Куфар – мэбля продкаў

Кожны раз, калі я дастаю прыгожую сукенку з шафы, мая бабуля Алена, якая мае за плячыма больш за дзевяноста гадоў, кажа: “Колькі ж у вас, сучаснай моладзі, убораў. А ў наш час…” . І не то з сумам, не то з разважаннем уздыхае.

– Дарэчы, бабуля, а куды вы хавалі сваё адзенне? – пытаю я.

– На жэрдку вешалі будзённае адзенне, а святочныя сукенкі – у куфар, – адказвае яна.

Добра, што такое жэрдка, я ўяўляю, а вось пра куфар я чула ледзь не ў першы раз. Таму разам са сваёй дачкой Крысцінай мы вырашылі зрабіць экскурсію ў мінулае і падрабязна даведацца аб такой дарагой побытавай рэчы нашых продкаў.

Вы таксама спытайце ў сваёй маці альбо бабулі, што такое куфар. І вы пачуеце доўгі паэтычны расказ, у якім будуць прысутнічаць і сваты, і вясельны цягнік, і ўрачысты перавоз пасагу нявесты ў дом жаніха.

Магчыма, у сенцах ці каморы знойдзецца і сам куфар – нізкаватая скрынка з пакатым векам, на ножках ці кольцах, з ручкамі па баках. Вы не можаце не звярнуць увагу, што калісьці куфар быў прыгожы. На зялёным, блакітным, вішнёвым фоне афарбоўкі віднеюцца букеты кветак, ланцужкі ўзору ці проста хвалістыя палосы. Неяк нязвыкла яму сярод звычайных гаспадарчых рэчаў, якімі застаўлена кладоўка альбо хлеў.

І сапраўды, яшчэ не так даўно ў куфра была зусім іншая, надта пачэсная роля. Стаяў ён на самым прыкметным месцы ў хаце, і дзяўчына складвала ў яго свой пасаг: пасцель, адзенне,  ручнікі. Ручнікі ўвогуле былі самым вялікім багаццем. У залежнасці ад матэрыяльнага становішча іх было ад пяці да некалькіх дзясяткаў. А паколькі маці разам з дачкой самастойна ткалі ручнікі, то ў кожнай дзяўчыны быў свой непаўторны куфар. Да вяселля яго трэба было запоўніць увесь. І вось наставаў той час, калі дзяўчына развітвалася з родным домам, пераязджаючы да свайго суджанага. Спецыяльна выдзеленыя ўдзельнікі вяселля грузілі на воз ці на сані куфар з пасагам і ўрачыста везлі па   вёсцы:   “Глядзіце, якая ўмелая і  працавітая нявеста!”

Куфры ў беларускай вёсцы з’явіліся прыкладна 130 гадоў таму. Іх вырабам звычайна займаліся спецыяльныя майстры, а тая выключная роля, якую выконвалі куфры ў вясельных абрадах, выклікала патрэбу ў іх аздабленні. Спачатку куфры проста фарбавалі ў які-небудзь адзін колер – зялёны, вішнёвы, блакітны, акоўвалі па вуглах узорыстымі палосамі бляхі. Хутка гэта перастала задавальняць пакупнікоў, што вымусіла рамеснікаў шукаць больш дэкаратыўныя сродкі аздаблення. Так, некаторыя майстры з паўночнага захаду Беларусі сталі маляваць на пярэдняй сценцы дзве скрыжаваныя кветкі ці стылізаваны букет.  Але такія ўзоры не атрымалі адабрэння ў народзе, іх насмешліва называлі “венікамі”. Тады майстры звярнуліся да матываў, здаўна вядомых у іншых відах народнага мастацтва (разьбярстве, набойцы і інш.). На афарбаваныя ў блакітны ці вішнёвы колер сценкі куфра штампікамі з бульбы альбо рэпы наносілі ланцужкі ўзору з кропачак, зорачак, крыжыкаў і іншых геаметрычных ці стылізаваных раслінных матываў. Узоры белага ці жоўтага колеру акаймоўвалі акоўку, замок, ручкі, утваралі канцэнтрычныя колы на свабодных плошчах куфра. Такі метад дэкору, які называлі “цацкаваннем”, хутка набыў шырокае распаўсюджанне, асабліва на Гродзеншчыне.

Адначасова па ўсёй Беларусі шырока бытавала і тэхніка фляндроўкі. Куфар фарбавалі ў які-небудзь светлы колер, напрыклад, охрысты, затым, калі фон высыхаў, фарбавалі ў больш цёмны колер. Па сырой фарбе праводзілі грабеньчыкам, імітуючы адценні больш каштоўных парод дрэва. Такія куфры называлі “камодамі” і былі яны ў заможных і багатых людзей.

А вось на Палессі, у тым ліку і ў нашай вёсцы, найбольш часта сустракаліся куфры, аздобленыя букетамі ці гірляндамі кветак. Але ў самой вёсцы іх не рабілі. Існавалі цэлыя гарады, якія займаліся вырабам куфраў. Менавіта яны і былі галоўнымі  пастаўшчыкамі мэблі нашых продкаў.  Гэта Огава пад Пінскам, Крамно на Драгічыншчыне, Шарашова ля Пружан. І што самае прыемнае, выраблялі куфры і ў добра нам знаёмым Давыд-Гарадку. У гэтым слаўным горадзе майстроў і дагэтуль жывуць людзі, якія атрымалі гэты навык ад сваіх дзядоў. Працэс гэты быў складаны, таму працавалі цэлай сям’ёй. Безумоўна, рабілі куфар мужчыны. Знаходзілі самыя роўныя дошкі, звычайна дубовыя, бо яны надта трывалыя. Куфры былі прамавугольныя, але на той час, без сучасных прылад было цяжка дабіцца правільнай формы. Таму не адзін тыдзень шчыравалі рамеснікі. А вось  фарбавалі і распісвалі куфар жанчыны, якія праяўлялі ўсе свае мастацкія здольнасці. Таму куфар – гэта не толькі мэбля мінулага, але сапраўдны прадмет мастацтва.

А ці захаваліся куфры да нашых часоў?  Як-ніяк больш за стагоддзе прайшло з таго часу, калі яны былі “ў модзе”.  І тут Крысціна ўспамінае, што бачыла падобную скрынку ў хляве сваёй бабулі Вольгі і той даўно выконвае ролю збожжасховішча. Аказваецца, дастаўся ёй куфар у спадчыну ад свекрыві,  а той – ад сваёй маці. Гэта значыць, быў зроблены куфар прыкладна ў канцы дзевятнаццатага стагоддзя. Першапачаткова вялікі, бліскучы, прыгожы куфар быў афарбаваны ў чорны колер і стаяў у хаце. Пераехаўшы ў хлеў, з цягам часу і ён страціў свой святочны выгляд.

Яшчэ мы звярнуліся да загадчыцы этнаграфічнага музея  “Вытокі” Сямігосціцкай сярэдняй школы Ярмакевіч Ірыны Уладзіміраўны, якая валодае звесткамі аб “біяграфіі” куфра:

– Сапраўды,  у нашай вёсцы, як і ва ўсёй Беларусі, поўны куфар быў сімвалам багацця. Кожная паважаючая сябе дзяўчына імкнулася да краёў запоўніць яго, каб потым жаніх і будучая радня магла на свае вочы пабачыць, якая яна гаспадыня. Разам са сваімі вучнямі мы праводзілі даследаванне: гутарылі са старажыламі, фатаграфавалі, запісвалі ўспаміны. Адна бабуля расказвала, як аднойчы багатаму жаніху не далі ажаніцца з беднай дзяўчынай, бо ў той у куфры было толькі некалькі ручнікоў і адна спадніца. Больш таго, па запоўненасці куфра ацэньвалася і працавітасць будучай нявесты. Калі яна не паклапацілася аб сваім пасагу, то пэўна і не паклапоціцца аб будучай сям’і, –  дзялілася звесткамі загадчыца музея.

У архіве музея знайшоўся фотаздымак адной са старэйшых жанчын вёскі Шаўчук Матроны Іванаўны, якая, на жаль, некалькі гадоў таму пайшла з жыцця. Куфар у яе маленькай хатцы, у якой яна пражыла ўсё сваё жыццё, стаяў на самым бачным месцы. І да апошняга выконваў сваю першапачатковую ролю – там ляжалі ручнікі і святочнае адзенне Матроны Іванаўны.

Калі звярнуць увагу на фальклор, то ў ім таксама ёсць месца куфру. Ды і не толькі ў вясельных абрадах. З куфра даставалі ручнікі для нябожчыка. Дзіця хрысцілі ў адзенні, якое таксама захоўвалася ў ім. На жаль, куфры захаваліся не ва ўсіх. Многія, як ужо гаварылася раней, перанеслі іх з пачэснага месца ў хлеў і захоўваюць там муку ці зерне для свойскай жывёлы. Некаторыя, увогуле, даўно разабралі яго. Найбольш “пашчасціла” тым куфрам, якія пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ў музей альбо ўдзельнічаюць у стылізаваных тэатральных пастаноўках.

Разам з новым укладам жыцця ў вёску прыйшоў і новы побыт. Саматканая вышываная вопратка даўно саступіла месца адзенню з фабрычных тканін. Размаляваныя куфры змяніла сучасная мэбля. Значна прасцей купіць металічную лыжку, чым выразаць яе з дрэва. А шкляны слоік  куды больш знаёмы, чым гліняны.

Раней кожная рэч мела сваю каштоўнасць, яе аберагалі, каб перадаць нашчадкам. Шмат намаганняў трэба было прыкласці жанчыне, каб выткаць той жа ручнік, бо не адну ноч пры святле грубкі прала яна палатно. Цяпер жа зусім без жалю мы выкідаем амаль новыя рэчы, бо яны ўжо не модныя. Часта трацім вялікія сродкі, каб набыць больш прыгожыя, даражэйшыя, каб з цягам часу таксама з імі развітацца. А раней такога не было, бо амаль усё ад адзення, мэблі і іншых побытавых рэчаў рабілася ўручную. І выкінуць такую рэч — значыць, неашчадна паставіцца да сваёй працы, да свайго часу і здароўя. Чамусьці сёння мы гэтага не разумеем.

Вось такі драматычны лёс у героя гэтага матэрыяла – куфра. Перажыўшы росквіт, павагу, пабыўшы нават артыстам у вясельным абрадзе, ён заняў месца сярод іншых сведкаў мінулага.  Што ж, жыццё наша імклівае,  прымушае прызвычайвацца да новага, больш зручнага і прыгожага… Але апошнім часам усё часцей у тэлевізары бачу перадачы пра рамонты, дзе ў дэкоры выкарыстоўваюць народныя матывы.  І куфар там у павазе. Хто ведае, можа калі і яму давядзецца перажыць яшчэ сваю мінуту славы?

Ганна Мельнік

Фота з архіва музея

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *