Крымінальная хроніка

— З 11 па 17 студзеня на тэрыторыі Столінскага раёна ўчынена 11 злачынстваў, — расказвае начальнік Столінскага РАУС Вячаслаў Анатольевіч ФІЛІПЧЫК. — З іх чатыры — па лініі крымінальнага вышуку. Зафіксаваны два факты крадзяжоў маёмасці.
На дарогах раёна адбылося 7 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх людзі не пацярпелі. Усяго па лініі ДАІ выяўлена 271 парушэнне правілаў дарожнага руху. З іх 14 – парушэнне скораснага рэжыму, восем – бяспраўнікі, два – нецвярозыя вадзіцелі. Да адказнасці прыцягнуты 101 пешаход.
За мінулы тыдзень супрацоўнікі Столінскага РАУС выязджалі на 15 сямейна-бытавых сварак, з якіх 13 адбыліся з прычыны п’янства. У ізалятар часовага ўтрымання змешчаны пяць сямейных скандалістаў.
За распіццё спіртных напіткаў і з’яўленне ў п’яным выглядзе ў грамадскім месцы да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 64 чалавекі.

Куды падзець моц?
14 студзеня ў Столінскі РАУС звярнуліся два жыхары в. Манькавічы і паведамілі, што ноччу невядомы пашкодзіў у іх агароджу. Следча-аператыўнай групай устаноўлена, што ўчыніў хуліганства непаўналетні Н., 1999 г. н., які вучыцца ў СШ № 3 г. Століна. Райаддзелам следчага камітэта па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Хуліганства”. Цяпер непаўналетняму пагражае пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ альбо штрафу, ці папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, ці арышту да шасці месяцаў, ці пазбаўлення волі да трох гадоў.

Ці быў прыбіральшчык?
15 студзеня райаддзелам следчага камітэта па матэрыялах аддзела па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 427 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Службовы падлог” у адносінах грамадзянкі С., 1970 г. н., якая падчас знахо-джання на пасадзе загадчыцы аднаго з сельскіх клубаў раёна, у перыяд з лістапада 2014 года па снежань 2015 года ўнесла свядома несапраўдныя звесткі ў табелі ўліку працоўнага часу свайму мужу, які працаваў прыбіральшчыкам у гэтым клубе. Незаконны грашовы даход склаў больш за 7 мільёнаў рублёў.
Цяпер жанчыне пагражае пакаранне ў выглядзе штрафу ці пазбаўлення права займаць пэўныя пасады, ці займацца пэўнай дзейнасцю, ці папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, ці абмежавання волі да двух гадоў, ці пазбаўлення волі на такі ж тэрмін.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *