КАМЕНТАРЫЙ СПЕЦЫЯЛІСТА: Назапашаны патэнцыял – эфектыўна выкарыстаць

Мінулы год склаўся неспрыяльным для раслінаводства. Маласнежная зіма, недахоп веснавой вільгаці, працяглая засуха ў летні перыяд адмоўна адбіліся на фарміраванні паўнацэннага ўраджаю сельскагаспадарчых культур. Адбыліся гібель і пашкоджанне каля 17 працэнтаў збожжавых культур.

Але пры гэтым раслінаводства раёна дастойна вытрымала выпрабаванні прыроды. У параўнанні з пачаткам пяцігодкі вытворчасць збожжавых культур павялічылася на 10 працэнтаў, бульбы – у 1,4 раза.  Упершыню за апошнія 28 гадоў атрыманы валавы збор збожжавых больш за 85 тысяч тон.

Што ўдалося супрацьпаставіць неспрыяльным умовам надвор’я, на чым у раёне страцілі, дзе недабралі? Пра гэта наша размова з намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Лявонціем Мікалаевічам ЛЯШКЕВІЧАМ.

– Яшчэ з мінулай зімы, а затым і вясною было многа  песімістычных прагнозаў наконт лёсу ўраджаю. Але ў многіх гаспадарках не адступілі рэзка ад заваяваных годам раней пазіцый. Чым гэта можна растлумачыць?

– Сапраўды, насуперак складанасцям, хлебаробы ААТ “Палеская ніва” атрымалі з кожнага гектара ў сярэднім па 52 цэнтнеры збожжавых. А ўраджайнасць збожжавых больш за 40 цэнтнераў з кожнага гектара атрымалі пяць гаспадарак. З прыведзенай табліцы вынікаў работы ў раслінаводстве відаць, што  ў  вырошчванні асобных культур збожжавых па пэўных гаспадарках атрыманы рэкордныя ўраджаі. Гэта вынік дасканалай тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур. З другога боку, недабор ураджаю ў многіх распадарках тлумачыцца якраз недастатковай увагай да строгага выканання ўсіх агратэхнічных прыёмаў. Моцна прайгралі там, дзе  спазніліся з падрыхтоўкай глебы і самой сяўбою  збажыны.  Адбіліся на выніках работы і якасць насення, угнойванне глебы, догляд пасеваў.

– Што можна сказаць канкрэтна пра ўмацаванне ўрадлівасці глебы?

– На жаль, у многіх гаспадарках не назіралася дастатковага клопату пра сілкаванне зямлі ўгнаеннямі. Асабліва гэта тычыцца мінеральных угнаенняў. Пад ураджай 2015 года ўнесены 91 працэнт мінеральных угнаенняў ад аб’ёму папярэдняга года і значна менш ад патрэбнасці. Прымяненне фосфарных угнаенняў пад ворыва зніжана за год на 49 працэнтаў, азоту – на два працэнты, калію – на 10 працэнтаў. Менш за ўсіх прымянілі мінеральныя ўгнаенні ў комплексе ў ААТ “Церабяжоў-Агра”, КСУП “Беражное”, “Дубайскі”, “Варані”, “Прыпяць-2009”, “Рухчанскі”, “Прыгарынскі-2012”, “Рубельскі”, “Новая Прыпяць”. Арганічных угнаенняў у сярэднім па раёне як на сельгасугоддзі, так і пад ворыва ўнесена больш, чым у папярэднім годзе. Але пры гэтым знізілі дозы прымянення арганікі ў КСУП “Беражное”, “Рухчанскі”, “Веляміцкі”, ААТ “Кароцічы” і КУВП “Манькавічы”. Горш таго, сем гаспадарак на працягу апошніх пяці гадоў працуюць з адмоўным балансам гумусу. Гэта – ААТ “Церабяжоў-Агра”, КСУП “Беражное”, “Дубайскі”, “Прыпяць-2009”, “Рухчанскі”, “Прыгарынскі-2012” і “Лядзецкі”.

– Чым сеялі пад ураджай мінулага года?

—        Сяўба азімых і яравых збожжавых пад ураджай 2015 года праведзена насеннем не ніжэй за другую рэпрадукцыю. Арыгінальным і элітным насеннем засеяна 16,9 працэнта плошчаў, першай рэпрадукцыі – 39,8 працэнта, другой – 43,3 працэнта. Высокімі рэпрадукцыямі насення пасеялі азімыя культуры ў КСУП “Прыпяць-2009”, СВК “Фядорскі”, ААТ “Палеская ніва”, “Новая Прыпяць”. Больш за 80 працэнтаў насення другой рэпрадукцыі выкарысталі ў КСУП “Дубайскі”, “Струга”, “Відзіборскі”, “Лядзецкі”, ААТ “Церабяжоў-Агра”.

– Што рабілася, каб абараніць расліны ад пустазелля, хвароб і шкоднікаў?

– Восенню 2014 года хімпраполка была праведзена на 59 працэнтах пасеваў, вясною – на 88 працэнтах тых пасеваў, якія не прапалолі восенню. У КСУП “Беражное” хімпраполку пасеваў выканалі на 37 працэнтаў, КСУП “Струга” – на 21 працэнт, КСУП “АграГлінка” – на 42 працэнты, ААТ “Церабяжоў-Агра” – на 23 працэнты. На яравых культурах хімпраполка наладжана больш дзейсна. Але тут праяўляюцца іншыя хібы. З-за фінансавых цяжкасцяў у асобных гаспадарках губляюцца тэрміны апрацоўкі пасеваў, таму гербіцыды не дзейнічаюць на пераросшае пустазелле. Так адбывалася летась у КСУП “Беражное”, “Дубайскі”, “Варані”, “АграГлінка”, “Прыпяць-2009”, “Прыгарынскі-2012”, “Палессе АВМ”, “Лядзецкі”.  Са спазненнем правялі хімпраполку бульбы ў КСУП “Беражное” і “Веляміцкі”, цукровых буракоў – у КСУП “Дубайскі”, “Рубельскі”, ААТ “Новая Прыпяць”.

– У прыведзеных фактах і лічбах мы бачым яскравыя адказы на важнае пытанне: чаму ў асобных гаспадарках недабралі жаданы ўраджай? З году ў год у такой жа колькасці сельгасарганізацый не могуць гарантаваць і нарыхтоўку неабходнай колькасці кармоў, у прыватнасці, травяністых. Чым тлумачыцца гэта?

– Зразумела, што і для кормавытворчасці мінулы год быў складаным. Аб’ём нарыхтоўкі травяністых кармоў знізіўся да папярэдняга года на 5,4 працэнта, або на сем тысяч тон кармавых адзінак. А жывёлы стала ўтрымлівацца больш. Самае большае адставанне ў вытворчасці травяністых кармоў дапусцілі ў КУВП “Манькавічы”, ААТ “Лядзецкі”, КСУП “Рухчанскі”, дзе нарыхтавалі адпаведна па 11,7; 14,6; 15,7 цэнтнера кармавых адзінак. Каб мінімізаваць праблему, у раёне больш за 2,5 тысячы гектараў збожжавых культур было пераведзена са збожжавай групы ў кармавую, за кошт гэтага нарыхтавана 25 тысяч тон збожжасенажу. Каля чатырох тысяч гектараў кукурузы, якія планавалася выкарыстаць на збожжа, былі пераведзены ў кармавую групу і ўбраны на сілас. Акрамя таго сіласавалі салому, выкарысталі дадатковыя крыніцы кармоў – бураковыя жамерыны, шрот, патаку, брагу.

– А што можна зрабіць, трэба зрабіць, каб у далейшым не ісці на такія надзвычайныя меры?

– У многіх гаспадарках на нізкім узроўні вядзецца насенняводства траў. Са станоўчага боку ў гэтай справе адзначу СВК “Фядорскі”, дзе насеннікі траў убраны на 64 гектарах, намалочана 32,2 тоны насення, у тым ліку чатыры віды злакавых траў, два гатункі лугавой канюшыны. Зусім не маюць насеннікаў шматгадовых траў у КСУП “Струга”, “Відзіборскі”, “Прыгарынскі-2012”, ААТ “Кароцічы”, “Церабяжоў-Агра”. У мінулым годзе па раёне былі закладзены 534 гектары насеннікаў шматгадовых траў. Але ніводнага гектара не прыбавілася ў КСУП “Веляміцкі”, ААТ “Палессе АВМ”, ААТ “Кароцічы”. Яшчэ адзін нявыкарыстаны важны рэзерв умацавання кармавой базы – перазалужэнне. Пры плане перазалужэння на пяць гадоў 17 тысяч гектараў сельгасарганізацыямі раёна работа выканана на 94 працэнты. У  КСУП “Відзіборскі” – на 53,7 працэнта, “Дубайскі” – 59,1 працэнта, ААТ  “Палеская ніва” – 69,5 працэнта. Для некаторых гаспадарак неабходнасць шырока ўкараняць пасевы люцэрны не выклікае энтузіязму.  А вопыт СВК “Фядорскі”, дзе маюць больш за 600 гектараў гэтай каштоўнай кармавой культуры, пераконвае, што без збалансавання рацыёнаў люцэрнай у жывёлагадоўлі поспехаў дасягнуць цяпер нельга.

– Што трэба зрабіць у раслінаводстве на перспектыву?

– Для забеспячэння аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі раслінаводства ў 2016 годзе сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна перагледжана і аптымізавана структура пасяўных плошчаў. Будуць павялічаны плошчы пасеваў кукурузы да 17 тысяч гектараў, люцэрны – да 1,5 тысячы гектараў, зернебабовых на збожжа – да двух тысяч гектараў. Да трох тысяч гектараў збожжавых мяркуецца ўбіраць на збожжасянаж. Плошчы паўторных, пажніўных культур плануецца давесці да пяці тысяч гектараў. Для гэтага многае зроблена. Азімыя збожжавыя культуры пасеяны на плошчы больш за 20 тысяч гектараў, што складае 106 працэнтаў да папярэдняга года. Пад яравыя культуры ўзарана 16 тысяч гектараў глебы. Падрыхтавана насенне збожжавых культур. Вядзецца нарыхтоўка, вывазка і ўнясенне арганічных угнаенняў. Іх нарыхтавана 432 тоны, вывезена 364 тоны. Назапашана 3973 тоны дзеючага рэчыва мінеральных угнаенняў. Усю падрыхтоўку да веснавых палявых работ важна актывізаваць, улічыць мінулагоднія памылкі, максімальна задзейнічаць назапашаны патэнцыял, каб потым не шукаць прычын недабору ўраджаю.

 Гутарыў

Фёдар ШУМКО 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *