Выхаванне агульначалавечых каштоўнасцяў

У рэдакцыю “НП” даслала ліст намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Лядзецкага ВПК яслі-сад сярэдняя школа САВІЦКАЯ Т. В., якая трапна адзначыла,   што   выхаванне   сапраўднага  грамадзяніна і чалавека абавязкова пачынаецца з яго маленькай радзімы – таго куточка зямлі, дзе чалавек нарадзіўся і рос, дзе знаходзяцца магілы яго продкаў, дзе ён зрабіў свае першыя крокі. Бацькоўская хата, бацькоўскі парог, сям’я, род, радавод… Любому чалавеку, які нарадзіўся на гэтай зямлі, патрэбна ведаць свой край, яго гісторыю, культуру.

У шосты  школьны   дзень у  Лядзецкім ВПК яслі-сад сярэдняя школа была праведзена пазнавальная гульня “Мой радавод”  класным кіраўніком 5 класа Святланай Іванаўнай Ханавец. За званне лепшых змагаліся дзве каманды са складу вучняў 1-5 класаў. Ім было прапанавана гульнявое поле, якое складалася з чатырох сектараў: “Імя”, “Радавод”, “Сямейныя адносіны”, “Вясковыя пасядзелкі”.

Дзеці з задавальненнем уключыліся ў гульню. Прадэманстравалі сваю кемлівасць, вынаходлівасць, дапытлівасць, уменне працаваць камандай. Пераможцаў чакалі ўзнагароды.

А вось вучаніца 10 “Б” класа сярэдняй школы № 2 р. п. Рэчыца ПАШКЕВІЧ Юлія параўноўвае наведванне цэнтральнай раённай бібліятэкі з падарожжам у цудоўны свет кніг. “Немалыя жыццёвыя ўрокі нам падаюць менавіта кнігі, бо аналізуючы прачытанае, мы вучымся на памылках герояў мастацкіх твораў. Безумоўна, не ўсе могуць дазволіць сабе купіць кнігу, але наведаць бібліятэку — гэта па сіле кожнаму” – гаворыць Юлія.

 Наведаўшы бібліятэку, дзяўчына ўзяла для сябе шмат новага і карыснага, што тычылася работы самой бібліятэкі, складу бібліятэчнага фонду, схільнасцяў і інтарэсаў сучаснага чытача, а таксама пазнаёмілася з літаратурнымі навінкамі.  Таму Юлія заклікае наведваць бібліятэку з яе багатым і цікавым светам кніг і з упэўненасцю сапраўднага знаўцы сцвярджае, што кніг хопіць на ўсіх!

Да тэмы здаровага ладу жыцця звярнуліся загадчык Давыд-Гарадоцкага ясляў-сада ГАЛАВАЧ Н. Ю. і  музычны кіраўнік дашкольнай установы КРАВЕЦ М.  А.  Іх ліст пачынаецца са слоў: “Быць хворым – заўсёды небяспечна, а быць  здаровым – гэта класна!”.

 22 студзеня ў садку прайшоў Дзень здароўя, які надоўга запомніцца выхаванцам і іх бацькам дзіцячым смехам, радаснымі ўсмешкамі дарослых, спартыўным напалам барацьбы і нястрымнай весялосцю.

Раніца ў дзіцячым садзе пачалася з аздараўленчай фізкультуры ў кожнай групе, якая была арганізавана кіраўніком фізвыхавання Кунтарас С. Ю. У гэты дзень   у   дашкольнай   установе  было  складзена меню, якое адлюстроўвала тэматыку Дня здароўя і мела  даволі цікавыя назвы. Да дзетак завіталі ў госці Доктар Айбаліт, Карлсан, Мыйдадыр, якія ў жартоўнай форме, расказалі ім пра здаровы лад жыцця.

А на вуліцы для выхаванцаў старэйшых груп і іх бацькоў было арганізавана спартыўнае свята “Зімовыя забавы”. Ля варот садка бацькоў сустракаў Клоўн-фізруля, які сваімі жартамі запрашаў бацькоў на свята, да ўдзелу ў спартыўнай эстафеце, а Снегавік, удзельнічаючы ў спаборніцтвах,  дадаў радасці прысутным.

 Мамы і таты бегалі, скакалі, стараліся паказаць лепшы вынік. Дзеці ж радаваліся бацькоўскай любові і клопату: нішто так не аб’ядноўвае каманду, як імкненне да перамогі. Спартыўна-сямейнае свята прайшло на адным дыханні і стала складаючым універсальным сродкам вырашэння многіх важных педагагічных задач, галоўная з якіх — гадаваць дзяцей здаровымі, моцнымі і жыццярадаснымі.

Падрыхтавала

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *