Выцінай, музыка!

З прыемнага моманту пачалася ўчарашняя апаратная нарада ў раённым выканаўчым камітэце: старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі ўручыў вышэйшую ўзнагароду раёна – Ганаровую грамату — мастацкаму кіраўніку заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі  “Выцінанка” Пятру Іванавічу Астапчуку і цёпла павіншаваў яго з юбілеем.

Творчасць Пятра Астапчука мае глыбокія народныя карані, вылучаецца самабытнасцю, што зрабіла арганізаваны ім калектыў “Выцінанка” візітнай карткай не толькі  Століншчыны, а і Брэстчыны, і нават рэспублікі. Талент Пятра Астапчука – гэта той стрыжань, які аб’ядноўвае вакол сябе аднадумцаў-энтузіястаў. Ён  бліскуча іграе і адчувае, пра што пяе, і спеў гэты ідзе ад душы.

Музыкант знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых формаў выканання, сучасных рытмаў, спалучэння вакалу, музыкі і танца. Ён умее перадаць не толькі манеру выканання, этнаграфічны каларыт, але і чароўнасць і непаўторнасць паляшуцкай мовы, ментальнасць жыхароў Палесся.

Шчырыя словы віншаванняў юбіляру прагучалі таксама ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіля Зарубы, які ўручыў Граматы Галоўнага ўпраўлення і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Галіна ГАШЧУК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *