Выхоўваем на народных традыцыях

У верасні гэтага года дзіцячы садок у Аздамічах пераехаў на новае месца – у школу. Дагэтуль ён размяшчаўся ў будынку старой польскай школы, які знаходзіўся ў аварыйным стане. Як прымалі гасцей і як жывецца на новым месцы — расказала загадчык садка Ганна Іванаўна Бірук.

– Безумоўна, наш пераезд – вымушаная мера, бо заставацца ў старым памяшканні было ўжо небяспечна. Слабое ацяпленне і дрэнная сістэма камунікацый рабілі наша знаходжанне там проста немагчымым. А тут нас сустрэлі вельмі ветліва, хаця вучням давялося крыху пацясніцца. Цяпер у другую змену ходзяць трэція і чацвёртыя класы, бо нам аддалі некалькі пакояў, дзе раней праходзілі заняткі. Шчыра прызнаюся, пакуль перавозілі адтуль усе свае рэчы, клопату хапала. Дзякуй бацькам Аляксандру Аляксандравічу Ледкіману, Мікалаю Мікалаевічу Крупке-вічу, Васілю Васільевічу Труханаўцу, Міхаілу Фёдаравічу Ракаўцу, якія дапамаглі нам размясціцца тут. Але зараз нашы выхаванцы знаходзяцца ў камфортных умовах, што, згадзіцеся, самае галоўнае.

– Шчыра рады за вас! Ганна Іванаўна, ці адбыліся яшчэ якія змены ў сувязі з гэтай падзеяй? – пытаю.

– Адбыліся. На жаль, нам прыйшлося перажыць скарачэнне штату работнікаў, паколькі колькасць дзяцей паменшылася. А быў час, калі толькі адчыніўся садок, хадзіла больш за 60 дзяцей. У гэтым годзе, дарэчы, наш дзіцячы садок адзначыў 25-гадовы юбілей. Многія нашы работнікі памятаюць той перыяд, бо працуюць з самага пачатку. Сярод такіх выхавальнікі першай катэгорыі Валянціна Вячаславаўна Коваль, Вольга Аляксандраўна Адамава, Вера Аляксандраўна Труханавец, якія не губляюць цікаўнасці і з ахвотай удзельнічаюць у рабоце раённых метадычных аб’яднанняў, дзеляцца вопытам, паказваюць майстар-класы.

Цяпер жа да нас ходзяць 34 дзіцяці, якія падзелены на дзве групы: рознаўзроставую і старэйшую. Я таксама працавала раней выхавальнікам, а ўзначальвала ўстанову Любоў Іванаўна Шпакевіч. Магу сказаць дакладна, ды і ўсе са мной пагодзяцца, што гэтая жанчына была не проста загадчыцай, але і душой нашага калектыву. У яе атрымлівалася кіраваць з усмешкай, таму нам ніколі не даводзілася вырашаць нейкія праблемы, бо іх проста не было. Больш за два гады яна знахо-дзіцца на заслужаным адпачынку, але мы заўсёды можам спа-дзявацца на яе трапную параду.  А зараз у нас працуюць 13 чалавек, якія спраўляюцца са сваімі абавязкамі на сто працэнтаў.

— А якія планы ў вас на будучыню?

– Планы, канешне, у нас ёсць. І звязаны яны, у першую чаргу, з добраўпарадкаваннем. Гэта ў самім будынку мы ўжо давялі ўсё да толку. А вось на вуліцы, дзе нам выдзелена тэрыторыя, спраў хапае. Пакуль мы толькі пачалі ствараць дзіцячую пляцоўку, дзе б маглі бавіць час маленькія выхаванцы. Але галоўнае, каб усё было зроблена якасна і бяспечна, таму будзем падключаць будаўнікоў і бацькоў. Ужо маем шмат задумак, якія былі пазычаны ў іншых ці пад-гледжаны ў інтэрнэце. Будзем імкнуцца зрабіць так, каб было і прыгожа, і цікава.

Зараз зіма, і большую частку часу дзеці праводзяць у памяшканні. Мы не сядзім без справы, праводзім розныя конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, у якіх з задавальненнем прымаюць удзел і бацькі нашых выхаванцаў. У нас ніколі няма свабодных месцаў – прыходзяць і бабулі, і родныя сёстры і браты. Нягле-дзячы на пераезд, мы паспелі падрыхтаваць свята да Дня маці, якое вельмі спадабалася матулям.

А яшчэ ганарымся сваёй калекцыяй лялек, якая стваралася для выстаўкі на жнівеньскае пленарнае пасяджэнне педагогаў і мела назву “Лялька майго дзяцінства”. Усе з энтузіязмам узяліся за гэтую справу. Шукалі экспанаты і на гарышчах, і ў падвалах, бо з гадамі, на жаль, такія прыгажуні выйшлі з моды. Потым мылі, шылі сукенкі, прыводзілі ў парадак прычоскі, — быццам самі вярнуліся ў дзяцінства.

Не без гонару адзначу, што ў нашым садку мы размаўляем выключна па-беларуску, каб дзеці з маленства вучыліся выказваць свае думкі на роднай мове. За столькі гадоў так звыклі, а я нават дома са сваімі роднымі так гутару. Наша ж мова такая мілагучная, такая чыстая, самабытная і важна, каб нашы выхаванцы і праз гады не гублялі з ёй сувязі. Таму мы часта з дзецьмі праводзім народныя святы, абрады, якія заснаваны на народных традыцыях. А каб вы самі мелі магчымасць у гэтым упэўніцца, завітайце да нас на ранішнік, падрыхтаваны да Новага года. Будзем рады вас бачыць!

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара і з архіва дзіцячага садка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *