Да абароны Радзімы гатовы!

23 лютага ў Столінскай дзяржаўнай гімназіі прайшло раённае спартыўна-масавае мерапрыемства ў межах рэспубліканскай акцыі “Да абароны Радзімы гатовы!”. У спаборніцтвах прынялі ўдзел пяць каманд юнакоў сярэдніх школ г. Століна і р. п. Рэчыца.

Павіншаваць юнакоў з Днём абаронцаў Радзімы прыйшоў галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Андрэй Аляксандравіч Дамашчук, які і адкрыў спартыўнае свята. Першы сакратар Столінскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Вадзім Васільевіч Заруба звярнуўся  да  ўдзельнікаў  мерапрыемства з віншаваннямі і патлумачыў, што  рэспубліканская акцыя БРСМ і БРПА «Да абароны Айчыны гатовы!»   накіравана на фарміраванне патрыятычных пачуццяў у моладзі, а таксама прапаганду вайсковай службы.

На мерапрыемстве прысутнічалі і прадстаўнікі аддзела пагранічнай службы “Рэчыца”. Намеснік начальніка мабільнай заставы па ідэалагічнай рабоце старшы лейтэнант Павел Валер’евіч Кавалюк прывітаў юнакоў і адзначыў, што абарона ў наш час  павінна быць не са зброяй у руках, а гэта ў першую чаргу наяўнасць унутранага стрыжня, самаарганізацыі, гатоўнасці ў любы момант адклікнуцца на просьбу дапамагчы, падтрымаць.

Прадстаўнікі пагранічнай службы наглядна паказалі, з чаго складаецца сучаснае абмундзіраванне пагранічніка. Дэманстрацыя разборкі-зборкі аўтамата Калашнікава і пісталета Макарава Паўлам Валер’евічам зацікавіла ўсіх без выключэння. Укласціся ў нарматыў   паспрабавалі самыя смелыя юнакі.

Галоўным суддзёю мерапрыемства быў прызначаны кіраўнік фізічнага выхавання Столінскай дзяржаўнай гімназіі Васіль Міхайлавіч Тарчыла. Спаборніцтвы складаліся з 10 конкурсаў: “Перадача эстафетнай палачкі”, “Астравок” (перамяшчэнне з двума абручамі), “Скачкі з мячом”, “Перанос трох мячоў”,  “Боўлінг”, “Конкурс капітанаў”, “Хакей”, “Перанос мячыка тэніснай ракеткай”, “Пераадоленне дыстанцыі на адной лыжы” і “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”. Для ўдзельнікаў мерапрыемства гучалі песні і флэшмоб у выкананні вучняў Столінскай дзяржаўнай гімназіі.

Вызначыць пераможцаў узялося кампетэнтнае журы ў складзе галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму Алены Мікалаеўны Максімовіч, першага сакратара РК ГА “БРСМ” Вадзіма Васільевіча Зарубы, намесніка начальніка  мабільнай  заставы  па  ідэалагічнай рабоце Паўла Валер’евіча Кавалюка, галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму Святланы Аляксееўны Ярмоліч,  педагога-арганізатара Столінскай дзяржаўнай гімназіі Ірыны Рыгораўны Жалянгоўскай.

У выніку напружаных змаганняў  каманды СШ № 2 г. Століна і    СШ  № 3   г.  Століна  ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму за актыўны ўдзел у спаборніцтвах. Каманды-пераможцы – сярэдняя школа № 3 р. п. Рэчыца (3-е месца),  СШ № 2 р. п. Рэчыца і Столінская   дзяржаўная  гімназія  (1-е месца)  –  узнагароджаны  граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму, а таксама  памятнымі падарункамі РК ГА “БРСМ”.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *