21 лютага – Дзень работнікаў землеўпарадкавання і картографа-геадэзічнай службы

Дзмітрый Мікалаевіч Канапліцкі – рэгістратар Давыд-Гарадоцкага бюро Пінскага філіяла рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру”, якое людзі звычайна называюць “БТІ”.

І спяшаюцца ў гэты “славуты” кабінет, каб атрымаць пасведчанне аб рэгістрацыі сваіх участкаў і дамоў, ды і не толькі. Бо без гэтага дакумента нельга аформіць ні адну здзелку і не будзе сапраўдны ні адзін дагавор.

А іх у мінулым годзе было аформлена 3580. Таму рэгістратар нерухомасці павінен дасканала ведаць нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць дзейнасць у галіне дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, і вялікі шэраг іншых заканадаўчых актаў.

 Таму памыляюцца тыя кліенты, што прыходзяць са словамі: “Мне проста пячатку паставіць”.

Давыд-Гарадоцкае бюро абслугоўвае самыя густанаселеныя сельскія Саветы раёна: Альшанскі, Вялікамалешаўскі, Рубельскі, Веляміцкі, Харомскі, Рамельскі, а яшчэ Давыд-Гарадоцкі гарадскі Савет. Толькі ў Альшанах будуецца штогод некалькі дзясяткаў дамоў. Не адстаюць у будаўніцтве Рубель, Вялікае Малешава, Сямігосцічы, Альгомель.

Людзі таксама бываюць розныя. Хтосьці адразу разумее сутнасць справы, а камусьці некалькі разоў тлумачыць трэба. Таму Дзмітрый Мікалаевіч сярод галоўных якасцяў, неабходных у сваёй справе, называе цярпенне і вытрымку. Асабліва, калі за дзвярыма твайго кабінета стаіць чарга з 20 чалавек. А менавіта так было, калі ў раёне праходзіла газіфікацыя. Справа ў тым, што без тэхнічнага пашпарта на дом нельга было падключыць газ. Вось і пачалі тады афармляць свае харомы людзі, і працаваць рэгістратару даводзілася далёка не па графіку. Ды і звычка ўсё рабіць у апошні момант уласціва некаторым грамадзянам. Таму даўно не здзіўляецца рэгістратар чэргам У снежні і нават перад самым Новым годам.

Але на сваёй рабоце Дзмітрый Мікалаевіч адчувае сябе як рыба ў вадзе. Перайшоў сюды ў верасні 2004 года, а дагэтуль працаваў бухгалтарам-рэвізорам у райспажыўтаварыстве. Успамінае свайго настаўніка ў гэтай справе Анатоля Аляксандравіча Ляшкевіча, які дапамагаў асвойваць азы прафесіі.

З Дзмітрыем Мікалаевічам сёння ў бюро працуюць тры прыгожыя жанчыны. Наталля Генадзьеўна Кецька і Марына Леанідаўна Харашун – інжынеры, займаюцца абмерам усіх пабудоў на ўчастку. Тэхнік Ірына Васільеўна Кулага адказвае за архіў, а гэта таксама вялікі аб’ём работы, бо ў бюро, каб выдаць пасведчанне аб рэгістрацыі таго ж дома, трэба ведаць каму і калі ён належаў у той ці іншы перыяд.

Яшчэ адным звяном у  механізме землеўпарадкавання і картографа-геадэзічнай службы з’яўляюцца работнікі Пінскага філіяла УП “Праектны інстытут “Белгіпразем”, якія складаюць сучасныя карты на зямлю і іх паслугамі часта карыстаюцца жыхары  раёна.

Ганна Мельнік

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *