Матацыкліст, будзь пільным!

Чвэрць ад агульнай колькасці загінуўшых у дарожна-транспартных здарэннях на Століншчыне стала ахвярамі аварый па віне матацыклістаў. Прычым, большасць з іх – непасрэдна кіроўцы двухколых транспартных сродкаў.

Аб аварыях з удзелам мотатранспарту, аб небяспецы матацыклаў і іншым – у нашым інтэрв’ю са старшым дзяржаўтаінспектарам АДАІ Столінскага РАУС Юрыем АПАНОВІЧАМ.

– Юрый Аляксандравіч, у якіх аварыях з удзелам мотатранспарту часцей за ўсё гінулі людзі?

– Аналізуючы такія здарэнні, мы ўстанавілі, што за апошнія пяць гадоў па віне матацыклістаў у раёне загінулі 12 чалавек – 10 вадзіцеляў і два пасажыры. Узрост вадзіцеляў, якія траплялі ў аварыі, – 17-25 гадоў. Не мелі права кіравання транспартным сродкам дзевяць матацыклістаў. Дарожна-транспартныя здарэнні са смяротным вынікам у сямі выпадках адбыліся з прычыны парушэнняў правілаў манеўравання, у чатырох – пры лабавым сутыкненні.

– Матацыклісты, па чыёй віне загінулі людзі, – хто яны?

– Тыповы партрэт вадзіцеля двухколага транспартнага сродку – юнакі і   падлеткі.   Матацыклісты Століншчыны – найменш дысцыплінаваныя ўдзельнікі дарожнага руху. Аб гэтым сведчыць колькасць загінуўшых людзей у ДТЗ па віне матацыклістаў, шматколькасныя факты парушэнняў правілаў дарожнага руху з іх боку, а таксама праводзімыя маніторынгі. Таксама мы назіраем і часта адзначаем выпадкі агрэсіўных паводзін матацыклістаў, якія катэгарычна ігнаравалі патрабаванні правілаў, правакавалі супрацоўнікаў ДАІ.

– Юрый Аляксандравіч, якія месцы на карце раёна часцей “адзначаюцца” матацыклістамі?

– Найбольш людзей загінула  на аўтадарогах “Жыткавічы – Давыд-Гарадок – граніца Украіны”, “Вялікае Малешава – Рамель – Альшаны”. Калі казаць аб часе здарэнняў – жнівень і лістапад. Найбольш аварыйныя дні тыдня – чацвер, пятніца і нядзеля ў перыяд з 16 гадзін да поўначы.

Часцей за ўсё аварыі адбываюцца падчас выканання левага павароту на перакрыжаванні ці яго праезду без змянення накірунку руху.  Прычыны аварый – ігнараванне патрабаванняў дарожных знакаў, праезд на забараняючы сігнал светлафора, выкананне манеўраў без папярэджання.

– Юрый Аляксандравіч, чаму вадзіцеляў двухколых транспартных сродкаў называюць найменш абароненымі ўдзельнікамі дарожнага руху?

– Яны цалкам не абаронены ад уздзеяння знешніх фактараў. Бачнасць мотатранспарту на дарогах абмежавана, невялікія габарытныя памеры, адсутнасць кузава ў параўнанні з аўтамабілем. Ды і аўтамабілісты часта не прымаюць іх да ўвагі пры ацэнцы дарожнай сітуацыі і не пакідаюць ім дастатковага месца на дарозе. Рызыка загінуць у выніку ДТЗ у матацыклістаў у 16 разоў перавышае рызыку гібелі і траўмавання вадзіцеляў і пасажыраў аўтамабіляў.

– Што ўплывае на цяжкасць наступстваў у ДТЗ?

– Не ўсе матацыклісты і пасажыры ездзяць у моташлемах. Вельмі часта вадзіцель не мае вадзіцельскага пасведчання. Таксама частыя выпадкі, калі на двухколым транспартным сродку знаходзіцца людзей больш, чым дазволена. Трэба таксама памятаць, што ўзрост пасажыра павінен быць не менш за 12 гадоў.

Вадзіцель любога двухколага транспартнага сродку павінен для сваёй бяспекі прагназаваць сітуацыю на дарозе. Акрамя таго, трэба заўсёды быць асцярожным і па неабходнасці апранаць яркую святлоадбівальную камізэльку.

– Дзякуй за размову!

Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *