Сто гадоў ад роду

Гэты дом у вёсцы Малыя Арлы прыкметны хіба што тым,  што над веснічкамі  ўстаноўлены на слупах гіпсавыя львы. Праўда, яшчэ нядаўна  драўляную  пабудову вылучала  рэдкая афарбоўка сцен у фіялетавы колер, але зашылі яго штучнымі дошкамі  светлага колеру – і стаў ён падобны на  сваіх суседзяў па вуліцы. Але ў святочныя дні  Ражджаства  Хрыстова ля яго раз-пораз  спыняліся  аўтамабілі, у расчыненыя  вароты  заходзілі   групкамі людзі. І прычына таму была слушная. Гаспадар дома – ветэран Вялікай Айчыннай вайны і працы, былы настаўнік  і заснавальнік  цэлага роду педагогаў – Мікалай Паўлавіч  Рай адзначаў 100-годдзе з дня свайго нараджэння.
З самай раніцы прыехаў павіншаваць юбіляра  старшыня  райвыканкама Р. В. Пратасавіцкі са сваім намеснікам  С. Ф. Сідарэвічам. Завітаў  старшыня Лядзецкага сельвыканкама А. А. Скрабец. Вітаў  былога  настаўніка начальнік  аддзела адукацыі, спорту і турызму А. М. Вячорка са старшынёю  прафсаюза работнікаў  адукацыі А. К. Максімовічам. Паштальён прынёс віншаванні  ад  Брэсцкага абласнога  камітэта  адукацыі  і  Брэсцкага абласнога  савета ветэранаў. Не забылі пра такую адметную дату  Мікалая Паўлавіча раённы савет ветэранаў, калектывы роднай школы і сельскага  Дома культуры, якія  падрыхтавалі  цэлую праграму, у ходзе якой юбіляр  не толькі прымаў  віншаванні і падарункі, але і таньчыў  вальс і польку!  Супрацоўнікі  аддзялення  па грамадзянстве  і міграцыі  прывезлі Мікалаю Раю новы пашпарт, бо тэрмін дзеяння  старога  скончыўся. А  ўсе  тэлефонныя званкі цяжка было і падлічыць.  І гэта не дзіўна, бо  сам ветэран нарадзіўся  ў мнагадзетнай сям’і, дзе  расло васьмёра  дзяцей, а  ў яго сям’і  нарадзіліся і  выраслі  сямёра дзяцей. І лёс раскідаў  іх па розных кутках  былога СССР.
Што памятаецца ветэрану  з дзяцінства?  Яго родная вёска Хотэнь, што ў суседнім Жыткавіцкім раёне.  Бацькі  былі сялянамі. Вялікага  багацця не нажылі, але трымалі дзвюх  кароў, якія дапамагалі  карміць гурт дзяцей.  Школа  была пачатковая, таму пасля  яе заканчэння давялося Міколе  хадзіць за пяць кіламетраў  у сяло Тонеж, дзе была  дзесяцігодка.
Вучыўся  хлопчык добра, хаця  дабіраўся  на вучобу  з рознага роду перашкодамі і ў лапцях. У школе  была Дошка гонару. Фатаграфій выдатнікаў  на ёй не вывешвалі, а  толькі пісалі  штомесяц прозвішчы лепшых вучняў. Мікалай Паўлавіч і цяпер зазначае, што яго прозвішча не сыходзіла  з дошкі ніколі, а пасля заканчэння вучобы дырэктар школы прапанаваў  яму  выкладаць вучням гісторыю. Юнак пагадзіўся, але  працаваць давялося нядоўга, бо  яго забралі на службу  ў Чырвоную  Армію. Было гэта ў далёкім  1937 годзе.
Час быў неспакойны. Паміж СССР і Фінляндыяй  пачалася  вайна. На яе  франтах атрымаў першае хрышчэнне  юнак з беларускага Палесся. І сёння яму памятаюцца тыя страшныя маразы за 40 градусаў, калі птушкі замярзалі  ў час палёту і шмат   салдат у  зямлянках  і на палях баёў знаходзілі сваё  апошняе  прыстанішча. Як чалавек адукаваны, Рай  атрымаў на гэтай вайне  афіцэрскае званне.  Калі вяртаўся дахаты, думаў, што перажыў  самае страшнае  ў сваім жыцці   выпрабаванне, але лёс наканаваў яму  новыя цяжкасці.
Ды пакуль была восень 1940-га года. У раённым аддзеле  адукацыі  былога ваеннаслужачага  адразу ж накіравалі  ў Тураў у школу, каб выкладаў там  дзецям гісторыю. У той час  у школе працавала  настаўніцай малодшых класаў  Марыя  Бялко. Маладыя людзі  адразу ж пакахалі адзін аднаго і вырашылі пажаніцца. У нядзелю селі снедаць перад  адказным  рашэннем, а тут у пакой  убегла суседка і паведаміла, што пачалася вайна. Было не да вяселля, але адмяняць  стварэнне сям’і  юнак не жадаў. Хуценька распісаліся, не запрашаючы ні бацькоў, ні сяброў. За вясельным сталом  сядзелі толькі  дырэктар школы і некалькі настаўнікаў. Усе разумелі, што  наперадзе ваеннае ліхалецце.
Немцы прыйшлі  праз два тыдні і навялі свае парадкі. Выконваць фашысцкія загады хацелі не ўсе, таму  ў раёне  быў створаны партызанскі атрад “За Радзіму”, які дыслацыраваўся  ў мясцовым лесе. Туды пайшлі  ваяваць з ворагам не толькі малады настаўнік, якога  адразу прызначылі палітруком, але і яго маці і сястра Надзея. Пра тое, як яны змагаліся з ворагам, напісаў Іван Колас  у кнізе “Прыжок в темноту”, дзе  расказвалася, як маці  з  Надзеяй  прывялі  ў партызанскі атрад немца-“языка”. Ён даў каштоўныя звесткі і стаў падтрымліваць  сувязь з народнымі мсціўцамі  праз родных Рая. Сам палітрук прымаў  удзел  у многіх аперацыях, адна  з якіх  была звязана са знішчэннем фашыстаў, якія  працавалі  ў камендатуры Турава.
У барацьбе з ворагам загінулі  многія. У сям’і Рая  таксама  ёсць  журботныя  падзеі.  Немцы спалілі вёску Тонеж, дзе ён вучыўся,  а вёска Толчын, дзе жылі  родныя яго жонкі, раздзяліла  лёс  Хатыні. Нелюдзі спалілі маці, бацьку, бабулю і сястру Марыі Сцяпанаўны. У агні  загінулі і чатыры  яе малалетнія пляменнікі.
Як толькі  ў маі  1944 года Тураўшчына  была вызвалена ад  захопнікаў,  партызанскі палітрук  пайшоў на фронт  ваяваць з фашыстамі.  Памятае  баі пад Варонежам, памятае горыч страт баявых сяброў  і радасць  Перамогі. Толькі  ваяваць  Мікалаю Паўлавічу  давялося  яшчэ і з японскімі мілітарыстамі, перш чым восенню 1945 года  ён вярнуўся  дахаты. І адразу ж атрымаў  накіраванне ў Давыд-Гарадоцкі  раён у вёску Альшаны, дзе стаў працаваць загадчыкам Альшанскай пачатковай школы.
Якую памяць пакінуў пра сябе  ў мясцовых жыхароў, сведчыць  такі факт. Унук адной бабулі з Альшан вычытаў у раённай  газеце віншаванне М. П. Раю з нагоды яго стагоддзя. Падзяліўся  навінай з бабуляй, а яна  ўспомніла, як вучыў іх  гэты настаўнік, якія добрыя ўспаміны  пакінуў пра сябе. Расказала  пра юбілей былога педагога суседцы-равесніцы. Разам  заказалі ў  нядзелю ў   мясцовым  храме  заздраўны малебен  былому настаўніку і павіншавалі яго па тэлефоне.
Мікалая  Паўлавіча  памятаюць  і ў Аздамічах, дзе ён у пачатку 50-ых гадоў загадваў  мясцовай сямігодкай, а потым  да 1962 года кіраваў педкалектывам і вучнямі Малаарлоўскай пачатковай школы. Тады сям’я  яго нарэшце з невялікага пакойчыка, які быў  звычайна пры  школе, перайшла  ва ўласны дом, які пабудавалі ў вёсцы  на цэнтральнай вуліцы. На гэты перыяд прыпадае і яго вучоба ў Пінску ў інстытуце настаўнікаў. Вучыцца давялося завочна, бо сям’я вырасла, трэба было гадаваць дзяцей і працаваць. У канцы свайго працоўнага  педагагічнага  шляху ветэран  стаў выкладаць  у суседняй вёсцы ў Вялікіх Арлах гісторыю і геаграфію, а потым фізвыхаванне. На пенсію ён пайшоў у верасні  1976 года.
Справу настаўніцтва прадоўжылі  яго дзеці. Толькі старэйшая сястра Тамара, якая нарадзілася  ў лесе ў 1942-м годзе, стала медыкам і ўсё сваё свядомае жыццё працавала на ФАПе ў в. Сямігосцічы. Астатнія  вучыліся  ў педінстытутах. Леанід Рай, які ўзначаліў у 60-я гады  спартыўнае таварыства раёна, неўзабаве пераехаў у Жабінку і да пенсіі працаваў дырэктарам  кінасеткі. Генадзь Рай быў у Крыме настаўнікам малодшых класаў. Там жа, у Крыме, у сяле Раздольным яшчэ працуе Людміла  Рай  (не адпускаюць на пенсію, хаця 10 гадоў мае на гэта права), якая стала выдатнікам  народнай адукацыі. Яе ўнучка Багдана  за сачыненне “Ваенныя старонкі нашай сям’і”, расказаўшы пра свайго прадзеда з Беларусі, заваявала  на конкурсе сачыненняў у Крыме другое месца. У Арлоўскай школе працавалі настаўніцамі  Клаўдзія і Эльвіра Рай, чые мужы  таксама  вучылі  тут дзяцей. Цяпер дынастыю Рай працягвае ў Арлоўскай школе  дачка  Эльвіры Мікалаеўны мовавед Марыя Міцкевіч. А наогул у родзе Рай  21 настаўнік. І гэта не дзіўна, бо  Мікалай Паўлавіч  мае 11 унукаў, 19  праўнукаў  і  тры прапраўнукі.
У старажылаў  пытаюць звычайна пра  сакрэт даўгалецця. І я запытала ў ветэрана трох войнаў, хаця разумела, што  многае перадаецца з генамі. А адказ быў  вельмі просты:
– Ніколі  нікому не зайздросціў і не жадаў зла. Шмат працаваў. Я і сёння працую ў меру сіл. Вяду здаровы лад жыцця. Ніколі не курыў, не напіваўся. У зносінах  з людзьмі  быў просты. Любіў сваю справу,  любіў дзяцей і імкнуўся толькі  дабром плаціць за ўсё.
Ёсць ў вялікай сям’і Рай  мара: адзначыць  у маі гэтага года  кароннае вяселле Мікалая Паўлавіча і Марыі Сцяпанаўны. Дай Бог, каб гэта мара  здзейснілася!
Валянціна МІРАНОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *