Паўвека ў пары

У Рэчыцкім сельскім Савеце гэта ўжо традыцыя – віншаваць юбіляраў сямейнага жыцця. 19 студзеня залатое вяселле адзначалі Мікалай Аляксандравіч і Марыя Пятроўна Дабрыянцы.
Старшыня сельвыканкама Ігар Мікалаевіч Курган і кіраўнік спраў Іна Мікалаеўна Бут-Гусаім завіталі да юбіляраў і правялі акт рэгістрацыі, павіншавалі і ўручылі кветкі. На сямейнай урачыстасці прысутнічалі   дзеці,  унукі  і     праўнукі юбіляраў, суседзі.
Сям’я Дабрыянцаў нічым асаблівым не вылучаецца сярод мноства іншых – дом пабудавалі, дзяцей выгадавалі, пасадзілі дрэвы. Ды ўсё ж ёсць і тое, што можа служыць прыкладам нашчадкам, – працавітасць, дабрыня, сямейнае даўгалецце, вернасць аднойчы зробленаму выбару.
Мікалай Аляксандравіч мясцовы, рос сіратою. Пасля школы паспеў тры гады адпрацаваць на перасовачнай кінаўстаноўцы. Пасля была армія. Тры гады адслужыў у Ленінградзе ў сапёрных войсках. А калі прыехаў на радзіму ў водпуск, сустрэў на танцах сваю будучую жонку, пакахаў. Паўтара года перапісваліся, а пасля службы 19 студзеня 1966 года распісаліся. Абвянчаліся і згулялі вяселле ўжо ў лютым.
Марыя Пятроўна нарадзілася ў вёсцы Грыўковічы Пінскага раёна ў мнагадзетнай сям’і, дзе выхоўвалася 11 дзяцей. Гэтая акалічнасць і паслужыла парасткамі павагі і любові да бліжняга, да людзей увогуле. У  1963  годзе дзяўчына прыехала на работу на Гарынскі кансервавы завод. Працавала на розных вытворчых участках – закатчыцай, варшчыцай, апаратчыцай – да самага выхаду на пенсію. За добрасумленную працу неаднаразова выходзіла пераможцай спаборніцтва на прадпрыемстве, мае шэраг грамат, узнагароджана медалём “За доблесную працу”. Як лепшы работнік у 1981 годзе была прэміявана турыстычнай паездкай у Балгарыю. Жанчына ўвогуле любіць падарожнічаць, часта бывала ў санаторыях, дзе ўдзельнічала ў канцэртах, якія звычайна ладзяць адпачываючыя, чытала са сцэны вершы.
Дабрыянцы выгадавалі трох дачок, маюць пяцярых унукаў і пяцярых праўнукаў, усе дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю. Старэйшая Святлана была медыцынскім работнікам, на жаль, яна пайшла ўжо з жыцця. Анжэла Мікалаеўна больш за 20 гадоў адпрацавала на мясцовым агракамбінаце, была вядучым інжынерам, намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце. Цяпер перайшла ў страхавую кампанію “ТАСК” і ажыццяўляе сваю дзейнасць  на  пагранічным  пераходзе “Верхні Церабяжоў”. Наталля  жыве ў Лепелі, працуе галоўным эканамістам.
Атрымаць вышэйшую адукацыю імкнуцца і ўсе ўнукі.
– Мы ўжо сорак гадоў жывём поруч, – далучаецца да размовы суседка Марыя Фёдараўна Прылуцкая. –  Да іх іду як да сястры, з упэўненасцю, што не адмовяць, дапамогуць у любой справе. Дом Дабрыянцаў ніколі не зачыняецца: тут пастаянна дзеці, унукі, праўнукі. І ў гэтым іх жыццё – разам і ў радасці, і ў нягодах.
Мікалай Аляксандравіч 38 гадоў аддаў рабоце на заводзе абліцовачнай фасаднай керамікі, з іх 18 – на дрэнажным, неаднойчы выходзіў пераможцай у працоўным спаборніцтве.  За сумленную работу заахвочваўся, адзначаны медалямі ў азнаменаванне юбілеяў У. І. Леніна.
Усе блізкія адзначаюць яго захапленне лесам, грыбамі, рыбалкай, а Марыю Пятроўну за ўменне гатаваць стравы. Зяць Віктар асабліва вылучае яе галубцы, дранікі і марынаваныя грыбы…
Няхай яшчэ доўга гарыць святло ў вашым акенцы, юбіляры!
Галіна ГАШЧУК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *