Карміць людзей. Што можа быць лепшым?

У гэтыя дні галоўны аграном сельскагаспадарчага кааператыва “Беражное” Мікалай Уладзіміравіч Мінкевіч сустракае сваё шасцідзесяцігоддзе. Добра ведаючы гэтага чалавека на працягу больш за чвэрць стагоддзя, я з упэўненасцю сцвярджаю, што дзякуючы іменна такім заўзятым хлебаробам, адданым роднай зямлі, мы маем неабходнае на стале і да стала.

З Мікалаем Уладзіміравічам даводзілася сустракацца пры розных абставінах, але чамусьці ў памяці больш засталіся эпізоды з палёў. Вось і ў час гэтай сустрэчы, калі дамовіліся сфатаграфаваць юбіляра, мы неяк нечакана апынуліся на азімым палетку, дзе насуперак каляндарнаму лютаму жыва зелянела жыта. Цягнула яго заўжды поле і тое, што на ім расло.

Адбіліся ў памяці нашы сустрэчы на полі, дзе першымі ў раёне ўбіралі яравы ячмень, на пасевах, якія з дапамогай авіяцыі сілкавалі мінеральнымі ўгнаеннямі. У розныя гады мы разам з ім “садзілі і ўбіралі” бульбу, радаваліся добраму ўраджаю свірэпы. І кожны раз выдавалася нейкая слушная падстава паехаць іменна ў гэтую гаспадарку, дакладна – да галоўнага агранома. Тут было чаму павучыцца, што пераняць.

Да будучай прафесіі Мікалай зрабіў першы ўпэўнены крок пасля заканчэння Беражноўскай сярэдняй школы, паступіўшы на вучобу ў Смальянскі саўгас-тэхнікум.  Закончыў  яго  з адзнакай. Маладога спецыяліста ў Беражным, як у тыя гады і было прынята там, дзе кіраваў гаспадаркай знакаміты Яфім Пятровіч Сагановіч, адразу кінулі на выпрабаванне практыкай. Юнак займаўся работай разам з начальнікам вытворчага ўчастка, дзе кіраўніком была Алена Данілаўна Пышняк. З’яўляючыся памочнікам гэтай актыўнай па жыцці жанчыны, умелага кіраўніка і арганізатара, Мікалай Уладзіміравіч навучыўся многаму карыснаму для далейшай работы. Яшчэ адной  надзейнай жыццёвай школай стала служба на Балтыйскім флоце.

На сабе Мікалай Мінкевіч і сёння адчувае справядлівасць меркавання пра тое, што трэба імкнуцца ўсё ўмець, а не ўсё рабіць. Здаралася яму пасля тэхнікума быць і грузчыкам, і абрэзчыкам дрэў у калгасным садзе. Зносінам з людзьмі навучаўся, калі быў сакратаром камсамольскай арганізацыі, інструктарам па спорце ў роднай гаспадарцы. На шляху да пасады галоўнага агранома ўзначальваў вытворчы ўчастак, быў намеснікам старшыні праўлення суседняга калгаса ў Рублі.

Жаданне працаваць на зямлі больш эфектыўна, валодаць сакрэтамі земляроба на ўзроўні перадавых дасягненняў паклікала яго на далейшую вучобу. Без адрыву ад вытворчасці закончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут.

Што ў прафесіі спецыяліста раслінаводства самае важнае? Чым адрозніваюцца падыходы да вырошчвання ўраджаю цяпер ад тых, якім вучыўся на першых кроках работы на зямлі?

Мікалай Уладзіміравіч без хістанняў сцвярджае:

– Заўжды прыярытэтам было захаванне тэхналогіі ва ўсім. Не будзе поспеху, калі не звяртаць увагі на глыбіню загортвання насення, не ўносіць патрэбную колькасць угнаенняў, спазняцца, памыляцца з тэрмінамі сяўбы і догляду пасеваў.

Звяртаючыся да вынікаў работы гаспадаркі ў раслінаводстве ў апошнія гады, цікаўлюся тым, што ўдалося дасягнуць, а ў чым ёсць недапрацоўкі?

Не без гонару галоўны аграном расказвае пра вырошчванне кукурузы на насенне. Тут на працягу апошніх дзесяці гадоў дасканала адпрацавана тэхналогія вырошчвання гэтай культуры. Толькі сёлета на дапрацоўку ў Івацэвічы адпраўлена каля 800 тон кукурузных катахоў, з якіх атрымаецца каля 400 тон насення.

– Якая яшчэ культура прыносіць па 10 мільёнаў рублёў на кожным гектары, – канстатуе аграном.

На працягу многіх гадоў высокарэнтабельнымі для гаспадаркі з’яўляліся і бульба, рапс, збожжавыя, а таксама садавіна і ягады. З часам становіцца нявыгадным займацца той жа бульбай.

Першае, што ўплывае на вынікі пры вырошчванні той жа бульбы, — ужо дзесяцігоддзе назіраецца паніжэнне ўзроўню грунтовых вод. Праведзеная некалі меліярацыя, на жаль, не прывяла да двухбаковага рэгулявання воднага рэжыму на асвоеных землях. Гэта трэба ўлічыць пры далейшых культурна-тэхнічных работах, якія прадугледжваецца весці ў ваколіцах Магільнага і Ястрабля.

Мікалай Уладзіміравіч добра ведае кожны кавалачак зямлі ў роднай гаспадарцы. Ён вучоны аграном не толькі згодна з атрыманым у навучальнай установе дыпломам. Дакладна расказвае, дзе што лепш пасеяць, як атрымаць вышэйшы ўраджай.  Са   шкадаваннем  адзначае, што стала складана забяспечваць раслінаводства ўсім неабходным. Нават дастатковую колькасць арганічных угнаенняў з фермаў  не ўдаецца даставіць на палі, бо не хапае сродкаў на гэта. Парадокс узнік нават з набыццём насення кукурузы – не хапае грошай на дзве тоны насення пры тым, што з гаспадаркі пастаўлена 400 тон яго…

 Пры ўсіх складанасцях Мікалай Уладзіміравіч, праяўляючы добрыя арганізатарскія здольнасці, змяншае іх негатыўны ўплыў на вынікі работы. Ён на сваім месцы.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *