Радзіма – яна ў любым куточку Беларусі

Яшчэ зусім юны Сяргей Дубейка папаўняе рады абаронцаў Айчыны. Малады чалавек – курсант трэцяга курса Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся і вырас Сяргей у аграгарадку Рамель. Як і многія дзеці, амаль што кожны дзень прыдумваў сабе новыя і цікавыя заняткі. Час шпарка ляцеў. Будучы старшакласнікам, Сяргей аддаваў перавагу геаграфіі, грамадазнаўству і фізкультуры. Да дзясятага класа ён увогуле не ведаў, якую прафесію выбраць, на што накіроўваць сілы.
– Многія з маіх сваякоў, знаёмых вучыліся і вучацца зараз у Ваеннай акадэміі, — дзеліцца малады чалавек. — Менавіта па іх натхнёных расповедах аб значнасці будучай прафесіі, аб статусе вайскоўца ў нашай краіне і аб яго карысці для людзей вырашыў звязаць сваё жыццё толькі з гэтай прафесіяй. Паставіў сабе задачу: стану курсантам, а затым – афіцэрам!
І пачалася карпатлівая падрыхтоўка. Сяргей вырашыў, што будзе аддаваць перавагу тым прадметам, якія яму спатрэбяцца для здачы тэсціравання: беларуская мова і два профільныя прадметы – фізіка і матэматыка. Таксама для паступлення неабходна было здаваць нарматывы па фізічнай падрыхтоўцы, але з гэтым кірункам у юнака праблем не ўзнікла. А вось па фізіцы прыйшлося наведваць дадатковыя заняткі ў рэпетытара.

– Вельмі ўдзячны сваім бацькам: яны ўвесь час паўтаралі, што я павінен сам выбраць будучую прафесію. Яны не навязвалі мне свае жаданні, бо хацелі, каб я быў шчаслівы на рабоце і ў жыцці. А гэта, па іх словах, будзе толькі тады, калі я буду займацца жаданай справай, – расказвае Сяргей.
Падышоў час паступлення, якое праходзіла ў некалькі этапаў. Спачатку патрэбна было падаць заяву на паступленне, потым прайсці медыцынскую камісію ў раённым ваенкамаце, затым абласную медкамісію, здаць нарматывы па фізкультуры і прайсці псіхалагічны тэст на прыгоднасць. І, нарэшце, этап, за які Сяргей перажываў больш за ўсё, – цэнтралізаванае тэсціраванне. Менавіта гэты момант і пужаў юнака, бо ў папярэдні год прахадныя балы на выбраны факультэт былі высокія.
Моцнае жаданне, якасная падрыхтоўка і падтрымка блізкіх дапамаглі Сяргею. І ён стаў курсантам агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі па спецыяльнасці “Тылавое забеспячэнне войскаў”.
Зараз курсант Дубейка на трэцім курсе. Ён ужо з усмешкай успамінае курс маладога байца, першыя вайсковыя вучэнні і сесію.
– Для чалавека, які толькі што прыходзіць з “грамадзянкі”, строгае жыццё, дзе пад кантролем кожны крок, заўсёды спачатку цяжкае. Зараз жа, правучыўшыся два з паловай гады, цяжкасць выклікае толькі недахоп часу і сумяшчэнне розных заняткаў. Напрыклад, вучобы і службы, калі трэба хуценька здаваць залік ці іспыт, а потым бегчы на дзяжурства. А на наступны дзень – зноў іспыт. І такое бывае, але ж спраўляемся! На тое мы і курсанты – прыстасаваныя да розных умоў, – з энтузіязмам распавядае субяседнік.

Хуткі рытм вайсковага жыцця не дае курсантам сумаваць. А таварышы, сапраўдныя сябры, што з’явіліся за гэтыя гады, ніколі не пакінуць у складанай сітуацыі.
Сяргей успамінае, як у школьныя гады не мог жыць без рыбалкі. А яшчэ – як любіў жывёл і разводзіў трусоў. Зараз жа на любімыя захапленні не хапае часу, пастаянна патрэбна павялічваць веды па будучай спецыяльнасці. Хіба толькі на летніх канікулах можна спакойна пасядзець з вудачкай у любімым куточку каля Рамля.
Курсант Дубейка марыць аб афіцэрскіх зорках на сваіх плячах.
– Безумоўна, хочацца размеркавацца куды-небудзь бліжэй да роднага краю. Але, калі добра падумаць, то Радзіма – яна ў любым куточку Беларусі. Таму, дзе будзе патрэбна, там і буду служыць, гэта не прынцыпова для мяне! – з упэўненасцю гаворыць малады чалавек.
Сяргей кажа, што пры выбары будучай прафесіі ніколі не патрэбна здавацца на палове шляху. Патрэбна дайсці да канца, каб убачыць, ці той напрамак ты выбраў.
– Я ганаруся, што не пабаяўся і вырашыў стаць адным з нямногіх, хто стаіць на абароне нашай Радзімы! – развітваючыся, кажа курсант.
А нам застаецца павіншаваць Сяргея з Днём абаронцаў Айчыны і пажадаць здароўя і сілы духу!
Лiдзiя СКУЛАВЕЦ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *