Майстрыха на ўсе рукі

У выставачнай зале горада Століна (вул. Савецкая, 106) адкрылася персанальная выстаўка дэкаратыўна-прыкладной творчасці Праскоўі Паўлаўны Палукошка з вёскі Альманы.
Зробленыя ўмелымі рукамі Праскоўі Паўлаўны рэчы не толькі ўпрыгожаць дом, але і маюць функцыянальнае значэнне. Прадстаўленыя ўзоры майстрыха аб’яднала ў выстаўку пад назвай “Всё могу в укрепляющем меня Господе”.
Цікавасць да рукадзелля Праскоўя праявіла ў раннім дзяцінстве. А пачалося ўсё з рукавічак, якія на прутках вязала маці. Неяк мама пайшла даіць карову, а Праскоўя тым часам узяла вязанне, пачала перабіраць петлі-вочкі і ў яе атрымалася. Заўважыўшы здольнасці дачушкі, маці паказала, як афармляць пальчык у рукавічках, як вязаць пятку ў шкарпэтках. Так дзяўчынка прыахвоцілася да ўласнаручнага стварэння рэчаў. З часам з’яўляліся больш складаныя мадэлі – вязаныя кручком і на прутках пальчаткі, кофты, сурвэткі, абрусы… Паступова яна асвоіла тэхніку макрамэ, саломапляцення, інкрустацыю саломкай…
Адно з захапленняў творчай натуры – пашыў пакрывалаў і пледаў з абрэзкаў. Тэхніку іх выканання пераняла з часопісаў па рукадзеллі, а зараз увогуле новыя ідэі знаходзіць на спецыяльных сайтах.
– Я не выкідаю сукенак, якія выйшлі з моды. З іх ствараю вось такія рэчы, — расказвае Праскоўя Паўлаўна. – Гледзячы на стракатыя лапікі, успамінаю, з чаго выкананы кожны фрагмент.
Праскоўя Палукошка працавала медыцынскім работнікам у мясцовай амбулаторыі, а ўвесь вольны час аддавала творчасці. Зараз яна выйшла на заслужаны адпачынак і яе душа поўная новых мараў і ідэй. Цяпер жанчына ўсур’ёз зацікавілася лозапляценнем. На выстаўцы экспануюцца яе першыя лазовыя вырабы – вазы, падстаўка для сталовых сурвэтак, карзіны для бялізны, прыстасаванне для дроў ля каміна… Яна марыць узаконіць свой занятак, каб мець магчымасць ствараць новыя вырабы пад заказ альбо з мэтай продажу.
Няхай яе занятак і надалей прыносіць ёй радасць і задавальненне, а вырабы набываюць новае жыццё!
Галіна ГАШЧУК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *