Заахвочаны з фонду прэзідэнта

Таццяна Бабіч

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 30 снежня 2015 года падпісаў распараджэнне, якім зацверджана рашэнне савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Згодна з дакументам назначана 181 заахвочванне са сродкаў гэтага фонду пераможцам міжнародных мастацка-творчых спаборніцтваў, рэспубліканскіх творчых конкурсаў, аказана матэрыяльная дапамога за актыўны ўдзел у мастацка-творчых мерапрыемствах.  

Грашовымі прэміямі з уручэннем пасведчанняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі заахвочаны і прадстаўніцы моладзі Століншчыны – Таццяна Бабіч і Дар’я Гізун з р. п. Рэчыца, лаўрэаты VІІ Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І. І. Жыновіча (2015 г.).

Абедзве дзяўчыны – выхаванкі Рэчыцкай дзіцячай музычнай школы па класу баяна педагогаў Таццяны Аляксееўны Гнядзько і Вольгі Васільеўны Навумовіч. Дзякуючы сумеснай     мэтанакіраванай    і   зладжанай рабоце, працавітасці і творчаму пошуку педагогаў і выхаванцаў, Таццяна і Дар’я штогод радавалі новымі ўзнагародамі. Яны неаднаразова станавіліся дыпламантамі вядомых у музычным асяроддзі фестываляў і конкурсаў. Сярод іх  —  рэгіянальны фестываль выканаўцаў на баяне «Палескія музыкі» (2011 г., 2013 г., 2015 г.), XI адкрыты фестываль-конкурс юных выканаўцаў “Пралескі” (2011 г., 2014 г.), ІV адкрыты занальны конкурс “Крынічка” (2011 г., 2014 г.), міжнародны конкурс “Палескі агеньчык” (2014 г.), абласны і заключны туры рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І. І. Жыновіча (2012 г., 2015 г.).

Сёння Таццяна Бабіч – навучэнка першага курса Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, дзе займаецца па спецыяльнасці “Інструментальнае выканальніцтва, інструменты народнага аркестра (баян)”. Як падзялілася дзяўчына, ёй вельмі падабаецца вучыцца. Акрамя заняткаў яна ўдзельнічае ў аркестры “Лад”, з якім ужо выступалі з канцэртамі ў Мінску і выязджалі ў Латвію. Заахвочванне прэміяй са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь успрыняла як вялікую радасць.

Дар'я Гізун

Дар’я Гізун яшчэ вучыцца ў дзявятым класе, сёлетняя выпускніца школы мастацтваў. Пасля базавай школы таксама мяркуе паступаць у музычную ўстанову. А пакуль рыхтуецца да міжнароднага конкурсу  “Мой сябар – баян” у г. Гомелі і абласнога “Крынічка”, які пройдзе ў сакавіку ў г.  Баранавічы.

Да слова будзе сказаць, што заахвочванне з Прэзідэнцкага фонду не першае для Рэчыцкай дзіцячай школы мастацтваў. У 2005 годзе матэрыяльнай дапамогі былі ўдастоены выхаванцы Дзмітрый Велясніцкі, Ірына Пашкевіч, Аляксандр Бык і Вадзім Шыпілаў. Уладальнікам высокай узнагароды з’яўляецца і настаўнік аддзялення выяўленчага мастацтва гэтай установы Сяргей Віктаравіч Місюн.

Таленты варта падтрымліваць! А ўзнагароды – па працы!

Галіна ГАШЧУК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *