У чым сакрэт Альшан?

… Марына – дваццацігадовая прывабная дзяўчына з аграгарадка Альшаны. З дзяцінства наведвае службы ў Доме Малітвы, таму добра ведае ўсе Законы Божыя. Школу яна скончыла тры гады таму, а ў мінулым годзе ўзяла шлюб з такім жа маладым хлопцам з роднай вёскі. У іх сям’і чакаецца прыбаўленне, і шчаслівая ўсмешка не сыходзіць з вуснаў дзяўчыны. Калі спытала, колькі ж Марына хоча дзяцей, яна без разваг адказала: чацвёра. Прычым гэта, са слоў дзяўчыны, мінімум. “Чацвёра дзяцей — не “маса” (на альшанскім дыялекце “не шмат” — аўт.), — упэўнена яна,  а самая нармальная сям’я. Калі Бог дасць, магчыма больш, і каб адзін за адным нараджаліся, дзеці так лепш гадуюцца”.
Марына – тыповая прадстаўніца моладзі Альшан, аднаго з буйнейшых і перспектыўных населеных пунктаў не толькі нашага раёна, але і ўсёй краіны. Назіраючы, як павялічваецца тэрыторыя аграгарадка, як на ўскраінах, нібы грыбы, з’яўляюцца новыя катэджы, як цэлымі чародкамі гуляюць каля іх дзеці, узнікае пытанне: “У чым сакрэт гэтага месца?”. І тых, хто мінае Альшаны падчас падарожжаў, і тых, хто гасцюе тут, цікавіць такая асаблівасць.
З Марынай мы гутарылі на гэтую тэму не аднойчы, але я кожны раз здзіўлялася, наколькі ў такім узросце могуць быць дарослыя думкі. Яна, як і абсалютная большасць яе аднакласніц, пасля выпускнога балю вырашыла не пакаваць чамаданы ў шлях вучобы, а застацца дома пры бацьках і дапамагаць па гаспадарцы. Трэба ўдакладніць, што гэта не значыць лайдакаваць, а, наадварот, працаваць і вельмі многа працаваць. Бо гаспадарка ў Альшанах – гэта цэлае сямейнае прадпрыемства, на якім занятыя ўсе члены вялікай (а бывае і вельмі вялікай! – аўт.) сям’і.  Той адказвае за парнік, той за агарод, той за парадак у хаце, той за падворак… Марыне ўвогуле дасталася роля правай рукі маці, бо яна старэйшая ў сям’і, у якой гадуюцца яшчэ дзве сястры і чацвёра братоў.
Тое, што прафесія патрэбна ў будучыні, Марына, канешне, згодна, але… Галоўнае – любіць працаваць і быць дбайнай гаспадыняй.
Пажаніўшыся, Марына з мужам пайшлі жыць асобна. Праўда, не адразу ў новенькі катэдж, а пакуль “на кватэру”. Каб той катэдж з’явіўся, у іх для гэтай мэты ёсць дзесяць сотак парніка, памідоры, капуста. Усё гэта ў перакладзе на грошы і стане стартавым капіталам для маладой сям’і. А там бацькі павінны дапамагчы. Так заведзена тут, што бацькі – гэта не проста людзі, якія падарылі жыццё, але і настаўнікі па жыцці, галоўныя дарадчыкі і… сямейныя псіхолагі. Яны не спадзяюцца на незалежнасць і самастойнасць сваіх дзяцей адразу, як тыя пакінулі бацькоўскі дом, а актыўна ўдзельнічаюць у іх жыцці: дапамагаюць матэрыяльна, даглядаюць гаспадарку, няньчацца з унукамі і так далей. Пра крэдыты гаворкі няма, бо звычайна абодва маладыя нідзе на дзяржаўных пасадах не працуюць, таму разлічвацца з дзяржавай няма магчымасці. Ды і не “папулярная” гэтая практыка сярод сяброў Марыны. Спадзявацца толькі на сябе, на свае рукі –  тое правіла, якім карыстаецца маладая сям’я.
Дасць Бог, праз некалькі гадоў будзе ў Марыны і катэдж, і чацвёра дзяцей, і сямейная ідылія. Бо для яе гэта сэнс жыцця. І няхай яе не цікавяць навуковыя дасягненні ў галіне энергетыкі ці экалогіі, няхай ёй не патрэбны кандыдацкія ступені і не стане яна светачам адукацыі. Яна будзе жонкай і маці. А гэта для яе куды галоўней. Таму  Альшаны будуць   з’яўляцца адным з самых вялікіх  населеных пунктаў краіны.
P. S.: Праз тыдзень пасля гэтай сустрэчы я пазнаёмілася яшчэ з адной жыхаркай Альшан. Аксане 18 гадоў і яна таксама, як і першая гераіня, цяжарная. Як і першая, упэўнена заявіла: «Чацвёра дзяцей хачу, два  хлопчыкі і дзве дзяўчынкі».
Мяркуйце самі, паважаныя чытачы.
Ганна МЕЛЬНІК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *