Нас аб’ядноўвае саюз дзяцей і дарослых

З 18 па 22 студзеня ў сярэдняй школе № 3 г. Століна прайшоў Тыдзень дзіцячых і моладзевых грамадскіх арганізацый. Кожны дзень ва ўстанове адукацыі праходзілі  мерапрыемствы,  якія  былі   прысвечаны 25-годдзю БРПА, а таксама папулярызацыі дзейнасці ГА “БРПА” і “БРСМ” сярод вучняў.

У бібліятэцы школы бібліятэкарам Тамарай Паўлаўнай Яхнавец была арганізавана выстаўка кніг “Што мы ведаем пра піянераў-герояў?”, а ў фае педагогам-арганізатарам Марынай Сяргееўнай Навумовіч — выстаўка фотаздымкаў  пад назвай “Жыццё піянерыі: учора, сёння, заўтра”, якая адлюстроўвала дзейнасць некалькіх пакаленняў піянераў,  пачынаючы з 1922 года.

Усё ў гэтым свеце пачынаецца з дабрыні, узаемаразумення і чуласці. Менавіта на гэтыя якасці звяртаецца ўвага, калі ідзе гаворка пра ўдзел у дабрачынных  акцыях, бо важна не толькі сабраць неабходныя сродкі, але і падарыць крышачку свайго цяпла, удзяліць увагу тым, каму гэта неабходна.  Таму 18 студзеня  вучні 8 “В”  класа разам з класным кіраўніком Святланай Адамаўнай Гуцко і педагогам-арганізатарам Марынай Сяргееўнай Навумовіч  прынялі ўдзел у акцыі “Цуды на Каляды”.  Яны наведалі сацыяльна-педагагічны цэнтр Столінскага раёна, дзе прадстаўнікі атрада “Піянерскія пельмені” не толькі ўручылі дзеткам падарункі, але і правялі з імі рухомыя гульні, разам бавілі час за кніжкамі-размалёўкамі і пазнаёміліся з жыццём выхаванцаў цэнтра. Самым галоўным падарункам стала ўвага і неабыякаваць, жаданне дапамагчы і падтрымаць, проста стаць сябрам ці добрым таварышам.

Свята ўручэння акцябрацкай зорачкі “Мы —  рабяты-акцябраты” прайшло 19 студзеня. На святочную лінейку  пасвячэння ў акцябраты сабраліся вучні пачатковых класаў і іх старэйшыя сябры – піянеры-актывісты дружыны “Зараніца”, якія і ўручылі самым маленькім грамадзяням краіны “Піянерыя” – вучням другіх класаў — акцябрацкія зорачкі  як сведчанне іх прыналежнасці да арганізацыі.

20 студзеня старшыня раённага савета грамадскага аб’яднання “БРПА” Ірына Васільеўна Дабрыянец запрасіла вучняў пятых-шостых класаў прыняць удзел у творчай гульні “Хаотыкі”, якая спадабалася і яе ўдзельнікам, і ўсім балельшчыкам.

На наступны дзень  дзевяць каманд вучняў  сёмых-восьмых класаў і выхаванцаў Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці клікаў інтэлектуальны марафон. Яго вядучым стала старшыня раённага савета грамадскага аб’яднання “БРПА”, кіраўнік Клуба знатакоў  Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Ірына Васільеўна Дабрыянец, якая прапанавала дзецям адказаць на пытанні зімовай тэматыкі ў “Эрудыт-лато”, агучыла  дзевяць тэм па пяць пытанняў “Сваёй гульні” і задала дзесяць пытанняў “Што? Дзе? Калі?”.  Журы, у склад якога ўвайшлі Марына Сяргееўна Навумовіч, Таццяна Мікалаеўна Хоміч і Ірына Васільеўна  Дабрыянец, вызначылі самых інтэлектуальна падкаваных  сярод  вучняў гэтага ўзросту.

Трэцяе месца ў інтэлектуальным марафоне заняла каманда “Перазагрузка” цэнтра дзіцячай творчасці (капітан Лізавета Самоцкая),  другое – каманда “Эйнштэйн”  восьмага класа сярэдняй школы № 3 г. Століна ( капітан Алеся Чмуневіч), першае —  каманда “Рэйс № 14” цэнтра дзіцячай творчасці (капітан Настасся Лічэўская).

Дзейнасці ГА “БРСМ” была прысвечана сустрэча з першым сакратаром Столінскага РК ГА «БРСМ» Вадзімам Зарубай, якая адбылася ва ўстанове адукацыі 18 студзеня. На мерапрыемстве прысутнічалі вучні старэйшых класаў, адказны сакратар пярвічкі ва ўстанове адукацыі  Вольга Аляксандраўна Навумовіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Рыгораўна Валадкевіч. Вадзім Заруба не толькі расказаў прысутным   пра  арганізацыю моладзевага руху ў раёне з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі, але і асабіста ўручыў білеты новым членам БРСМ.

Заключным этапам Тыдня дзіцячых і моладзевых грамадскіх арганізацый стаў “Фестываль піянерскай песні”, які праводзіцца ва ўстанове ўжо не першы раз і мае сваіх прыхільнікаў, якія з радасцю выходзяць на сцэну, каб прадэманстраваць свой талент і падарыць імгненне  пазітыву і добрага настрою.

Хочацца верыць, што піянеры і члены БРСМ сярэдняй школы № 3 г. Століна заўсёды будуць гатовы быць наперадзе, весці за сабой, дапамагаць слабым адчуваць сябе моцнымі, старацца праслаўляць сваю Радзіму добрымі справамі.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *