Словы падтрымкі – гаючая сіла

Толькі з добрым настроем ставіцца да людзей – такім правілам вось ужо на працягу 28 гадоў карыстаецца Алена Рыгораўна Краўцова – загадчыца фельчарска-акушэрскага пункта аграгарадка Вялікае Малешава.

А яшчэ, дадае жанчына, абаязкова з цярпеннем. Бо менавіта ФАП у вёсцы (няхай зараз і аграгарадку) з’яўляецца пасля магазіна самым наведваемым месцам,  незалежна ад узросту і статусу.

За гэтыя гады Алена Рыгораўна паспела вывучыць характары і звычкі жыхароў Вялікага Малешава, хаця сама не мясцовая. Родам з  Веляміч.  Сюды  прыйшла пасля заканчэння Ржэўскага медыцынскага вучылішча. Па размеркаванні яна магла трапіць у рускую глыбінку, аднак вярнулася на  малую радзіму. Яе адразу паставілі загадчыцай. Аб гэтым ніколі не даводзілася шкадаваць.

– Напачатку  было цяжка, не хапала вопыту, – шчыра прызнаецца Алена Рыгораўна, – бо ад цябе чакаюць парады, а парада павінна быць дзейснай і  правільнай. Здароўе – самая дарагая каштоўнасць для чалавека, і памылка ў медыцыне проста недапушчальная. А ў вёсцы фельчар – гэта і доктар, і фармацэўт, і дыягност. Безумоўна, наша справа толькі патлумачыць, да якога ўрача трэба звярнуцца, каб канчаткова вызначыць дыягназ. А людзі, асабліва пенсіянеры, першапачаткова ідуць да нас. За ўсе гады, дзякаваць Богу, не сутыкнуліся з непаразуменнямі жыхароў, наадварот,  чулі на свой адрас шмат шчырых слоў падзякі.  Бо ўсе нашы работніцы – цудоўныя спецыялісты, якія валодаюць вялікім вопытам і заўсёды імкнуцца дапамагчы хвораму чалавеку.

Алена Васільеўна Фларь”яновіч – патранажная медыцынская сястра, працуе таксама больш за два дзясяткі гадоў і ўсе жыхары ведаюць: на яе можна разлічваць у любы час сутак. Яна настолькі адказна ставіцца да сваёй работы, што нават самая маленькая дробязь не застанецца без увагі. Алена Васільеўна назірае за нованароджанымі дзецьмі, таму работы ў яе заўжды шмат, бо штогод у Вялікім Малешаве нараджаюцца ў сярэднім ад 35 да 50 немаўлят. А ў адным годзе быў рэкорд – аграгарадок пабольшаў на 57 маленькіх жыхароў.

Алена Міхайлаўна Дзямко – акушэрка, вядзе ўлік цяжарных жанчын, таксама мае вялікі стаж работы. Працуе яна на палову стаўкі, але няма ніводнага чалавека, які б не адзначыў прафесіяналізм жанчыны.

Слоў падзякі заслугоўвае і  санітарка  Надзея Аляксееўна Андрэйкавец.

Вялікамалешаўскі ФАП адносіцца да Альгомельскай бальніцы сястрынскага догляду, у падпарадкаванні якой яшчэ фельчарска-акушэрскія пункты ў Кароцічах, Талмачаве і Лутках. Медыкі  заўсёды раяцца, падтрымліваюць цесную сувязь, назіраюць за пацыентамі. З гонарам адзначаюць, што пастаўленыя  папярэднія дыягназы заўсёды супадаюць з дыягназамі ўрачоў. Сюды, у Вялікае Малешава, па графіку прыязджаюць тэрапеўт і педыятр. Пра гэта зараней папярэджваюць  насельніцтва, а ўсе жадаючыя могуць прыйсці пракансультавацца.

Лекі атрымліваюць  з Альгомеля, прычым заўсёды імкнуцца задаволіць усе заяўкі.

Самым галоўным у сваёй  прафесіі Алена Краўцова лічыць  спагадлівасць  і ўважлівасць. Бо словы падтрымкі вельмі важныя для чалавека і ў прамым сэнсе слова маюць гаючую сілу.

Памяшканне ФАПа знаходзіцца ў цэнтры  аграгарадка і ў 2007 годзе перажыло маштабную рэканструкцыю.  Дагэтуль  даводзілася працаваць у спартанскіх умовах: зімой было вельмі холадна. А зараз спецыялісты сустракаюць жыхароў у цёплых, сучасна і прыгожа абсталяваных пакоях.

І ўсё ж Алена Рыгораўна жадае ўсім, каб было менш падстаў звяртацца да медыкаў, а значыць – моцнага здароўя, а таксама берагчы сябе і сваіх родных.

Ганна Мельнік

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *