па сваім фінансавым становішчы могуць ісці лічаныя гаспадаркі. Як разарваць гэтае замкнутае кола? Адказ відавочны – трэба прапаноўваць больш танныя паслугі, выконваць работы на сваім паліве.

Моцна страціла за апошні час ранейшыя пазіцыі служба матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Намеснік дырэктара Рыгор Аляксеевіч Сыса прызнаў, што і склад парожні, і ніхто не заказвае запчасткі, бо ўсе перакананы, што іх няма. А неабходна мець стартавыя сродкі, мільёнаў 50, каб цэнтралізавана закупіць востра неабходныя запчасткі для глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі, рэалізаваць іх і мець грошы. Пры гэтым трэба адмаўляцца ад шматлікіх пасрэднікаў, выходзіць напрамую на заводы, каб падзешавіць запчасткі.

Сярод іншых слушных прапаноў, якія давялося пачуць на сходзе, многія таксама падаліся рэальнымі для прымянення. Галоўны інжынер Мікалай Захаравіч Дзмітрук, напрыклад, заклікаў больш эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці змяншэння дэбіторскай запазычанасці.

Трэба загадзя падрыхтаваць цялежкі для перавозкі з палёў саломы, травяных кармоў. Гэтая паслуга востра запатрабавана яшчэ і таму, што канцэнтрацыя такой тэхнікі ў гаспадарках па чарзе дазволіць у  сціслыя  тэрміны нарыхтоўваць сянаж і сілас строга па тэхналогіі.

Лёгка навучыць кагосьці разбагацець, параіўшы зарабляць грошы. Але для ААТ “Столінрайаграсэрвіс” гэта адзіны рэальны шлях, каб не спыніць сваё існаванне. Калі верыць агульнаму настрою справаздачнага сходу, усё пойдзе як трэба, калі знайсці пачатковыя сродкі на паліва, запчасткі, набыццё запатрабаванай тэхнікі.

У рабоце сходу прыняў удзел старшыня райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі. Прыняўшы актыўны ўдзел у абмеркаванні вынікаў работы і перспектыў прадпрыемства, ён адзначыў, што магчымасці калектыву выкарыстоўваюцца недастаткова. Красамоўны паказчык – каэфіцыент выхаду тэхнікі на лінію складае толькі 0,23 працэнта. Унутраныя рэзервы, у тым ліку і фінансавыя магчымасці, пакуль выкарыстоўваюцца неэфектыўна.

Дырэктар прадпрыемства Генадзь Мікалаевіч Курган да гэтага дадаў, што пры наяўнасці працавітых і старанных выканаўцаў работ “кульгае” звяно інжынерна-тэхнічных работнікаў. Не хапае ініцыятывы, разваротлівасці. А прыклад умелага гаспадарання — побач. Яго паказваюць кіраўнікі вытворчых унітарных прадпрыемстваў дырэктар ПМК па абслугоўванні жывёлагадоўлі Ілья Ульянавіч Каральчук, дырэктар “Столінцэхцэнтра” Павел Мікалаевіч Савіцкі.

І тут варта колькі слоў сказаць пра  фінансавую  палітыку  прадпрыемства, хаця лічыць чужыя грошы – справа не надта ўдзячная.

У ААТ “Столінрайаграсэрвіс” калісьці была шыкоўная матэрыяльна-тэхнічная база. І неяк звыклым стала за даўгі, а часта і неразваротлівасць, адсутнасць ініцыятывы і старання страты перакрываць продажам  нерухомасці. Вось і летась гэта прынесла каля двух мільярдаў рублёў. Гэты “салодкі” рэзерв яшчэ не вычарпаны да дна. Але аналіз яго выкарыстання паказвае, што на развіццё амаль нічога не пайшло. Так, зарплата вырасла. А што больш? Паліва, запчастак дастаткова так і не купілі…  Няма прамога эфекту і ад здачы памяшканняў у арэнду. Ніяк не вырашаецца пытанне аб прымяненні або рэалізацыі малакавозаў, якія стаяць без справы. Не прыносяць жаданага эфекту павышаныя чыгуначныя пуці, бо іх своечасова не адрамантавалі.

На сходзе была прыведзена статыстыка тых паслуг, якія планаваліся для сельскай гаспадаркі, але не былі аказаны. Гэта значныя аб’ёмы работы. Калі б глеба атрымала большую колькасць арганічных і мінеральных угнаенняў, цалкам выконваліся заданні па вапнаванні глебы, у раёне, безумоўна, былі б вышэйшыя намалоты і нарыхтоўвалася дастаткова кармоў.

Што ж, адкрытая размова на сходзе адбылася. Цяпер справа за дзеяннямі.

Фёдар ШУМКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *