Гатовы на ўсё… дзеля выпіўкі

Дзіву даюся, на што толькі чалавек ні гатовы дзеля жадання выпіць! Пайсці на крымінальную справу, нанесці цялесныя пашкоджанні чалавеку, трапіць на некаторы час у месца не надта ўтульнае і прыветнае…

Жыхар в. Вулька-Арая К., 1976 года нараджэння, раніцай аднаго дня ў нецвярозым выглядзе накіраваўся ва ўніверсам “Родны кут” г. Століна па вуліцы Церашковай з адной мэтай – скрасці адтуль алкагольны напітак. Пасля непрацяглай прагулкі па гандлёвым аб’екце прыхапіў з сабой дзве бутэлькі гарэлкі “Беларусачка”. Схаваў іх пад адзенне і накіраваўся да выхаду. Але мара на халяву атрымаць спіртное не ажыццявілася.

Спрацавала сігналізацыя кантролю, на К. звярнулі ўвагу работнікі ўніверсама. Падышоўшы, знайшлі і забралі адну бутэльку гарэлкі.

Незадачлівы злодзей вырашыў уцякаць з яшчэ адной “Беларусачкай”, вырваўся ад прадаўцоў і выбег з магазіна. Азірнуўшыся, мужчына ўбачыў, што работніцы даганяюць яго з патрабаваннямі спыніцца. Калі павярнуў за “Родны кут”, адна з прадаўшчыц паспрабавала яго ўтрымаць, схапіўшы за рукаў курткі.

К. з сілай штурхнуў яе, пасля чаго жанчына ўпала на дол. А ў злодзея праз колькі метраў выпала другая бутэлька гарэлкі. Абвінавачваемы быў затрыманы.

Не так даўно адбыўся суд на чале з суддзёю А. А. Пракапчуком пры ўдзеле дзяржаўнага абвінаваўцы Д. М. Харашуна.

Жыхар в. Вулька-Арая прызнаны вінаватым у замаху на адкрытае выкраданне маёмасці (грабеж), злучаны з гвалтам, небяспечным для жыцця і здароўя пацярпеўшага па ч. 1 арт. 14 ч. 2 арт. 206 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе арышту на два месяцы.

Акрамя гэтага, на падставе часткі 1 артыкула 107 Крымінальнага кодэкса вырашана прымяніць у адносінах да абвінавачваемага прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

Поўная залежнасць ад “зялёнага змія” штурхае чалавека на ўчынкі, якія цяжка зразумець і растлумачыць. Магчыма, лячэнне дапаможа герою гісторыі справіцца з гэтай цяжкай хваробай.

Аліна НОВІКАВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *