Рэйды па навядзенні чысціні і парадку

Ужо сышоў снег і прыйшла пара паклапаціцца пра стан навакольнага асяроддзя.  Рэйдавая група ў складзе старшага памочніка пракурора Галіны Анатольеўны Снюк, прадстаўнікоў  інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіміра Мікалаевіча Домніча і Міхаіла Васільевіча Ляшука, карэспандэнта “НП” накіравалася ў чарговы рэйд па добраўпарадкаванні тэрыторыі населеных пунктаў раёна.

 Першае, што трапіла на вочы, – у райцэнтры камунальнікі добрасумленна выконвалі свае абавязкі: мялі вуліцы ды прыбіралі пясок з праезнай часткі дарогі. Застаецца спадзявацца, што на ўскраіне горада таксама праводзяцца адпаведныя работы па добраўпарадкаванні. Але ў час праверкі быў выяўлены шэраг недахопаў у плане выканання патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства па ўтрыманні тэрыторый.

Несанкцыянаваная звалка будаўнічых адходаў назіраецца паміж садам і тэрыторыяй бальніцы ў г. Давыд-Гарадку. У  в. Нячатава па вул. Саўгаснай не прыбраны зрэзаныя аварыйныя дрэвы. Паміж жылым сектарам каля торфапрадпрыемства “Глінка”  і зямельным участкам «Сходы»  СВК «Фядорскі»  ў некалькіх месцах спальваліся шыны, аднак не прыбраны металакорд, а ў паніжаныя месцы, якія  зараслі хмызняком, жыхары в. Калоднае размяшчаюць камунальныя     адходы.  На ўездзе  на  тэрыторыю  торфапрадпрыемства, за складам захоўвання нафтапрадуктаў, збоку жылога сектара в. Калоднае — звалка адходаў.  На вясковых могілках неабходна адрамантаваць  агароджу.  Адходы тут размяшчаюцца таксама ў непрызначаных месцах.

Несанкцыянаванае складзіраванне адходаў назіраецца ў в. Высокае па вуліцы Варашылава каля магазіна, у  в. Сямігосцічы па вуліцах Цэнтральнай і Калгаснай. Неналежным чынам праводзіцца санітарная ачыстка тэрыторыі агульнага карыстання каля сярэдняй школы і вакол стадыёна ў в. Сямігосцічы.

Рэйдавай групай выяўлены парушэнні ўтрымання водаахоўных зон і прыбярэжных палос водных аб’ектаў. Назіраецца  размяшчэнне вялікай колькасці адходаў паміж вул. Кірмашовай у  аг. Альшаны і возерам Альшанскім.

Калі прыбярэжная зона ракі Гарынь паблізу гандлёвай кропкі “Гуртоўня” значных нараканняў членаў  рэйдавай    групы  не  выклікала, дык паміж будынкамі ўнутры былой тэрыторыі Столінскага КБА неабходна правесці адпаведныя работы, бо ля склада знеслі агароджу, а пра бытавыя адходы зусім забылі. У парку “Манькавічы” ліквідавалі значную колькасць гнёздаў, таму адпаведна і птушак  тут стала меней.

Набалелая праблема – гаражны кааператыў “Столінскі-64”, дзе грамадзяне сістэматычна пакідаюць свае “сюрпрызы”. Аналагічная стыхійная звалка  чакала рэйдавую групу адразу пры з’ездзе з дарогі да гаражоў. Мяжа Столінскіх могілак і Столінскіх электрасетак прываблівае вялікай колькасцю зрэзаных галін дрэў, апалага лісця, якія нехта па-гаспадарску прыбраў далей ад уласнага парога. Тут таксама прыхаваны і вынікі будаўнічых работ: рэшткі бетону злёгку прыкрыты галінкамі. Ёсць на што паглядзець і  ў канцы вуліцы Гранічнай г. Століна, дзе з падворкаў людзі выкідаюць за агароджу ўсё, што ў гаспадарцы больш не спатрэбіцца.

У  драўнінна-хмызняковую расліннасць насупраць аўтобуснага прыпынку “Новы пасёлак”, што вядзе да ракі Гарынь, відаць, выкідваюць усё: поліэтылен, пластык, шкло,  будаўнічыя адходы і іншыя рэшткі гаспадарчай дзейнасці. Чым далей у гушчар — тым больш прычын задумацца над нашым стаўленнем да прыроды. Аналагічная сітуацыя і на супрацьлеглым баку дарогі: на ўездзе на вуліцы Францыска Скарыны, Палескую р. п. Рэчыца.

Паміж АБЗ Столінскай ДБПМК-32 і ўрочышчам Касачова інспекцыя  прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з Рэчыцкім сельскім Саветам доўга вялі барацьбу з утварэннем стыхійнай звалкі бытавых адходаў і, здавалася, што вынік быў дасягнуты, як тут зноў з’явіліся новыя месцы, якія ўпадабалі для сваіх  мэтаў людзі.

У лясным масіве па дарозе на ачышчальныя збудаванні на значнай плошчы размяшчаецца несанкцыянаваная звалка бытавых адходаў.

—        Не раз згадвалі, што Пастановай  Савета Міністраў ад 28 лістапада 2012 года № 1087   зацверджаны Правілы добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, — расказвае  старшы памочнік пракурора Галіна Анатольеўна Снюк. – Яны прад’яўляюць больш жорсткія патрабаванні да санітарнага ўтрымання тэрыторый і пабудоў, азелянення тэрыторый, барацьбы з пустазеллем, выкарыстання зямель, транспартнай інфраструктуры, месцаў адпачынку і іншага.  Неабходна памятаць, што  за парушэнне заканадаўства (частка 2 артыкула 21.14 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях “Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў”) цягне накладанне штрафу ў памеры да 25 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 10 да 50 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад 20 да 100 базавых велічынь.

Не зразумелым застаецца толькі той факт: навошта вывозіць адходы недзе ў лес  ці ў поле, калі па тэрыторыі горада ці іншага населенага пункта згодна з графікам рухаецца спецыялізаваны транспартны сродак?  Так значна прасцей выкінуць бытавыя адходы, а  для збору другаснай сыравіны выкарыстаць кантэйнеры для пластыку, паперы ці шкла.

Аналагічная сітуацыя назіраецца і каля чыгуначнага вакзала: адно прыбіраецца, а другое ўжо пачынае з’яўляцца. Шмат пытанняў узнікае і ў раёне новабудоўлі мікрараёна “Гарынь”.

На першым месцы па колькасці несанкцыянаваных звалак  стаіць тэрыторыя гаражных масіваў р. п. Рэчыца.

Па ўсіх выяўленых парушэннях кіраўнікам гаспадарак і сельсаветаў будуць выдадзены прадпісанні з указаннем тэрмінаў на іх ліквідацыю.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *