Нецэнзурныя надпісы выйшлі бокам

Вольны час можна бавіць па-рознаму: весела,  цікава,  карысна, а можна, як сведчаць матэрыялы чарговай крымінальнай справы, і не вельмі прыстойна.
У канцы снежня адбыўся суд на чале з суддзёю А. А. Пракапчуком з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы А. С. Хоміча.
Жыхар горада Століна, 1996 года нараджэння, работнік Столінскай ЦРБ, не вельмі задумваўся над маральным бокам свайго ўчынку. У верасні мінулага года, выкарыстоўваючы балончык з фарбай чорнага колеру,  наўмысна зрабіў цынічныя надпісы і малюнкі нецэнзурнага зместу на рускай і англійскай мовах у грамадскім месцы, а менавіта на ўнутраным баку прыпыначнага пункта “Аграрны каледж” і на сцяне гандлёвага павільёна “Саша”, што знаходзяцца  на  вуліцы Церашковай у райцэнтры. Прычынены ўрон склаў 500 тысяч рублёў.
У час судовага пасяджэння абвінавачваемы сваю віну прызнаў цалкам і расказаў, што сапраўды ў згаданы час знаходзіўся на вуліцы Церашковай, дзе “ўпрыгожыў” прыпынак грамадскага транспарту і гандлёвы аб’ект. Прычын для ўчыненння надпісаў не было. Юнак цалкам кампенсаваў урон.
Судом Столінскага раёна жыхару райцэнтра прызначана пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ тэрмінам 120 гадзін.
Прызначаючы пакаранне, суд улічыў характар і ступень грамадскай небяспекі ўчыненага злачынства, мэты зробленага, памер прычыненага ўрону, а таксама тое, што абвінавачваемы першы раз прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, станоўча характарызуецца па месцы работы і жыхарства.
Як растлумачыў дзяржаўны абвінаваўца А. С. Хоміч, артыкул 341 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымінальную адказнасць за апаганьванне будынкаў ці іншых збудаванняў цынічнымі надпісамі ці выявамі, псаванне маёмасці на грамадскім транспарце ці ў іншых грамадскіх месцах пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства. Санкцыяй дадзенага артыкула максімальнае пакаранне вызначана ў выглядзе арышту тэрмінам на тры месяцы.
Многа энергіі і творчых ідэй? Варта падумаць над тым, каб прымяніць іх у  больш  правільным рэчышчы.
Аліна НОВІКАВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *