Яна ўпэўнена: жыццё – гэта ўжо цуд…

Алена Канстанцінаўна Семянюк – педагог дадатковай адукацыі вышэйшай катэгорыі, кіраўнік тэатральнага аб”яднання па інтарэсах Давыд-Гарадоцкага цэнтра дзіцячай творчасці. У дзяцінстве выступленнямі дзяўчынкі зачароўваліся ўсе госці, што збіраліся на святы ў бацькоўскім доме. Таму і выбіраць ёй не прыйшлося: скончыўшы восем класаў, адправілася паступаць у Магілёўскае культурна-асветніцкае вучылішча.

Чарнявая дзяўчына з малахітавымі вачамі і там заваявала шмат прыхільнікаў, заўсёды была ў цэнтры творчай кампаніі аднакурснікаў і з энтузіязмам удзельнічала ва ўсіх пастаноўках. Прызнаецца, што дагэтуль успамінае студэнцкія гады з такой настальгіяй, быццам усё ўчора было.

Нібы ўчора быў яе першы працоўны дзень, калі знаёмілася з калектывам тады яшчэ Дома піянераў. Праўда, у родны Давыд-Гарадок вярталася неахвотна, бо як маладая артыстка марыла аб тэатральным жыцці з гучнымі апладысментамі і морам кветак. Але зараз, калі ўжо 35 гадоў прафесійнай дзейнасці за плячыма, жанчына з упэўненасцю адказвае: гэта яе сцяжына і па іншай пайсці не хацела б.

Ды і родныя былі побач. З адзіным братам Георгіем яна працавала ў адным калектыве, заўсёды падтрымлівалі парадай бацькі, якія цанілі творчы запал дачкі і з павагай ставіліся да яе справы. Што тычыцца прафесійных парад, то Алена Канстанцінаўна мела тут надзейную сяброўку – Марыю Міхайлаўну Салтанаву. Тая, будучы дырэктарам Дома культуры, неаднойчы пасля хацела перавабіць да сябе таленавітую дзяўчыну, бо ведала Алену яшчэ з тых пор, калі   вучаніцай хадзіла ў тэатральны гурток, здзіўляючы сваёй артыстычнасцю яе, а потым і гледачоў у зале. А цяпер і свае выхаванцы радуюць.

– Калі да мяне пачалі прыходзіць дзеці, я ад шчасця лётала, – успамінае свае першыя гады работы мая суразмоўца. – Іх зацікаўленыя вочы надавалі мне ўпэўненасці і энергіі. Кожны раз я спяшалася да іх, на хаду ўяўляючы, як цяпер будзем рэпеціраваць і хто лепш раскрые характар галоўнага героя.  Ёсць у нас лялечны тэатр, куды адразу пачынаюць хадзіць вучні пачатковых класаў, а далей гэтыя ж дзеці працягваюць займацца ў тэатральным гуртку. Ставім спектаклі на школьную тэму, якая бліжэй дзецям. Часцей на рускай мове, хаця і беларускую пастаноўку “Чорт і Несцерка” вельмі палюбілі гледачы. А самі артысты таксама часта прапаноўваюць свае інсцэніроўкі, і тады нават самі ролі размяркоўваюць, спрачаюцца і тэкст ніколі не забываюць. Ведаеце, працаваць і атрымліваць асалоду ад працы – гэта такая радасць.

Сябруе Алена Канстанцінаўна і з бацькамі сваіх артыстаў, часта раіцца з імі, абавязкова тэлефануе, калі хтосьці прапускае заняткі. Шчыра хвалюецца за кожнага, бо інакш не ўмее: такі ў яе характар. А бацькі ў сваю чаргу ніколі не мінуць кіраўніка, знойдуць хвіліну, каб падзякаваць. Дзеці, дзякуючы сцэне, становяцца больш упэўненымі ў сабе, не баяцца выказваць сваю думку. У школе яны выконваюць ролю  вядучых і з ахвотай удзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах. І гэта, на  думку кіраўніка, найлепшы доказ яе прафесіяналізму. Вядома ж, не ўсе стануць знакамітымі артыстамі і не ўсе звяжуць сваё жыццё з тэатрам, затое лепш пазнаюць свае магчымасці і перастануць саромецца выступаць перад публікай.

Сярод вучняў Алены Канстанцінаўны ёсць прадаўжальнікі яе справы. Іна Філановіч — рэжысёр народнага драматычнага тэатра “Пагарынне” Столінскага ГДК — таксама калісьці дзяўчынкай спраўна наведвала заняткі па сцэнічным майстэрстве. І  ўспамінае з  вялікай удзячнасцю свайго кіраўніка, які ні хвіліны не сумняваўся ў яе магчымасцях, ды і зараз знаходзіць час, каб патэлефанаваць, пацікавіцца справамі.

Алена Канстанцінаўна ўпэўнена: жыццё – гэта ўжо цуд. Вось з’явілася першае вясновае сонца, а там заспяваў салавей, а якія прыгожыя кветкі распусціліся на клумбе – усё гэта заўважае жанчына і не перастае радавацца, здаецца, звычайным рэчам. А для сваіх калег яна ўвогуле крыніца цудоўнага настрою.

– Калі надоўга адлучаецца наша любімая калега, мы пачынаем сумаваць па ёй, — дзеліцца дырэктар Цэнтра дзіцячай творчасці Алена Яўгенаўна Вандзіч. –  Некалькі  дзён  пройдзе, а мы быццам сто гадоў яе не бачылі. Яна ніколі не прыйшла з дрэнным настроем, наадварот, і нас прымусіць усміхацца. А як пачынае штосьці расказваць, можна слухаць гадзінамі: і там яна была, і тое яна бачыла, і з тым пазнаёмілася. Прычым талент і ў гэтым раскрываецца, бо здаецца, што ты сам з ёй вандраваў. Разам мы працуем даўно і не памятаю, каб хоць адзін канфлікт быў звязаны з ёю. Нягледзячы на свой тэмперамент, Алена Канстанцінаўна валодае такой тактоўнасцю, такімі манерамі, што можна толькі павучыцца.

Для сваіх дзяцей мае адну параду: рабі як трэба і будзь што будзе. Дачка Наталля працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 2 г. Давыд-Гарадка, таму часта забягае да маці на абед. Не дзіўна, бо пра кулінарныя здольнасці ведаюць не толькі дзеці, але і калегі рады пачаставацца фірменнымі катлетамі Алены Канстанцінаўны. Сын Васіль таксама  выбраў  педагагічную дзейнасць – працуе настаўнікам хіміі і біялогіі ў Гомелі, але бацькоўскі дом наведвае часта. А зробленыя сваімі рукамі паштоўкі ад унука Івана, што стаяць на стале, найлепш расказваюць пра даверлівыя адносіны з бабуляй, якая песціла таго з малых гадоў. Унучкам Алене і Ганначцы Алена Канстанцінаўна паабяцала калісьці падарыць сваю скрынку з упрыгажэннямі, якой асабліва даражыць. Гэта адно з захапленняў жанчыны: яна на працягу некалькіх гадоў стварае калекцыю набораў з каштоўнымі камянямі. Там і аметыст, і жэмчуг, і малахіт, і авантурын, і апал, і горны хрусталь…

– Мяне ўжо калегі спыняюць, бо ведаюць маю любоў да такіх упрыгажэнняў, – усміхаецца мая субяседніца. –  Дзе якая выстава камянёў – там я. І ніколі  з пустымі рукамі не пайду. Некаторыя камплекты цалкам купляю, іншыя падбіраю, але стараюся адразу ўявіць, на якое свята ці падзею што падыдзе.

Невялікі дворык летам патанае ў кветках, якія вельмі любіць  Алена Канстанцінаўна.

Яшчэ жанчына піша вершы і для душы яны нібы лекі. Якая б падзея не адбылася, адразу з’яўляюцца вершаваныя радкі, а правіла адно: абавязкова шчаслівы канец. Адным са сваіх вершаў, які стаў для  яе  дэвізам, Алена Канстанцінаўна з радасцю дзеліцца і з нашымі чытачамі:

Завет добра

Умей любить,

умей прощать,

Умей хорошее вокруг себя

ценить и понимать,

Умей врагов своих

не замечать,

Умей же недругам своим

 плохого не желать.

Умей вседа собою

управлять,

Умей не только брать,

но и отдавать.

Тогда и мир души твоей

ничто  не будет омрачать.

Ганна  МЕЛЬНІК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *