У Столінскім раёне назіраецца рост злачыннасці

На мінулым тыдні ў Столінскім РАУС на аператыўным пасяджэнні былі падведзены вынікі аператыўна-службовай дзейнасці райаддзела за 2015 год. Аб яго выніках у нашым інтэрв’ю з начальнікам Столінскага РАУС Вячаславам Анатольевічам ФІЛІПЧЫКАМ.

— Вячаслаў Анатольевіч, прааналізуйце стан аператыўнай абстаноўкі ў раёне за 2015 год.

— Аналіз аператыўна-службовай дзейнасці аддзела ўнутраных спраў і стан аператыўнай абстаноўкі за 2015 год сведчыць, што крымінагенная абстаноўка застаецца складанай па асобных відах злачыннасці і кірунках дзейнасці, мае тэндэнцыю да росту як агульнай злачыннасці, так і па лініі крымінальнага вышуку.

У мінулым годзе на тэрыторыі раёна зарэгістравана 646 злачынстваў па ўсіх лініях службаў (на 73 больш, чым у 2014 го-дзе). Па лініі крымінальнага вышуку зарэгістравана 455 злачынстваў (на 118 злачынстваў больш). Трэба адзначыць, што па лініі крымінальнага вышуку ўчынена шэсць злачынстваў (у 2014 — сем), якія адносяцца да катэгорыі асабліва цяжкіх, і 22 цяжкія злачынствы (у 2014 — дзевяць).

Павялічылася колькасць злачынстваў па ўсіх лініях службаў, учыненых асобамі, якія маюць судзімасць – са 144 да 161. Аналіз учыненых злачынстваў гэтай катэгорыі сведчыць, што рост адбыўся за кошт павелічэння крадзяжоў. Пры гэтым 161 злачынства ўчынена 131 раней су-дзімай асобай. Трэба адзначыць, што з агульнай колькасці злачынцаў толькі 14 былі заняты працоўнай дзейнасцю. Астатнія не мелі месца пастаяннай працы.

— Якія мерапрыемствы праводзіліся Столінскім РАУС у 2015 годзе для стабілізацыі аператыўнай абстаноўкі ў раёне?

— Па матэрыялах крымінальна-выканаўчай інспекцыі судом Столінскага раёна ўстаноўлена 11 прэвентыўных наглядаў, шэсць працягнута. Было аб’яўлена 23 афіцыйныя пракурорскія папярэджанні. У адносінах да 33 асуджаных да пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі была прыменена мера дысцыплінарнай ізаляцыі. Восем чалавек разглядваемай катэгорыі былі асуджаны ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Было праведзена 12 пасяджэнняў назіральнай камісіі пры райвыканкаме, на якіх разгледзелі 188 асоб, якія маюць судзімасць. У Столінскім РАУС кожны квартал сумесна з зацікаўленымі суб’ектамі прафілактыкі праводзіліся мерапремствы, накіраваныя на працаўладкаванне асоб, якія маюць судзімасць, і тых, якія стаяць на прафілактычным уліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

— Вячаслаў Анатольевіч, вельмі часта бывае так, што чалавек мог бы і не стаць злачынцам, калі б быў цвярозы. А пад уздзеяннем алкаголю не можа кантраляваць сябе і як вынік – судзімасць. Ці застаецца п’янства праблемай і сапраўдным бічом у нашым грамадстве?

— Колькасць злачынстваў, учыненых асобамі ў стане алкагольнага ап’янення, павялічылася на 13 – са 144 да 157. Канешне, праблема такая існуе заўсёды. Больш злачынстваў было толькі ў 2011 годзе – 162. У астатнія гады – менш. У 2015 годзе супрацоўнікамі Столінскага РАУС выяўлена 136 фактаў незаконнай рэалізацыі спіртаўтрымліваючай вадкасці, канфіскавана 3234 літры (на 2470 літраў больш, чым у 2014 годзе). За мінулы год выяўлена 2572 адміністрацыйныя правапарушэнні за распіццё спіртных напіткаў і з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане.  Таксама ў лячэбна-працоўны прафілакторый асуджана 66 чалавек.

— Вячаслаў Анатольевіч, раскажыце аб падлеткавай злачыннасці.

— Летась быў адзначаны значны рост злачынстваў, учыненых непаўналетнімі і пры іх удзеле – з 35 да 73. У гэтых злачынствах прымалі ўдзел 42 непаўналетнія, з якіх восем стаялі на прафілактычным уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Асноўная маса злачынстваў – крадзяжы (55 выпадкаў).

Таксама праблемай сярод падлеткаў з’яўляецца ўчыненне злачынстваў у складзе групы – 43 злачынствы з агульнай колькасці (у 2014 годзе – восем злачынстваў).

— Дзе адзначаны рост ці змяншэнне колькасці злачынстваў?

— Рост злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку зафіксаваны на тэрыторыі Альшанскага сельсавета – з 55 да 93, Веляміцкага сельсавета – з 4 да 16, Харомскага сельсавета – з 19 да 28, Рамельскага сельсавета – з 8 да 19.  Па астатніх сельсаветах рост таксама ёсць, але ён не такі значны. У Давыд-Гарадку і Століне рост злачынстваў нязначны – з 49 да 55 і з 50 да 53 адпаведна.

Змяншэнне колькасці злачынстваў зафіксавана толькі ў трох сельсаветах – Фядорскім (з 12 да 6), Лядзецкім (з 16 да 12) і Відзіборскім (з 15 да 13).

— Вячаслаў Анатольевіч, некалькі апошніх гадоў стаяла праблема са злачыннасцю, звязанай з наркотыкамі. Як справы з гэтым сёння?

— У 2015 годзе па лініі наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі выяўлена 13 злачынстваў (у 2014 годзе — 15). Трэба адзначыць, што па лініі незаконнага абароту наркотыкаў выяўлена ўсяго адно злачынства. Асноўная маса злачынстваў звязана з распаўсю-джваннем парнаграфічных матэрыялаў (чатыры факты) і палавой недатыкальнасцю (восем фактаў).

— Дзякуй за інтэрв’ю.

Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *