Цудоўны настрой – цудоўныя справы

Жыццё бывае вельмі непрадказальным, але да любых пераменаў трэба ставіцца з лёгкасцю і ва ўсім знаходзіць свае плюсы. І нават калі планы не здзяйсняюцца, усміхайцеся і захоўвайце пазітыўны настрой. Такі дэвіз у Таццяны Іванаўны Бобка – настаўніцы гісторыі сярэдняй школы № 2 аграгарадка Альшаны. Яна даўно выбрала яго для сябе, бо калісьці і сама звыкала не толькі да новых мясцін, але і да сяброў і аднакласнікаў.

– Мой бацька — ваенны ўрач, і яго разам з сям’ёй накіравалі ў Калінінградскую вобласць, дзе і прайшло маё дзяцінства, — удакладняе Таццяна Іванаўна. – А далей, калі я была ў шостым класе, мы вярнуліся на сваю малую Радзіму. Давялося па-новаму звыкаць да Альшан. А ў мяне ўжо рускі акцэнт, а беларускую, тым больш альшанскую мову, я нават не разумела. Калі паступіла ў Брэсцкі педагагічны ўніверсітэт імя Пушкіна на гістарычны факультэт, дадатковай спецыяльнасцю выбрала беларускую філалогію. Таму зараз не без гонару скажу: на сваіх уроках размаўляю толькі на роднай мове.

Штодзень упэўніваюцца ў гэтым вучні трох адзінаццатых класаў, трох шостых і двух дзявятых класаў! А яшчэ Таццяна Іванаўна – класны кіраўнік 9 “Б”, з якім яна цудоўна сябруе.

– Але трэба ва ўсім ведаць меру, бо вучні – такі народ: крыху дысцыпліну згубіш і — пішы прапала. Потым ужо хоць голас згубі, слухаць не будуць. Але і дрэнна, калі вучні на ўрокі ідуць пад прымусам. Таму, на мой погляд, кожнаму настаўніку трэба спачатку наладзіць кантакт з вучнямі і толькі потым пачынаць вучэбны працэс. Асабіста я  часта  адыходжу ад кніжнага стылю і больш размаўляю, тлумачу матэрыял даступна. Гэтаму мяне навучыў, за што вялікі дзякуй, настаўнік гісторыі Міхаіл Іванавіч Лемяза, які для мяне прыклад адданага сваёй справе чалавека. На яго ўроках было настолькі цікава, што нават абыякавыя да вучобы вучні ішлі нібы на свята. Дзякуючы яго педагагічнаму таленту, мы вандравалі на ўроках, пераносіліся ў мінулае і самі станавіліся сведкамі мінулых падзей. А яшчэ хачу падзякаваць настаўніцы рускай мовы і літаратуры Наталлі Сцяпанаўне Ярмоліч, якая вучыла не толькі чытаць творы, але і ўяўляць прачытанае. Тады, няхай не дакладна, але ў любы момант жыцця зможаш узнавіць у памяці той ці іншы твор. Усё ж без павагі да свайго прадмета ў прафесіі настаўніка няма чаго рабіць. Таму ўсім раю падумаць добра перад выбарам будучай прафесіі.

Настаўніцкая дзейнасць Таццяны Іванаўны адзначана не толькі ўдзячнымі словамі кіраўніцтва школы і вучняў. У мінулым годзе яна як адна з лепшых настаўнікаў была ўзнагароджана Ганаровай граматай раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму. А яшчэ як заўзяты аматар конкурсаў Таццяна Іванаўна заўжды рада прыняць удзел у любым мерапрыемстве. Некалькі гадоў таму абараняла гонар школы ў конкурсе “Настаўнік года”. І няхай не стала пераможцай, затое зразумела: аратарскае майстэрства – гэта цудоўны спосаб перамагчы няўпэўненасць. Таму і вучням сваім раіць часцей выступаць і выходзіць на публіку, каб пазбавіцца ад сваіх страхаў і комплексаў.

Але не толькі ў прафесіі дабілася поспехаў Таццяна Іванаўна. Ужо разам з маці зранку крочаць у школу сыночкі-блізняты Іван і Міша.  А на свайго мужа Сямёна можа спадзявацца ў любы момант. Лічыць, што сямейныя адносіны нельга ўявіць без клопату адзін аб адным, без гатоўнасці ахвяраваць дзеля любімых людзей.

У новым годзе Таццяна Іванаўна зычыць здароўя, дабрабыту і дастатку ва ўсім. І яшчэ верыць у цуды, якія абавязкова адбудуцца!

Ганна Мельнік

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *