Расстаўляючы прыярытэты

15 студзеня адбылося пасяджэнне па падвядзенні вынікаў работы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. У ім  прыняў удзел намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Сідарэвіч Сяргей Фёдаравіч. З асноўнымі паказчыкамі работы за мінулы год пазнаёмілі начальнікі аддзелаў.
Выплаты, пенсіі, дапамогі
На першага студзеня 2016 года ў аддзеле пенсій і дапамог стаіць на ўліку 22944 атрымальнікі пенсій. Сярэдні памер працоўнай пенсіі ў раёне складае 2 млн 528 тысяч рублёў. Атрымальнікаў дапамог налічваецца 2500 чалавек, сярод якіх па доглядзе – 734 чалавекі, сямейных — 1766. У мінулым годзе спецыялістамі аддзела пенсій і дапамог на асабістых прыёмах прыняты 2900 чалавек. За справаздачны перыяд назначана 1600 дапамог: па доглядзе інвалідаў першай групы — 206, асоб, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, – 113, дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў – 55, дзяцей да трох гадоў – 458, старэй за тры гады з асобных катэгорый сем’яў – 97, ад трох да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў – 671.
Працягваецца работа па адраснай сацыяльнай дапамозе. У 2015 годзе прынята 2297 пісьмовых заяў. Адрасная дапамога аказана 3354 грамадзянам (2100 сем’яў). Агульная сума выдаткаваных грашовых сродкаў – 5 млрд 160 млн рублёў. Асноўная катэгорыя атрымальнікаў дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі – пенсіянеры (68 працэнтаў), найбольш частыя прычыны зваротаў – набыццё паліўных рэсурсаў і дарагіх лекавых прэпаратаў. Сярэдні памер аднаразовай дапамогі склаў 1 млн 627 тысяч рублёў.
845 грамадзян (212 сем’яў) атрымалі грашовыя сродкі ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі, сярэдні памер дамамогі на сям’ю склаў 7 млн 240 тысяч рублёў. У 139 выпадках жыхарам раёна было адмоўлена. Асноўныя прычыны: перавышэнне даходаў, несапраўдныя звесткі аб даходах і складзе сям’і.  Найбольшая колькасць зваротаў атрымана са Століна, Давыд-Гарадка, Гараднянскага сельсавета.
Пэўная дапамога аказваецца жыхарам раёна аднаразова. У 2015 годзе яе атрымалі 456 грамадзян на суму 399 млн рублёў. Дапамога аказвалася 7 сем’ям, дзе нарадзіліся двайняты.
Садзейнічанне занятасці
У 2015 годзе ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва па садзейнічанне ў працаўладкаванні звярнуліся 1069 чалавек, з іх статус беспрацоўнага атрымалі 752 чалавекі. На першага студзеня гэтага года стаяць на ўліку 190 беспрацоўных. Працаўладкаваны 553 чалавекі. На атрыманне прафесійнай адукацыі накіраваны 50 чалавек, з іх 41 – пад гарантыю працаўладкавання шляхам заключэння трохбаковых дагавораў. Прафесіі, якія яны атрымлівалі, — вадзіцель аўтамабіля катэгорыі В-С, D, Е, аператар сувязі, машыніст (качагар) кацельні, цырульнік, прадавец, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорыі А, тынкоўшчык, абліцоўшчык-плітачнік, некаторыя праходзілі курсы па тэме “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці”.
У  рамках   праграмы  “Моладзевая практыка” працаўладкаваны тры чалавекі з ліку беспрацоўных у КУШВП “Столінская ЖКГ” (аператар кацельні, цырульнік), ААТ “Гарынскі камбінат будаўнічых матэрыялаў” (інжынер-тэхнолаг). Па спецыяльнасці сакратар-рэферэнт у ПГУП “Дорога в жизнь” на адаптацыю да працоўнай дзейнасці накіраваны адзін інвалід.
На першага студзеня гэтага года ў дзяржаўную службу занятасці наймальнікамі раёна заяўлены 62 вакансіі, з іх 15 – па рабочых прафесіях, 18 – у сельскай мясцовасці. Патрабуюцца ўрачы, ветэрынарныя ўрачы, ляснічы, ляснік, майстар лесу.
Заработная плата
Сярэдняя заработная плата па раёне за 11 месяцаў мінулага года склала 4629,8 тысячы рублёў. Узровень заробкаў застаецца адным з самых нізкіх у вобласці, але разам з тым тэмп росту заработнай платы за 11 месяцаў 2015 года да адпаведнага перыяду 2014 года вышэй за абласны паказчык.
У 25 арганізацыях праведзены маніторынг па пытаннях своечасовай выплаты заробку работнікам і захавання мінімальных гарантый аплаты працы. На двух прадпрыемствах выяўлены парушэнні.
З першага студзеня памер месячнай мінімальнай заработнай платы павялічыўся і складае 2 млн 300 тысяч рублёў.
Ажыццяўляецца кантроль за рэалізацыяй мерапрыемстваў тэрытарыяльнай праграмы па паляпшэнні ўмоў працы. Выкананы заданні па прывядзенні ў адпаведнасць з нарматыўнымі патрабаваннямі параметраў мікраклімату на двух працоўных месцах, узроўню шуму, загазаванасці, асвятленні.
Паслугі насельніцтву
На надомным абслугоўванні знаходзяцца 1009 чалавек, з іх адзінокіх – 287 чалавек.  На ўмовах поўнай аплаты паслугі аказваюцца 777 чалавекам, частковай аплаты – 209, бясплатна – 23.  У 2015 годзе на абслугоўванне прынята 239 чалавек. Надомным абслугоўваннем ахоплены 70 населеных пунктаў (71 працэнт). Зараз у аддзяленні працуе 161 сацыяльны работнік. Яны зрабілі больш за 119 тысяч наведванняў  дома, аказалі 537 481 паслугу.
Уведзена новая форма сацыяльнага абслугоўвання: у чэрвені ў Альшанах адкрыта гасцявая сям’я. Сям’я сацыяльнага работніка ажыццяўляе догляд  адзінокай непрацаздольнай пенсіянеркі. Усе святы і выхадныя дні яна знаходзіцца ў сацыяльнага работніка.
На ўліку ў тэрытарыяльным цэнтры стаяць 898 адзінокіх  людзей, 7659 адзінока пражываючых, 69 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 437 вязняў фашысцкіх канцлагераў. Штогод праводзіцца матэрыяльна-бытавое абследаванне гэтых катэгорый грамадзян з мэтай выяўлення патрэбнасці ў дапамозе.
У 2015 годзе праз “Пункт пракату” выдзелены сродкі сацыяльнай рэабілітацыі 15 інвалідам. Сацыяльным работнікам па аказанні платных разавых паслуг выкананы 622 паслугі 313 грамадзянам. Паслугі нянькі аказваюцца пяці мнагадзетным сем’ям, якія выхоўваюць двайнят. Паслугай “Сацыяльнае таксі” скарысталіся 203 жыхары.
У справаздачным перыядзе аддзяленне     дзённага     знаходжання наведвалі 40 маладых інвалідаў: у Століне – 27, у Альшанах – 13. За апошні год у сацыяльны пункт Альшан узяты два чалавекі, адзін зняты. Асноўныя напрамкі работы аддзялення – сацыяльна-бытавая, сацыяльна-псіхалагічная і працоўная адаптацыя асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Аддзяленнем сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі праводзіцца работа з людзьмі, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі (нядобранадзейныя сем’і; асобы, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі; сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў і інш.)
Перад прысутнымі выступіла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Валянціна Мікалаеўна Харавец. Яна ўручыла Падзячныя лісты спецыялістам сектара дапамог аддзела пенсій і дапамог Пашкавец Святлане Сцяпанаўне і Яроцкай Ірыне Максімаўне.
Дырэктар ТЦСАН Любоў Фёдараўна Дземідовіч уручыла Падзячныя лісты сацыяльным работнікам Крывапуст Людміле Мікалаеўне (р. п. Рэчыца) і Калеснік Вользе Якаўлеўне (аг. Белавуша).
Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сідарэвіч адзначыў, што галоўная задача ўпраўлення – вырашыць праблему, з якой звяртаецца чалавек, дапамагчы яму, хутка і прафесійна адказаць на ўзнікаючыя пытанні.
Святлана ШПАКОЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *