«Be Flex», «Карамель» і «Музыкальная капель» з канцэртам у Юрмале і Таліне

З дзявятага па 11 студзеня  ўдзельнікі ансамбля танца “Карамель” студыі танца “Be Flex”,  танцавальны калектыў Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці пад кіраўніцтвам педагога Алены Валяр’янаўны Казені і прадстаўнікі вакальнага ансамбля “Музыкальная капель” Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці з педагогам Анжалікай Васільеўнай Калавур прынялі ўдзел у міжнацыянальным канцэртным праекце “Рождественские встречи с Волной…” (Латвія – Эстонія).
– Гэта наш першы сумесны латвійска-эстонска-беларускі праект для дзяцей і моладзі, – расказвае Алена Казеня. – Галоўнымі яго арганізатарамі сталі з беларускага боку — грамадская арганізацыя “Фестывальны цэнтр” і ТАА “Хваля  ідэй”,  з  латвійскага — юрмальскі адукацыйны цэнтр “Рудага” і з эстонскага — Беларускае таварыства культуры “Лёс” у Таліне. Нагадаю, што яшчэ ў чэрвені 2015 года наш танцавальны калектыў “Карамель” стаў лаўрэатам першай ступені міжнароднага творчага конкурсу “ГрандФестываль” у г. Пезара (Італія). І вось у верасні, як і абяцалі арганізатары дадзенага фестывальнага тура, ГА “Фестывальны цэнтр” даслаў запрашэнне працягнуць наша сяброўства міжнароднага ўзроўню і  прыняць удзел у міжнацыянальным канцэртным праекце на тэрыторыі  Латвіі і Эстоніі.
Што такія праекты дапамагаюць развіццю міжнацыянальных сувязяў  шляхам абмену мастацкай творчасцю паміж краінамі і садзейнічаюць творчаму росту дзяцей, Алена Казеня, канешне, цудоўна разумела, але адважыцца на такі крок было цяжкавата, бо для гэтага патрабавалася шмат сілаў і намаганняў. Трэба было падрыхтаваць сцэнічныя касцюмы, да дробязяў прадумаць канцэртную праграму. А галоўнае – годна  паказаць беларускую нацыянальную культуру і прадставіць Столінскі раён на высокім узроўні. Прапанавалі разбавіць харэаграфічныя нумары выступленнем вакальнага ансамбля “Музыкальная капель”, а прафесійная парада педагога Анжалікі Васільеўны Калавур прыйшлася таксама  да часу.
Вядучым спецыяльна распрацаванай для ўдзелу ў праекце канцэртнай праграмы стаў Уладзімір Казеня. Адмысловае мастацтва непадробнай дзіцячай творчасці выдатна спалучалася з харызмай мужчыны-вядучага.
– Мы ехалі, каб расказаць на юрмальскай і талінскай сцэнах, што  ў кожнага чалавека ёсць свая Радзіма і кожны чалавек любіць яе, родную прыроду, мову, народ, песні і танцы, — тлумачыць Алена Казеня.
І вось восьмага студзеня група з 39 чалавек, у ліку якіх былі вышэйзгаданыя калектывы і  іх кіраўнікі, а таксама дырэктар Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Людміла Мікалаеўна Леанавец, Уладзімір Казеня і  бацькі,  накіравалася ў Рыгу аўтобусам, які прыбыў па дэлегацыю ў р. п. Рэчыца, а ўжо дзявятага студзеня горад ва ўсёй красе паўстаў перад беларусамі.
– Экскурсія па горадзе была вельмі цікавай, асабліва спадабаўся стары горад сваёй непаўторнасцю і велічнасцю, – расказвае Анжаліка Васільеўна. – Праграма нашага знаходжання ў Латвіі была да такой ступені насычанай, што, здаецца, ніводнай хвілінкі мы не правялі, каб не любавацца прыгажосцю краіны, каб не адзначаць для сябе нешта новае, нязвыклае для нашага штодзённага жыцця.
– А далей нас чакала Юрмала. Гэта горад стваральнай энергіі, бо не здарма біяграфіі таленавітых людзей сусветнага ўзроўню непарыўна звязаны з Латвіяй і асабліва з Юрмалай.
Захапленне выклікала ўсё — мора, паветра, адносіны, гасціннасць…  Нас засялілі ў санаторый “Бурштынавы бераг”, а крыху пазней мы  ўжо давалі свой першы  канцэрт  у   санаторыі  «Яўнкемеры».
– Прызнаюся, што вельмі хваляваліся, – дадае Алена Казеня. – Як дзеці, так і ўсе мы, дарослыя. Але гэта вопыт, каласальны вопыт, які нельга ні з чым параўнаць. Канцэртная праграма прыйшлася даспадобы. Нас вельмі добра сустракалі.
Для Анжалікі Васільеўны самым неспадзяваным і прыемным момантам стаў падарунак ад  кампазітара Станіслава Коршака, які мае беларускія карані (нарадзіўся на Случчыне), але  ўжо 30 гадоў жыве ў Латвіі, які падарыў дыскі са сваімі аўдыёзапісамі “Встречаемся в Юрмале” і “Моим друзьям”, а адну песню нават прысвяціў столінскаму калектыву, якая, будзем спадзявацца, хутка з’явіцца ў рэпертуары вакальнага ансамбля.
На наступны дзень дэлегацыя накіравалася ў Талін, дзе гід правёў экскурсію па горадзе.   Знаёмства са старшынёй праўлення Беларускага таварыства культуры “Лёс” Таццянай Ніжнік і выступленне ў рускамоўнай школе г. Таліна, дзе ўсе цёпла сустракалі юных танцораў і спевакоў. Гледачы былі проста ў захапленні ад беларускай культуры, нацыянальных танцаў і песень на беларускай мове. Дзеці абмяняліся паміж сабой сувенірамі, а Таццяна Ніжнік ад імя арганізатараў Фестывальнага цэнтра “Хваля ідэй” выказала ўдзячнасць і ўручыла падзяку  кіраўніку ансамбля танца “Карамель” Алене КазенЯ і кіраўніку вакальнага ансамбля “Музыкальная капель”  Анжаліцы Калавур за садзейнічанне і ўдзел у арганізацыі міжнацыянальнага канцэртнага праекта “Рождественские встречи с Волной…” (Латвія – Эстонія), а таксама ўручыла ім дыпломы за актыўны ўдзел у міжнародным праекце “Рух дзяцей і моладзі” і падтрымку беларусаў, якія пражываюць у Эстоніі, у захаванні  і развіцці іх нацыянальна-культурнай самабытнасці.
Алена Казеня і Анжаліка Калавур ад свайго імя і імя сваіх выхаванцаў выказваюць падзяку дырэктару Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Людміле Мікалаеўне Леанавец за падтрымку і дапамогу пры арганізацыі і рэалізацыі фестывальнага тура, а таксама ўсім бацькам за магчымасць удзелу ў дадзеным мерапрыемстве, а Бабіч Нэлі Васільеўне, Гайдук Кацярыне Мікалаеўне, Якімчук Іне Мікалаеўне, Шылінай Ганне Іванаўне, Сімончык Таццяне Васільеўне – за дапамогу падчас паездкі.
Людміла КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *