На камісіі па справах непаўналетніх: Адна «свая праўда»

Перад прадстаўнікамі камісіі па справах непаўналетніх стаяла васьмікласніца П., якая ўсім старалася паказаць, што яна змагаецца за справядлівасць. Можа таму яна неаднаразова пускала ў ход кулакі, каб адпомсціць тым, хто яе пакрыўдзіў.
З аднакласнікамі яна не сябравала. Не было сяброў і ў паралельным класе, а таксама сярод суседскіх дзяцей. На заняткі абслуговай працы з аднакласніцамі яна не хадзіла, а наведвала ўрокі тэхнічнай працы. Сярод хлопцаў адчувала сябе прасцей, але крыўдзіць не дазваляла.
Вось на гэты раз яна з дапамогай свайго моцнага кулака паказала сваё “я” аднакласніку. Не дапамагла ні гутарка з дырэктарам, ні размова з бацькамі. Бацькамі ігнараваліся “сігналы” з навучальнай установы наконт праблемы ўзаемаадносін дзяўчынкі з аднагодкамі і настаўнікамі. Маці не магла растлумачыць яе агрэсію, давала П. супрацьлеглую характарыстыку.
Увесь час П. знаходзіла апраўданні сваім паводзінам. На гэты раз маці паабяцала прыслухацца да парад спецыялістаў, якія яна атрымае пасля адпаведных кансультацый, і паступова вырашаць праблемы, што ўзніклі ў дачкі, з улікам рэкамендацый з навучальнай установы. Бо “праўда” можа гучаць не толькі з вуснаў дачкі.
Вольныя птахі
Непаўналетнія ідуць вучыцца і адразу адчуваюць сваю самастойнасць і незалежнасць. Не заўсёды гэта ідзе на карысць.
Навучэнец ліцэя Б., які вырашыў, што жыць у інтэрнаце – гэта не для яго і лепей ездзіць дадому. Вучоба – гэта таксама рэч, якую можна адкласці на невядома які час і восем “хвастоў” — не бяда. Паехаў у горад вучыцца, але на заняткі так і не з’явіўся. Вось і далі хлопцу час падцягнуць усе “хвасты”, пачаць вучыцца як след і наведваць заняткі.
І для навучэнцаў ліцэя В. і Б. пропускі заняткаў без уважлівай прычыны – справа звычайная. Тым больш, што ў поле зроку праваахоўных органаў яны ўжо траплялі.
Перад камісіяй яны абяцалі выправіцца, палепшыць вучобу і знайсці сабе занятак па душы.
Любіш катацца – любі і плаціць
Ні адна камісія не абыходзіцца без разгляду непаўналетніх, якія кіравалі транспартным сродкам, не маючы на гэта права.
Непаўналетні А. вырашыў праехацца па р. п. Рэчыца на аўтамабілі сябра, але няўдала. Таму і стаяў перад членамі камісіі з поўным усведамленнем свайго ўчынку і гатоўнасцю несці пакаранне ў выглядзе штрафу.
А вось навучэнец ліцэя Д. узяўся дапамагчы сябру, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, і сеў за руль яго аўтамабіля, але быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ сёмага студзеня ў 23.30 гадзін. Непаўналетні павінен выплаціць штраф у памеры 5 базавых велічынь, але цікава, ці падзеліцца па-брацку ён са сваім таварышам?
Яшчэ адзін непаўналетні аднаго з сельскіх населеных пунктаў быў затрыманы за кіраванне транспартным сродкам (матацыклам) без шлема, не маючы на гэта права, ды яшчэ і матацыкл не быў зарэгістраваны належным чынам. Імпанавала юнаку толькі тое, што набыў ён гэты двухколы транспартны сродак на самастойна заробленыя летам падчас сезонных работ грошы. Але ні прывабная ўсмешка, ні добрая вучоба, ні станоўчая характарыстака юнака не выратавалі ад пакарання ў памеры пяці базавых велічынь.
Хочацца і зусім
не церпіцца
Што рабіць, калі супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць у нецвярозым стане, ды яшчэ ў той момант, калі ты спраўляў натуральныя патрэбы ў грамадскім месцы? Застаецца толькі сцвяр-джаць, што больш цярпець не мог, як гэта і здарылася з непаўналетнім С. А вынік: агульны кошт ягоных учынкаў склаў 6 базавых велічынь.
Наступны выпадак здарыўся з непаўналетнім К., які выхоўваецца ў мнагадзетнай сям’і, але захацеў заўчасна паспытаць усё хараство дарослага жыцця. Захацелася юнаку выпіць піва, таму і папрасіў незнаёмага чалавека за дадатковую плату (а гэта таксама караецца) набыць 0,5 л жаданага алкагольнага напітку. Спроба не ўвянчалася поспехам, бо трапіў ён у поле зроку міліцыі, а ў якасці пакарання — штраф у памеры 1 базавай велічыні.
Частым госцем на камісіі стаў непаўналетні Н., які вучыцца ў адной са столінскіх школ. Зусім нядаўна юнак паспытаў свае сілы і разваліў агароджу, а цяпер на яго складзены два пратаколы за распіццё алкагольных напіткаў і знаходжанне ў нецвярозым стане, маючы неахайны знешні выгляд.
Непаўналетні выхоўваецца ў сям’і, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Ён мае нізкі пазнавальны інтарэс, але заняткі наведвае. Юнак цікавіцца футболам, таму наведвае адпаведную секцыю ў школе і часта гуляе з сябрамі на спартыўнай пляцоўцы. Праўда, кампанія, у якой ён праводзіць час, аказвае на непаўналетняга негатыўны ўплыў. Мабыць, у гэтым прычына такіх паводзін. Н. абяцаў выправіцца, але штраф усё ж прыйдзецца заплаціць.
Складзены і план мерапрыемстваў, па якім будзе арганізавана работа з непаўналетнім, каб уцягнуць яго ў працу і кантраляваць яго дзейнасць як з боку школы, праваахоўных органаў, так і бацькоў.
Калі няма
ўправы
Перад камісіяй стаяў непаўналетні С., які неаднаразова парушаў грамадскі парадак. У школе не могуць знайсці ўправу, бо сваімі паводзінамі ён зрывае ўрокі, перашкаджае іншым вучням і настаўнікам, а пасля адпаведнай гутаркі з адміністрацыяй школы ці ўчастковым інспектарам працягвае тое ж самае. Школа бяссільная, бацькі таксама не могуць паўплываць на С.: маці не можа з ім справіцца, а з айчымам хлопец падтрымлівае сяброўскія адносіны і не адчувае ўздзеяння. Аўтарытэтам для яго з‘яўляюцца людзі асацыяльных паводзін, ды і сам ён схільны да бадзяжніцтва. На першае месца стала пазіцыя непаўналетняга: “я хачу” – і так павінна быць. Усё гэта ў спалучэнні з агрэсіўнасцю і гіперактыўнасцю стала падмуркам для пастаноўкі пытання пра накіраванне С. у вучэбна-выхаваўчую ўстанову закрытага тыпу.
Людміла
КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *