Плацдарм педагагічнага майстэрства

З чацвёртага па пятага студзеня ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў г. Мінску прайшоў V Рэспубліканскі калядны фестываль педагагічнага майстэрства. Удзел у дадзеным мерапрыемстве прынялі і педагогі Столінскага раёна.
Раён на фестывалі прадставілі загадчык вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Грэчка В. А., дырэктар сярэдняй школы № 2   г. Століна Лазіцкая А. М., намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 г. Давыд-Гарадка Свірыдчук Н. В., намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Веляміцкай сярэдняй школы Мароз Т. М., намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Асаўской сярэдняй школы Платніцкая В. М., намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Лядзецкага ВПК яслі-сад сярэдняя школа Царык С. Р. і  настаўнік біялогіі сярэдняй школы № 2 г. Століна Гарагляд Л. Ц., настаўнік гісторыі Веляміцкай сярэдняй школы Машлякевіч І. Л.
Фестываль адкрыў рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат фізіка-матэматычных навук Андрэй Пятровіч Манастырны. Прывітала ўдзельнікаў фестывалю намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, кандыдат педагагічных навук  Раіса Станіславаўна Сідарэнка. Прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктар педагагічных навук Галіна Іванаўна Нікалаенка ў сваім выступленні спынілася на самым важным фактары развіцця адукацыйнай сферы – эфектыўным вопыце настаўнікаў-практыкаў.
У межах праграмы фестывалю працавалі 12 прадметных секцый, былі праведзены 72 майстар-класы, вядучымі якіх выступілі 87 лепшых педагогаў рэспублікі: члены клуба “Хрустальный журавль”, прадстаўнікі Асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне”.
Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Асаўской сярэдняй школы Валянціна Міхайлаўна Платніцкая расказвае, што ёй не раз прыходзілася чуць пра Рэспубліканскі калядны фестываль педагагічнага майстэрства і вось у гэтым годзе пашчасціла прыняць удзел у ім.  Яна наведала секцыі замежнай мовы і біялогіі, а працуючы ў майстар-класах і на “Уроках для дарослых”, зразумела, што нават самы высокі ўзровень педагагічнага майстэрства саступае перад арміяй сапраўдных спецыялістаў – настаўнікаў-метадыстаў з розных куточкаў рэспублікі, чые майстар-класы і ўрокі для дарослых сталі прыкладам арганізацыі ўрока на аснове акультурыруючага  дыялогу, узорам стварэння ўмоў для развіцця ініцыятывы кожнага канкрэтнага дзіцяці незалежна ад яго здольнасцяў, псіхалагічных і фізіялагічных асаблівасцяў.  Яны сталі прыкладам не толькі для маладых, але і для тых, хто мае немалы вопыт, але імкнецца да няспыннага самаўдасканалення.
На думку намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Веляміцкай сярэдняй школы  Таццяны Мікалаеўны Мароз і настаўніка гісторыі Веляміцкай сярэдняй школы Ірыны Леанідаўны Машлякевіч, V Рэспубліканскі калядны фестываль стаў плацдармам для павышэння майстэрства. Трапляючы ў такую атмасферу, паступова разумееш, што прафесія педагога  — адна з самых годных.
Ад наведвання фестывалю ў гэтых педагогаў засталіся самыя прыемныя ўспаміны, а атрыманы вопыт стане трывалай асновай працоўнай дзейнасці.
Удзельнікі фестывалю выказваюць падзяку начальніку ад-дзела адукацыі, спорту і турызму Вячорку А. М. за дадзеную магчымасць удзелу ў гэтым мерапрыемстве.
Людміла КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *