Рукатворны цуд

Кожны раз, калі бачу такіх людзей з залатымі рукамі, абяцаю сабе пачаць заняцца творчасцю. Думаю, і тое я зрабіць змагу, і гэтае мне пад сілу, і тое ў мяне атрымаецца. Але дома знаходзіцца тысяча прычын змяніць свае планы, і пакрысе маё жаданне недзе знікае. А вось у Надзеі Белка – таленавітай майстрыхі з Вялікага Малешава — знаходзіцца і час, і магчымасць, і жаданне стварыць чарговы шэдэўр. Бо для яе гэта не проста захапленне, гэта – любімая справа.

Калісьці на занятках па працоўным  навучанні Надзея ўпершыню пабачыла, якія прыгожыя вырабы можна стварыць сваімі рукамі. У руках настаўніцы Вольгі Фёдараўны Булаўскай пруткі і кручок нагадвалі чароўныя палачкі. Вось гатова сурвэтка, а там і шалік атрымаўся прыгожы. І Надзея пасябравала з гэтымі прыладамі, ды так, што на дзіва родным магла за ноч звязаць шкарпэткі ці іншы выраб. Маці Ірына Іванаўна з любоўю захоўвае ўсё вязаныя цацкі, якія нагадваюць ёй пра першае захапленне дачкі. Кажа, хутчэй за ўсё тут гены бабулі Галіны Рыгораўны “папрацавалі”, бо тая таксама ў роднай вёсцы Любавічы славілася ўмелымі рукамі.

Далей Надзя захапілася бісерапляценнем, таму прыгожыя кветкі і дрэўцы ўпрыгожваюць пакоі роднага дома. Але колькі часу трэба, каб стварыць такую прыгажосць? І адкуль столькі цярпення? Пытанні такога кшталту пасыпаліся на дзяўчыну.

– Мне проста прыносіць гэта неймавернае задавальненне, — адказвае Надзея. – Я на гадзіннік ніколі не гляджу, бо развітвацца з любай справай не хочацца. Цярпенне? Нават не задумвалася над гэтым, мне нават і шукаць яго не трэба. Неяк само сабой атрымліваецца.

Але  ж сваю прафесійную дзейнасць дзяўчына звязала з… інфарматыкай і матэматыкай. Пэўна і вы здзівіліся, паважаныя чытачы: творчасць, а тут дакладныя і складаныя дысцыпліны. Не апошняя роля ў гэтым належыць настаўніцы Вялікамалешаўскай сярэдняй школы  Галіне Аляксееўне Сцямпкоўскай, якая даказала: матэматыка – царыца навук. І так заахвоціла, што неўзабаве  ў 2006 годзе   Надзея становіцца студэнткай Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта і атрымлівае настаўніцкую прафесію. Але ж з творчасцю не развітваецца,  наадварот, знаёміцца з новымі  кірункамі. Сваіх аднакурсніц дзяўчына здзіўляе вырабамі з салёнага цеста, якія ледзь не штодзень з’яўляюцца на паліцах разам з кніжкамі па вышэйшай матэматыцы. А далей надышоў час вышыўкі, і ўвесь вольны час засвойвала яна гэтае рамяство. Вы б бачылі гэтыя творы мастацтва! Па-іншаму іх нельга назваць. Вышытыя дробным крыжыкам, быццам намаляваныя, здзіўляюць плаўнасцю ліній  і таксама ўпрыгожваюць сцены роднага дома.

Нават калі Надзея працавала па спецыяльнасці ў Хільчыцкай сярэдняй школе, усё роўна знаходзіла час для любімай справы. Настаўнічаць ездзіла на сваім аўтамабілі. Першае месца работы ўспамінае з радасцю, бо калектыў школы цудоўна прыняў маладога спецыяліста. Упэўнена, што з выбарам прафесіі не памылілася, і як матэматык сцвярджае: сяброўства з лічбамі не пашкодзіць у жыцці.

Пайшоўшы ў дэкрэт, Надзея пачала займацца вырабам букетаў з гафрыраванай паперы, а таксама тапіярыяў з фларыстычных матэрыялаў.  Тапіярыі – дрэвы шчасця, сімвалізуюць гармонію і спакой. А які яшчэ можа быць настрой, калі чакаеш дзіця? Ды і пасля з’яўлення любімай дачкі Танюшкі маладая маці вольны ад клопатаў час прысвячае любімай справе. Дарэчы, зараз Надзея вышывае партрэт дачушкі і марыць завяршыць яго да дня нараджэння.

Прыхільнікаў творчасці многа ў Надзеі, таму яе шэдэўры часта з’яўляюцца падарункамі для родных і сяброў.

– Ці не шкада развітвацца са сваімі работамі? Столькі часу было затрачана, – цікаўлюся.

– Мне прыемна бачыць, што мае работы прыносяць радасць чалавеку. А яшчэ прыемней, калі да цябе звяртаюцца з просьбай зрабіць падарунак. Мне гэта прыносіць задавальненне, і я стараюся ніколі не адмаўляць.

А яшчэ дзяўчына аддала некалькі сваіх вырабаў у царкву, якую яна наведвае. Яшчэ ў студэнцкія часы пры першай магчымасці ішла ў Свята-Міхайлаўскі сабор, бо толькі шчырая вера, на яе погляд, можа дапамагчы ў любой жыццёвай сітуацыі.

Разважлівасць і сціпласць уласцівы Надзеі, нягледзячы на маладосць. Цэніць у людзях уменне ва ўсім бачыць прыгажосць і не засмучацца з-за кожнай дробязі.

А чытачам цытуе выказванне, якое ёй вельмі спадабалася: любая работа складаная, і трэба знайсці тую работу,  складанасць  якой    будзе прыносіць задавальненне.

Ганна Мельнік

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *