«Дзеці Эйнштэйна» на Століншчыне

З 26 па 29 студзеня дэлегацыя Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максама Танка з 29 чалавек  наведала Століншчыну ў межах  51-га Зорнага паходу, прысвечанага Году культуры.

У склад дэлегацыі ўвайшлі выкладчыкі  вышэйшай навучальнай установы, студэнты 1-5 курса фізіка-матэматычнага факультэта  “Дзеці Эйнштэйна”, выпускнікі і маладыя настаўнікі, якія праявілі сваю  ініцыятыву і накіраваліся на Палессе.

Першым прыпынкам “Дзяцей Эйнштэйна” стаў Столінскі аграрна-эканамічны каледж, дзе яны сустрэліся з навучэнцамі дадзенай установы і выступілі  з канцэртнай праграмай. Са словамі падзякі да гасцей звярнуўся начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Мікалаевіч Вячорка. А пасля госці  наведалі “Аквамарын”.

Удзельнікі Зорнага паходу  сустрэліся са старшакласнікамі звыш 15 устаноў адукацыі, выступілі з прафарыентацыйнымі канцэртнымі праграмамі, наведалі Цэнтр драўлянай скульптуры І. П. Супрунчыка,  музей сярэдняй школы № 2 г. Давыд-Гарадка, Столінскі краязнаўчы музей,  наведалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Чыкуновіча Аляксандра Раманавіча, у  “Аквамарыне” правялі таварыскую сустрэчу  па валейболе з ветэранамі спорту раёна, усклалі кветкі ля помніка воінам-вызваліцелям у  г. Століне  і  ва ўрочышчы Стасіна.

Сустрэчы ва ўстановах адукацыі былі насычаны трэнінгавымі праграмамі  і майстар-класамі.

 29 студзеня ў гарадскім Доме культуры ўдзельнікі паходу правялі свой заключны канцэрт   для вучняў старэйшых класаў г. Століна,  р. п. Рэчыца, Стругі, Белавушы і  Церабяжова.  Усё было прадумана да дробязяў, і выглядала так ярка, незвычайна і цікава,  што,  пэўна,  яшчэ  не раз  усплыве ў памяці абітурыентаў, якія па-іншаму паглядзелі на Аlma Mater студэнтаў фізіка-матэматычнага факультэта, якія  пераадолелі сотні кіламетраў і цяпер з гонарам  і любоўю гаварылі пра  перавагі вышэйшай навучальнай установы са сцэны.  Разнапланавыя творчыя нумары харызматычных, упэўненых у  сабе і вясёлых маладых людзей запалілі ў сэрцах заўтрашніх выпускнікоў агеньчыкі прадстаўленай магчымасці па-іншаму паглядзець на прафесію настаўніка, на тое, якім ён можа быць – малады настаўнік і выпускнік БДПУ імя Максіма Танка. “Дзеці Эйнштэйна” на адным дыханні правялі прафарыентацыйны блок з падарункамі: ручкі, буклеты, фірменныя кубкі з лагатыпам установы, перыядычны ўніверсітэцкі друк і выкарыстанне сімволікі ў спалучэнні з талентам студэнтаў, якія танцавалі, спявалі, паказвалі свае акцёрскае майстэрства і пазітыўны настрой, які спалучаўся з сапраўдным камандным духам і гумарам  прадстаўнікоў зборнай каманды КВЗ “Лепшыя сябры”, проста зачаравалі гледачоў.

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Антонаўна Ардашэўская падзякавала гасцям за такі  вельмі прыемны візіт, за тую значную работу, якая была праведзена ў школах раёна, за  той пазітыў, які прывезлі з сабою госці. Яна ад імя старшыні райвыканкама Рыгора Васільевіча Пратасавіцкага ўручыла віншавальны адрас, а  лепшаму гульцу – кубак за перамогу, якую атрымала каманда БДПУ падчас  таварыскай сустрэчы з ветэранамі спорту раёна. Кожны ўдзельнік 51-га Зорнага паходу атрымаў невялічкі сувенір на памяць пра наведванне Століншчыны.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *