У аграгарадку Вялікае Малешава адбылося ўрачыстае адкрыццё магазіна “Родны кут”

Першы пакупнік Алеся Міхалевіч

У мінулы чацвер у аграгарадку Вялікае Малешава адбылося ўрачыстае адкрыццё магазіна “Родны кут”. Падзея гэта была доўгачаканай для жыхароў, а дзеці ўжо зранку абляпілі ганак.

На ўрачыстае мерапрыемства прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў –  зямляк, ураджэнец Вялікага Малешава – Аляксей Аляксеевіч Дзямко, старшыня Вялікамалешаўскага сельскага выканаўчага камітэта Таццяна Мікалаеўна Васюхневіч, намеснік старшыні  праўлення райспажыўтаварыства Ніна Міхайлаўна Роўкач, а таксама дырэктар Альшанскага філіяла Аляксандр Мікалаевіч Скрабец.

Калектыў новага магазіна "Родны кут"

Магазін з’явіўся на месцы бутэрброднай “Рамантыка”, якая зарабіла сабе дрэнную рэпутацыю. Бо зімой і летам там збіраліся людзі, якія вядуць бяздзейны лад жыцця і сябруюць з моцнымі напіткамі. І, на жаль, за апошні час гэта стала ледзь не візітнай карткай аграгарадка. “Матчыны слёзы” – так назвала бутэрбродную Надзея Іванаўна Кавалец, Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны настаўнік, якая даўно марыла пра закрыццё бутэрброднай. Дарэчы, жанчына была запрошана на ўрачыстае мерапрыемства як ганаровы жыхар аграгарадка. Здароўе з гадамі ўжо зусім не тое, таму да Надзеі Іванаўны з падарункамі завіталі дахаты. А яшчэ яна пажадала, каб у родным аграгарадку з’явіўся зал урачыстасцяў, на які маглі б разлічваць жыхары падчас розных нагод: будзь то вяселле, юбілей ці памінкі.

Урачыстае пераразанне чырвонай стужкі

Аляксей Аляксеевіч адзначыў, што гэтая падзея такая ж важная для яго, як і для іншых жыхароў Вялікага Малешава. Бо таксама не аднойчы шчымела сэрца, назіраючы такі малюнак у цэнтры малой радзімы.

Таму радуе, што замест знаёмых персанажаў у канцы жніўня мінулага года каля будынка бутэрброднай з’явіліся рабочыя з будаўнічымі матэрыяламі, якія пачалі маштабную перабудову. Кіпела работа, нягледзячы на надвор’е і на час. І ўдзячныя жыхары прасілі адзначыць руплівых будаўнікоў, бо літаральна на вачах змяняўся выгляд былой “Рамантыкі”.

асартымент тавараў будзе абнаўляцца штодзень

Як адзначыў Аляксандр Мікалаевіч Скрабец, для таго, каб “Родны кут” адчыніўся, было затрачана 1,5 млрд рублёў, з якіх 500 млн пайшло на гандлёва-халадзільнае абсталяванне, якое было набыта ў Гомелі. На сам рамонт грошай з раённага бюджэту не бралі, абышліся сваімі сіламі. Таму кіраўніцтва Альшанскага філіяла можа смела ганарыцца сваёй справай.

гандлёвая зала вялікая і прасторная

Загадчыца магазіна Марыя Пятроўна Кавалец адзначае, што само размяшчэнне магазіна дае падставу спадзявацца на добрую выручку, паколькі, акрамя мясцовага насельніцтва, патэнцыяльнымі пакупнікамі з’яўляюцца жыхары суседніх населеных пунктаў: Альгомеля, Талмачава, Кароціч, Аздаміч, Лутак. А абслугоў-ваць будуць прадаўцы Кацярына Рыгораўна Васюхневіч, Наталля Фёдараўна Лазейка, Вольга Дзмітрыеўна Васюхневіч, Ганна Мікалаеўна Якімовіч. За чысціню адказваюць прыбіральшчыцы Наталля Рыгораўна Міхалевіч і Мальвіна Уладзіміраўна Карняйчук.

стараста аграгарадка Людоў Дзмітраўна Паўловіч таксама сярод першых пакупнікоў

Дзяўчаты таксама шчыра радуюцца свайму новаму месцу работы і абяцаюць, што “Родны кут” стане для ўсіх пакупнікоў па-сапраўднаму родным.

Ганна Мельнік

Фота аўтара

У аграгарадку Вялікае Малешава адбылося ўрачыстае адкрыццё магазіна “Родны кут”: 1 комментарий

  • 10.02.2016 в 5:02 пп
    Permalink

    Анна, всегда приятно читать Ваши статьи! вкусно пишете)) творческих успехов!))

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *