На Століншчыне прайшлі мерапрыемствы ў гонар Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь

23 лютага кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі сілавых структур і працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый усклалі вянкі і кветкі да брацкай магілы савецкіх воінаў, партызанаў і ахвяраў фашызму ў г. Століне.

У другой палове дня ў гарадскім Доме культуры адбыўся святочны канцэрт. Са словамі віншаванняў да прысутных у зале звярнуўся намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч.

23 лютага – выдатная дата для ўсіх, хто меў гонар насіць ці зараз носіць пагоны і ваенную форму. Гэта і свята жанчын, якія з трывогай і гонарам чакалі і чакаюць вяртання з радоў Узброеных Сіл сваіх сыноў, братоў, каханых.

Дзень абаронцаў перш за ўсё атаесамляецца з мужнасцю і стойкасцю чалавечага характару, сілай духу і адданасцю Радзіме. Яркі прыклад гэтага – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, памятаць пра якіх і дапамагаць былым воінам – наш агульны абавязак. Менавіта ветэранам у першую чаргу адрасаваў віншаванні Сяргей Сідарэвіч. Ён падкрэсліў, што абаронцы Айчыны – гэта не толькі ваеннаслужачыя. Гэта і сапраўдныя мужчыны, якія правільна выхоўваюць дзяцей, клапоцяцца пра бацькоў, сумленна працуюць і добра вучацца. Гэта і свята юнакоў, якія рыхтуюцца да службы ва Узброеных Сілах, каб стаць надзейнымі абаронцамі мірнага і шчаслівага жыцця.

У святочнай канцэртнай праграме выступілі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі “Выцінанка”, народны ансамбль танца “Рэха” і ўзорны ансамбль танца “Карагод”, дзіцячыя танцавальныя калектывы ГДК і школы мастацтваў, народны клуб аматараў гумару і песні “Моства” Мачульскага дома фальклору, мужчынская група народнага хору ветэранаў і ансамбль “Гарынскія гармонікі”, Анжаліка Калавур і ансамбль танца “Карамель” Рэчыцкай школы мастацтваў і эстрадныя выканаўцы – Сяргей Кудласевіч і Аляксандр Юрчук, Святлана Бажко, Валянціна Ляшук, Аксана Гембіцкая, Іван Шаламіцкі, пераможца раённага тура рэспубліканскага конкурсу “Новыя галасы Беларусі” Марыя Бруцкая і іншыя.

Галіна ГАШЧУК

Фота Аляксандра НІКІФАРЭНКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *