«Калі марнею ад нягод і сэрцу цесна, я ўспамінаю радавод і продкаў песні…»

У суботу 23 студзеня 2016 года ў актавай зале сярэдняй школы № 2 г. Століна адбыўся раённы конкурс фальклорнага мастацтва “Радавод”. Яго мэта – зберажэнне самабытнай культуры Століншчыны, папулярызацыя яе сярод дзяцей і моладзі, ажыццяўленне дыялогу паміж рознымі пакаленнямі і носьбітамі, прыцягненне ўвагі да праблем выхавання падрастаючага пакалення  сродкамі традыцыйнай народнай культуры.

Свае праграмы на суд журы прадставілі дзевяць школ раёна.

Вучні 7-10 класаў Вялікамалешаўскай сярэдняй школы (кіраўнік Таццяна Аляксееўна Курышка) ажыццявілі паказ мясцовага абраду “Біццё кашы”  падчас хрысцін дзіцяці, а фальклорны гурт “Калінка” Харомскага ВПК яслі-сад сярэдняя школа – абрад “Гуканне вясны” (кіраўнікі Наталля Фёдараўна Кунай і Дана Міхайлаўна Васільева).

У гасцёўню “Добры вечар, шчодры вечар!” запрасілі вучні 6-9 класаў сярэдняй школы № 2 аг. Альшаны (кіраўнікі Людміла Сямёнаўна Лемяза і Юлія Мікалаеўна Пузейчук), а на вясельны абрад “Снеданне” – вучні Рубельскай сярэдняй школы (кіраўнік Алена Міхайлаўна Вабішчэвіч).

Нізку танцаў, запісаных у вёсках Століншчыны, прадэманстравалі тры рознаўзроставыя групы ўзорнага калектыву фальклорнага танца “Полесские плясуны” сярэдняй школы № 2 г. Століна (кіраўнік Іван Лукашавіч Лёгкі).

Некаторыя школы былі прадстаўлены толькі вакальнымі нумарамі: песні “Каляда” (трыа дзяўчынак Сямігосціцкай сярэдняй школы), “Давыд-Гарадок” (Ганна Скрабейка і Аляксандра Цюцюра,  сярэдняя  школа  №  1 г.  Давыд-Гарадка), “У зялёным гаі” (Мілена Бруцкая, Столінская дзяржаўная гімназія), “Купалле”  (сярэдняя  школа  № 3 р. п. Рэчыца).

Па выніках раённага конкурсу журы вызначыць лепшых выканаўцаў, якія прадставяць Століншчыну   на  занальным  аглядзе фальклорнага мастацтва “Радавод”, які адбудзецца 6 лютага ў Пінску.

Галіна  ГАШЧУК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *