Гісторыя пра раўнівага мужа

45-гадовы жыхар аг. Велямічы Н. летнім днём у стане алкагольнага ап’янення каля магазіна № 15 “Прадукты” па вуліцы Кастрычніцкай у Давыд-Гарадку з хуліганскіх мэтаў без усялякіх на тое прычын наўмысна нанёс удары нажом мужчынам, з якімі разам распіваў спіртныя напіткі. Што стала прычынай такіх паводзін?
У той дзень Н., прачнуўшыся а 10 гадзіне ў доме, заўважыў, што жонка і малодшая дачка  адсутнічаюць. Тое, што любай няма ў хаце, Н. не здзівіла – жанчына дазваляла сабе часам не начаваць дома. Мужчына вырашыў, што і на гэты раз яна завітала да некага “ў госці” і “засталася на начлег”. Узяўшы веласіпед, Н. паехаў у суседні Давыд-Гарадок – шукаць жонку.
Пад летняй павеццю каля магазіна ўбачыў кампанію знаёмых мужчын і вырашыў, што “знікшая” можа быць з імі. Падышоў і пацікавіўся, ці не бачылі яго жонку, на што пачуў адмоўны адказ. Кампанія прапанавала выпіць, ад алкагольных напіткаў Н. слаба памятае, як дзеянні разгортваліся далей. Помніць толькі, што азірнуўся і ўбачыў жонку і дачку.
Тут жыхар Веляміч, доўга не раздумваючы, учыніў сварку, пачаў груба выказваць прэтэнзіі “сябрам па бутэльцы”: маўляў, навошта яго падманулі і не сказалі праўду. Затым дастаў з кішэні штаноў складны нож, раскрыў яго і крыкнуў: “Зараз усіх “папішу”!”.  Раз’юшаны настрой і алкаголь зрабілі сваю справу: Н. размахваў   нажом  у  розныя  бакі,  парэзаў  сабе  руку,    нанёс    пашкоджанні іншым.
Так, у выніку свавольных паводзін, якія не ўваходзяць ні ў якія рамкі, грамадзяніну К. прычынена цялеснае пашкоджанне ў выглядзе пранікаючага колата-рэзанага ранення грудной клеткі з пашкоджаннем правага лёгкага, грамадзяніну Л. – у выглядзе рэзаных ран грудной клеткі на правым плячы, а ў пацярпеўшага Ф. на целе засталіся невялікія раны і сінякі на правым перадплеччы.
Другая палова расказала “сваю праўду”. У час судовага пасяджэння жонка патлумачыла, што напярэдні Н. прыйшоў дамоў далёка нецвярозым. Каб пазбегнуць чарговай сваркі, яна разам з дачкой выйшлі з хаты. Ранкам вярнулася, схавалася ў хляве і назірала за мужам. Бачыла, як ён паехаў на веласіпедзе ў Давыд-Гарадок. Прыняла рашэнне ехаць следам, на спадарожным транспарце дабралася ў горад. Калі ішла па вуліцы Кастрычніцкай, пачула знаёмы голас і ласкава папрасіла супакоіцца, вярнуцца дамоў. Што пачалося? Крыкі, знявагі, нецэнзурныя словы… Жанчына спужалася і ўцякла.
Адзін са сведкаў, які галоўнаму герою справы прыходзіцца блізкім родзічам, пацвердзіў, што Н. злоўжывае спіртнымі напіткамі, калі п’е – становіцца агрэсіўным і грубым. Але і другая палова не адстае ад яго: мала таго, што няроўна дыхае да бутэлькі, дык яшчэ можа некалькі дзён адсутнічаць дома. Дзе можа столькі часу знаходзіцца жанчына і які мужчына пакорліва і маўкліва будзе гэта цярпець?..
Адбыўся суд на чале з суддзёю Ж. П. Стаднік пры ўдзеле дзяржаўнага абвінаваўцы Д. М. Харашуна.
Жыхар аг. Велямічы прызнаны вінаватым у наўмысным прычыненні цялеснага пашкоджання, гэта значыць, пашкоджання, небяспечнага для жыцця, учыненае з хуліганскіх намераў па ч. 7. ч. 2 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і наўмысных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і адлюстроўваюць відавочную непавагу да грамадства, суправаджаюцца прымяненнем насілля, учыненыя з прымяненнем другога прадмета, які выкарыстоўваецца ў якасці зброі для прычынення цялесных пашкоджанняў, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства па ч. 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Па сукупнасці злачынстваў шляхам паглынальнасці менш строгага пакарання больш строгім Н. прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў з адбываннем у выпраўленчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Да таго ж, прыменены артыкул 107 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і прызначана прымусовае лячэнне ад алкагалізму па месцы адбывання пакарання.
Буйны кактэйль з рэўнасці, алкаголю, раз’юшанасці, які цалкам ахоплівае чалавека, да добрага выніку не прывядзе. З-за неўтаймаванасці пачуццяў, няўмення стрымліваць сябе ў патрэбны момант здараюцца такія  недарэчныя гісторыі.
Беражыце сябе і сваіх блізкіх!
Аліна НОВІКАВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *