Прафтур Століншчыны – «Палеская Амазонія»

27-30 студзеня 2016 года ў сталічнай гасцініцы “Турыст” упершыню пройдзе прафсаюзная экскурсійна-турыстычная выстаўка “Прафтур-2016”. Наш раён на выстаўцы прадставіць свой праект “Палеская Амазонія”, распрацаваны дзяржаўнай прыродаахоўнай установай “Заказнікі “Сярэдняя Прыпяць” і “Альманскія балоты” сумесна з раённым фізкультурна-спартыўным клубам і зацікаўленымі арганізацыямі.
Арыгінальны турыстычны маршрут  “Палеская Амазонія” будзе цікавы як тым, хто ўпершыню прыехаў у наш раён, так і тым, хто вырашыў адкрыць яго з новага боку.
– “Палеская Амазонія” – гэта камбінаваны (пешы/аўта/водны) маршрут  працягласцю 130 кіламетраў, 60 з якіх займае водны ўчастак, разлічаны на тры дні і дзве ночы, — расказвае дырэктар ДПУ “Заказнікі “Сярэдняя Прыпяць” і “Альманскія балоты” Іван Васільевіч Яхнавец. — Пачынаецца знаёмства з куточкам некранутай прыроды з эколага-асветніцкага цэнтра ў заказніку “Сярэдняя Прыпяць”, размешчанага ў жывапісным месцы за 200 метраў ад ракі Прыпяць. Далей прапануецца ажыццявіць водны спуск на катэры па рацэ Прыпяць ад вёскі Кораб’е і па рацэ Гарынь да Століна, зрабіўшы прыпынак у Давыд-Гарадку.  Тут падчас агляднай экскурсіі можна азнаёміцца з гістарычнай і культурнай спадчынай, наведаць мясцовы краязнаўчы музей.
Далейшае падарожжа прадугледжвае аўтамабільную экскурсію. У будучыні плануецца набыць турыстычныя веласіпеды, каб на іх працягнуць сухапутны шлях. Наведванне Цэнтра драўлянай скульптуры народнага майстра Беларусі, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, Ганаровага палешука Івана Піліпавіча Супрунчыка ў вёсцы Цераблічы дасць уяўленне пра быт і звычаі палешукоў.
Наступны прыпынак у  Нова-Беражным  дазволіць зрабіць прагулку па старажытным парку роду Алешаў.
“Изюминкой” тура з’яўляецца пешая прагулка па жамчужыне палескага краю – парку магнацкага роду Радзівілаў  “Манькавічы”.
Са Століна можна адправіцца ў Альманскія балоты з іх таямніцамі і ўнікальнай аўрай экалагічнай сістэмы.  Па дарозе ў аўтобусе экскурсавод раскажа пра жыццё “людзей на балоце”, легенды і паданні навакольных вёсак, праблемы аховы прыроднай спадчыны. Машрут дазваляе прайсці па экалагічнай сцяжыне і поўнымі грудзямі ўдыхнуць пах багуну і разнастайных балотных траў, паназіраць за жыццём дзікай прыроды, пазахапляцца відам з вышкі былога Мярлінскага ваеннага палігона.
На турыстычным маршруце “Палеская Амазонія” размешчаны  аграсядзібы “С.О.М.” (в. Кораб’е, вул. Рачная, 6)  і   “Льва”  (в. Кашара, вул. Савецкая, 6) і “Стары хутар” (аг. Беражное), якія прапануюць камфортнае пражыванне, адпачынак на прыродзе і традыцыйную беларускую кухню. Акрамя аграсядзіб, на выбар турыстаў прапануецца начлег у палатках на беразе ракі Прыпяць, у гасцініцы “Гарынь” горада Століна і ў паляўнічым доміку Палескага лясгаса, што знаходзіцца ў цэнтры заказніка “Альманскія балоты”.
“Прафтур-2016” у кулуарах ужо называюць эпахальным. Па-першае, экспазіцыя, якую прадставяць удзельнікі, сведчыць пра адраджэнне прафсаюзнага экскурсійнага турызму, арыентаванага не толькі на выкананне індывідуальных заявак, але і на арганізацыю экскурсій для працоўных калектываў. Па-другое, плануецца, што ўпершыню з часоў распаду СССР на адной пляцоўцы збяруцца прафсаюзныя аператары краін бліжняга і далёкага замежжа. Мяркуецца, што ў ёй прымуць удзел каля 10 краін.
Арганізатарамі выступаюць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі сумесна з  турысцка-экскурсійным унітарным прадпрыемствам “Беларустурыст”, а таксама УП “Белпрафсаюзкурорт”.
Поруч  з нашым раёнам на выстаўцы будуць прадстаўлены турыстычныя магчымасці ўсіх рэгіёнаў краіны. Раённыя і гарадскія аб’яднанні прафсаюзаў на працягу 2015 года распрацоўвалі ўнікальныя, невядомыя раней экскурсійныя маршруты, якія будуць прадстаўлены на дадзенай выстаўцы. На падставе гэтага арыгінальнага матэрыялу Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выдасць зборнік з унікальнай картай турыстычных маршрутаў у разрэзе кожнага раёна.
“Беларустурыст” і прафсаюзныя здраўніцы прадставяць увесь спектр прапануемых паслуг, пазнаёмяць як з палюбіўшыміся кірункамі экскурсійнага турызму і аздараўлення, так і з навінкамі, а іх нямала. Напрыклад, і “Беларустурыст”, і “Белпрафсаюзкурорт” даюць 25-працэнтную скідку членам прафсаюза на шэраг сваіх паслуг. На выстаўку запрашаюцца не толькі індывідуальныя наведвальнікі, але і працоўныя калектывы. Між тым, выбраўшы маршрут, які спадабаўся, і прафсаюзныя камітэты, і кожны наведвальнік паасобку змогуць аформіць заяўку прама на месцы.
Галіна ГАШЧУК

 

Для даведкі: санаторна-курортнае прадпрыемства  “Белпрафсаюзкурорт” – гэта холдынг, які аб’ядноўвае 12 санаторыяў, у тым ліку адзін дзіцячы, і аздараўленчую арганізацыю “Турыстычны комплекс “Нарач”. Сістэма здраўніц уключае санаторыі “Прыдняпроўскі”, “Беларусачка”, “Крыніца”, “Нарач”, “Буг”, “Лётцы”, “Імя У. І. Леніна”, “Чонкі”, “Свіслач”, “Нарачанскі бераг”, “Нёман-72”, “Лясныя азёры”. На базе прафсаюзных санаторыяў аздараўляюцца ад 80 да 100 тысяч чалавек у год. Сярод іх нямала іншаземцаў.
У сваю чаргу “Беларустурыст” можа па праву лічыцца родапачынальнікам  айчыннага турызму. Яго гісторыя адлічваецца з 1951 года, калі згодна з пастановай Сакратарыята ВЦСПС была створана Мінская экскурсійная база Цэнтральнага турысцка-экскурсійнага ўпраўлення ВЦСПС. У 2016 годзе прадпрыемства будзе адзначаць салідны юбілей – 65 гадоў.
Сёння ў склад “Беларустурыста” ўваходзяць 8 гасцініц з рэстаранамі, 8 турысцка-аздараўленчых комплексаў, 17 бюро падарожжаў і экскурсій у найбольш буйных гарадах краіны, уласнае аўтатранспартнае прадпрыемства.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *