У святле традыцый: брацкая свечка

Па благаславенні архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана і з  мэтай захавання праваслаўнай спадчыны Палесся праз прыцягненне моладзі і грамадскасці да гісторыка-культурных і духоўных мерапрыемстваў у вёсцы Лука Столінскага раёна з 11 па 14 студзеня праходзіў фальклорна-этнаграфічны фестываль “Брацкая свечка”. Яго ўдзельнікамі сталі прыходы Пінскай епархіі Столінскага благачыння, творчыя калектывы раёна, пчаляры, майстры, дэлегацыя з горада-пабраціма Ікшкіле (Латвія).
Невялічкая палеская вёсачка ў адзін момант ператварылася ў цэнтр  еднасці традыцый і наватарства, бо спрадвеку пасля Каляд, напярэдадні Новага года па старым стылі, мужчыны  гэтай мясцовасці сумесна рыхтавалі вялікую брацкую свечку, якую пасля з любоўю да Госпада ахвяравалі царкве. І гэтая традыцыя захавалася да нашых дзён, а апошнім часам пачалося яе актыўнае адраджэнне. Самае прыемнае, што цікавасць лю-дзей да гэтай справы толькі павялічваецца.
12 студзеня ў в. Лука адслужылі малебен на добрую справу з асвячэннем галоўнага сімвала – чатырохметровай дубовай свечкі, якую зрабіў народны майстар Беларусі Іван Супрунчык. Яе  ўсталявалі на тэрыторыі сацыяльнага цэнтра для незалежнага пражывання інвалідаў, які ствараецца ў вёсцы на базе будынка былой школы. Частка сабраных падчас дабрачыннага фестывалю сродкаў будзе выкарыстана для яго рэканструкцыі, а астатняя – на набыццё воску для брацкіх свечак.
У гэты ж дзень прайшла канцэртная праграма, падрыхтаваная вучнямі ўстаноў адукацыі Столінскага раёна, якую адкрылі літаратурнай кампазіцыяй выхаванцы нядзельнай школы царквы святой вялікамучаніцы Параскевы аг. Глінка. Выступілі ўзорны ансамбль фальклорнай песні “Весялінка” з адлюстраваннем каляднага абраду, нядзельная школа царквы  Узнясення Гасподня г. Століна, узорнае аб’яднанне аматараў фальклору “Згадка” Мачульскага сельскага дома фальклору са сваімі каляднымі спевамі і ўзорны ансамбль фальклорнага танца “Палескія плясуны” з вянком бытавых танцаў Століншчыны. Пасля ва ўсіх жадаючых была магчымасць пакалядаваць, таму і ўдзельнікі мерапрыемства, і гледачы спявалі калядкі, а пасля ўсе разам выканалі “Рождество Христово”.  Для дзетак быў арганізаваны салодкі стол.
13 студзеня ў Лукскім сельскім клубе настаяцель царквы ў гонар Святой Тройцы в. Гарадная айцец Віктар прывітаў удзельнікаў мерапрыемства і гасцей фестывалю, сардэчна павіншаваў са святамі і  выказаў сваю шчырую радасць з нагоды такой значнай падзеі, якая адбываецца на тэрыторыі Гараднянскага прыхода. Ён успомніў тыя далёкія часы, калі рабілі брацкія свечкі, якія традыцыйна ставіліся на навалецце і  запальваліся ў асабліва ўрачыстыя моманты богаслужэння. Айцец Віктар згадаў, як здымаўся дакументальны фільм “Брацкая свечка”, які даў магчымасць распаўсюдзіць звесткі пра гэтую праваслаўную традыцыю. Прагучала думка пра тое, каб гэтая традыцыя станавілася больш  папулярнай і духоўна аб’ядноўвала людзей.
Павіншаваў прысутных са святамі і начальнік аддзела ідэала-гічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Андрэевіч Заруба і нагадаў значнасць распачатай справы  адраджэння народных традыцый. Ён указаў на тое, што гэта вытокі сапраўднай праваслаўнай веры, якая з’яўляецца асновай усяго і пачынаецца ў абрадах і звычаях нашых продкаў, якія мы павінны захаваць і заўсёды падтрымліваць.
У  сельскім клубе сабралася шмат людзей, каб на ўласныя вочы ўбачыць, як на працягу некалькіх гадзін мясцовыя мужчыны шчыруюць над вырабам свечак вагой каля васьмі кілаграмаў кожная. Усяго за час работы фестывалю зроблена тры такія свечкі.
Брацкая свечка робіцца па старадаўняй тэхналогіі, якая застаецца нязменнай на працягу многіх стагоддзяў. Спачатку да спецыяльнай нарыхтоўкі мацуюць кручок і на яго навязваюць кнот, да канца якога ладзяць дыск для каліброўкі. Мужчыны адколваюць ад вялікай масы сухога воску маленькія кавалачкі, на вялікім стале яго здрабняюць, пасля  размякчаюць у цёплай вадзе, старанна расціраюць і размінаюць рукамі. Далей кавалкі мяккага воску лепяць да кнота.  Падрыхтаваны выраб здымаюць і разгладжваюць з дапамогай спецыяльных інструментаў і рук. Паступова, крок за крокам каля дзясятка мужчын сумесна ўкачваюць, згладжваюць усе шурпатасці  і кладуць шматкілаграмовую свечку на вялікую дошку, каб яна застыла і захавала набытую форму.  Людзі з захапленнем назіралі за тым, як паступова робіцца яна – брацкая свечка.
Для ўдзельнікаў фестывалю была наладжана канцэртная праграма. Чуліся народныя матывы народнага ансамбля народнай музыкі “Вятліца” сярэдняй школы № 2 г. Століна,  выступалі і замежныя госці – ансамбль “Дочкі сонца” г. Ікшкіле – пабраціма г. Століна, мясцовыя жыхары “скакалі”   польку і г. д.
Як патлумачыў памочнік благачыннага Столінскага благачыння па сацыяльнай рабоце, старшыня праўлення Столінскага раённага грамадскага аб’яднання “Цэнтр падтрымкі маладых інвалідаў” Міхаіл Скрабейка, гэтым фальклорна-энтаграфічны фестываль не завяршаецца. Шчадроўшчыкі павіншавалі лю-дзей у в. Лука і іншых вёсках Столінскага благачыння, у поўнач  у каплічцы ў гонар свяціцеля Лукі прайшла літургія з хрэсным ходам і асвячэннем зробленых падчас фальклорна-этнаграфічнага фестывалю  свечак, а ў 02.00 гадзіны ўсіх жадаючых чакала агапа –  святочная трапеза.
Людміла КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *