Да дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў: Салдатам неаб’яўленай вайны

У дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў ля памятнага знака «Салдатам неаб”яўленай вайны» ў Століне прайшоў мітынг па ўшанаванні памяці загінуўшых воінаў. Першымі ўсклалі кветкі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Столінскай РА ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Аляксандр Мікалаевіч Ярашэвіч і старшыня райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі (фота Аляксандра НІКІФАРЭНКІ).

У чарговую гадавіну Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў — 15 лютага – па традыцыі прадстаўнікі раённай улады ў асобе старшыні райвыканкама Рыгора Васільевіча Пратасавіцкага і намесніка старшыні Сяргея Фёдаравіча Сідарэвіча, ваеннага камісара Столінскага раёна Уладзіміра Мікалаевіча Семянюка, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Валянціны Мікалаеўны Харавец, а таксама прадстаўнікі сельвыканкамаў пабывалі на месцах воінскіх пахаванняў маладых хлопцаў-воінаў, што загінулі ў неаб’яўленай вайне ў Афганістане, – Анатоля Васільевіча Банета ў Дубаі, Леаніда Васільевіча Уродніча ў Хорску, Мікалая Пятровіча Драпея ў Сямігосцічах, Міхаіла Іванавіча Лемязы ў Альшанах.
Памяць загінуўшых землякоў была ўшанавана хвілінай маўчання. Да магіл воінаў-інтэрнацыяналістаў былі ўскладзены кветкі.
Адбыліся таксама сустрэчы з бацькамі, роднымі людзьмі загінуўшых салдат, ім уручылі грашовую дапамогу, пацікавіліся тым, з якімі праблемамі сутыкаюцца яны.
Мы заўсёды будзем памятаць пра тых, хто загінуў у Афганістане, падзяляем боль іх родных і блізкіх. Іх імёны ўвекавечаны на нашай зямлі, яны служаць прыкладам воінскай доблесці і гераізму для цяперашніх і будучых пакаленняў. І нягледзячы на тое, што ў гістарычных рамках вайна ў Афганістане даўно скончылася, імёны яе герояў, воінаў, якія засталіся вернымі воінскай прысязе і паклалі свае галовы, працягваюць жыць у памяці народа.
Людміла КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *