15 лютага — дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Валянцін Кузьміч Краўцоў – адзін з пяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія жывуць у аграгарадку Вялікае Малешава. Цудоўны сем’янін, добразычлівы чалавек, дбайны гаспадар – так характарызуюць яго знаёмыя. Жыве звычайным жыццём, працуе качагарам, трымае гаспадарку. Але часам, бывае, усплываюць у памяці падзеі вайны ў Афганістане, удзельнікам якой ён быў. І якую ніколі ўжо не забудзе…

– Чэсна сказаць, толькі перад дэмбелем страшна было паміраць, калі ўжо дамоў трэба ехаць, — успамінае Валянцін Кузьміч. – А як адразу трапілі на вайну, неяк аб гэтым не задумваліся. Маладыя, толькі па 18 гадоў споўнілася, не разумелі, што нас чакае. І толькі тады, калі кулі ляцяць градам, калі ўзрывы побач  і калі гінуць твае таварышы, з якімі ты ўчора разам чай піў, разумееш: якое ж пекла гэтая вайна!

Валянцін Кузьміч замаўкае. У думках з’яўляецца далёкая краіна і кастрычнік 1986 года. Што едзе на чужую вайну, ён зразумеў, калі ў Мінску штодзень пачалі рабіць прывіўкі. Ды і яшчэ ў Столінскім ваенкамаце прачытаў на дакументах: годны да ўдзелу ў ваенных аперацыях. Як ваяваць, пазнавалі ў вучэбцы ў Грозным, дзе бачыў многа землякоў. Маладыя хлопцы былі з Хорска, Дубая, Рубля. Потым яны ўсе былі размеркаваны ў розныя вайсковыя часці. Валянцін нёс службу  ў  аўтамабільных войсках у Баграме, дзе ў годы Афганскай вайны знаходзіўся буйнейшы аэрапорт і ваенна-паветраная база СССР. Там жа апынуўся яго саслужывец Васіль Вабішчэвіч з Сямігосціч, а яшчэ Аляксандр Бычыла з-пад Пінска, з якімі і дагэтуль не згубіў сувязі.

Ёсць такое выказванне: на вайне адзін вораг – смерць. А сустракацца з  ёй  даводзілася кожны дзень. Яна, як тая зараза, чаплялася з кожным крокам. Рота, якую перавозіў Валянцін спачатку на ЗІЛе, потым на БТР, трапляла пад масіўныя абстрэлы. Верным сябрам стала ружжо, якое было ў кабіне машыны. Яно не падводзіла.

– Ты забіваеш, каб не забілі цябе. Марудзіць нельга, — тлумачыць жудаснае правіла вайны Валянцін Кузьміч. – Ведаеце, у такія моманты ты пачынаеш верыць у Бога яшчэ больш, верыць у малітвы маці. Бо больш на вайне верыць няма ў што. На маіх вачах тры салдаты  з  Мінска,  Хмяльніцка і Казані цудам пазбеглі смерці. Калі яны выйшлі з бліндажа, раздаўся ўзрыў. Лічаныя секунды, і з імі мы  ўжо  развітваліся б.  Але дома ж чакаюць жывым…

Як і чакалі Валянціна. Калі даведаліся, дзе ён служыць, ніводнага дня маці не пераставала маліць Бога аб вяртанні сына дадому. Сам жа ён больш за паўгода не прызнаваўся, у якім месцы знаходзіцца: хацеў зберагчы сваіх родных ад перажыванняў. Лісты дамоў ад салдата прыходзілі з… Чэхаславакіі, бо на палявой пошце значыўся толькі нумар ваеннай часці. Але сястра, якая працавала паштальёнам, адчула падман. Горада Баграм не знайшлі на карце Чэхаславакіі, тэлефонны званок у ваенкамат пацвердзіў такую дрэнную здагадку. І ручаём паліліся слёзы маці, якая, здаецца, яшчэ больш пасівела за тыя два гады службы.

Калі, нарэшце, настаў час вяртацца, радавы салдат Валянцін Краўцоў разам з сябрамі амаль два тыдні не мог вылецець: аэрапорт абстрэльваўся з усіх бакоў. Калі апынуўся дома, чужая вайна яшчэ доўгі час снілася, нібы нажом разразаючы рэчаіснасць. Але пра гэта не любіць гаварыць Валянцін Кузьміч. Гэтага баялася і я, дамаўляючыся на інтэрв’ю. Таму дзякую яго жонцы Алене Рыгораўне, якая дапамагла ўгаварыць мужа. У мінулым годзе яны адсвяткавалі сярэбранае вяселле. Разам з сем’ямі дачкі Таццяны і сына Дзмітрыя ў дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў  збяруцца за сталом, каб павіншаваць бацьку і памянуць усіх, каму не пашчасціла вярнуцца жывым на родную зямлю.

Мінае 27 год, як савецкія войскі пакінулі Афганістан. Вайна стала часткай жыцця Валянціна Кузьміча, і сярод яго ўзнагарод ёсць ордэн “За баявыя заслугі”. Хаця сам былы салдат самай дарагой узнагародай лічыць жыццё.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота Ганны МЕЛЬНІК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *