Фестываль «Брацкая свечка»

З мэтай захавання праваслаўнай спадчыны Палесся праз прыцягненне моладзі і грамадскасці да гісторыка-культурных і духоўных мерапрыемстваў 11-14 студзеня на Століншчыне пройдзе вялікі фальклорна-этнаграфічны фестываль “Брацкая свечка”.

Фестываль благаславіў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан. Удзельнікамі яго будуць прыходы Пінскай епархіі Столінскага благачыння, творчыя калектывы нашага раёна, пчаляры, майстры.  Гледачоў чакае шмат цікавага і захапляльнага. Яны самі змогуць стаць удзельнікамі начной літургіі, агапа (начной трапезы), набыць на кірмашы мёд, паглядзець канцэртную праграму. Яркім і незабыўным будзе выраб брацкіх свечак.

Асноўныя дзействы разгорнуцца 13-14 студзеня ў вёсцы Лука. Перад гэтым калектывы пабываюць у розных населеных пунктах раёна з віншаваннямі. Дарэчы, фестываль дабрачынны. І ўсе сабраныя сродкі пойдуць на набыццё воску для вырабу брацкіх свечак, а астатнія – на рэканструкцыю будынка для незалежнага пражывання інвалідаў у вёсцы Лука.

У вёсцы Лука фестываль пачнецца 12 студзеня ў 15 гадзін з малебна на добрую справу з асвячэннем сімвала – “Брацкай свечкі”, якую зрабіў народны майстар Іван Піліпавіч Супрунчык.

У 15.30 гадзін адбудзецца канцэртная праграма вучняў школ Столінскага раёна.

13 студзеня

З 10 да 14 гадзін будзе працаваць мядовы кірмаш.

З 14 да 19 гадзін пройдзе канцэртная праграма ўдзельнікаў фестывалю ў клубе  вёскі Лука.

З 14 да 20 гадзін – выраб брацкай свечкі.

14 студзеня

У поўнач пачнецца літургія з хрэсным ходам і асвячэннем свечак.

У 2.00 – агапа.

І закрыццё фестывалю ў 14 гадзін.

На працягу фестывалю будзе працаваць выстаўка-конкурс батлеек.  Дарэчы, прыз за лепшую батлейку вельмі салідны – брацкая свечка.

Да ўдзелу запрашаюцца пчаляры Століншчыны. Яны змогуць прадаваць мёд і воск на кірмашы.

На ўсе пытанні аб фестывалі адкажа памочнік благачыннага цэркваў Столінскай акругі па сацыяльнай рабоце Міхаіл Рыгоравіч Скрабейка (МТС 803-78-07).

Спяшайцеся далучыцца да цікавага і карыснага мерапрыемства!

Таццяна СЕГЕН

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *