Усё пачынаецца з павагі

Знамянальная падзея адбылася 18 снежня 2015 года ў сям’і Андрыяшкаў з р. п. Рэчыца. Пяцьдзясят гадоў назад Васіль Макаравіч і Аляксандра Аляксандраўна ўзялі шлюб.

Адзначыць сямейную ўрачыстасць да бацькоў наведаліся сын Анатоль, дачка Святлана, унук Максім. Павіншаваць залатых юбіляраў у дом Андрыяшкаў на вуліцу Горкага завіталі старшыня Рэчыцкага сельскага выканаўчага камітэта  Ігар Мікалаевіч Курган і кіраўнік спраў сельвыканкама Іна Мікалаеўна Бут-Гусаім. Яны правялі ўрачыстую рэгістрацыю залатога вяселля, уручылі вітальны адрас і кветкі, а юбіляры паставілі свае подпісы ў кнізе ганаровых рэгістрацый.

Нарадзілася Аляксандра Аляксандраўна ў Беражным. Пасля школы працавала даяркай у калгасе, ездзіла на заробкі ва Украіну. Вярнуўшыся, уладкавалася на Гарынскі кансервавы завод у цэх расфасоўкі.

– На заводзе працаваў і Васіль Макаравіч, — расказвае Аляксандра Аляксандраўна. — Так атрымалася, што новы, 1965 год мы сустракалі ў адной кампаніі, там і пазнаёміліся. Амаль год сустракаліся, а пасля распісаліся. Вяселле згулялі ўжо пасля Ражджаства. Спадабаўся мне тым, што самастойны, працавіты, не быў хуліганам.

Васіль Макаравіч родам з Рэчыцы, рос сіратою. Яго бацькі памерлі рана, таму хлопец выхоўваўся ў дзіцячым доме.

– Бацька ўсё жыццё працаваў шафёрам, — далучаецца да размовы сын Анатоль. — Закончыў Пінскую школу фабрычна-заводскага навучання і быў накіраваны на работу ў Архангельск. Адтуль пайшоў у армію. Пасля трох гадоў службы вярнуўся на Століншчыну, уладкаваўся вадзіцелем  у аўтабазу. Праз некаторы час паехаў на будаўніцтва Саяна-Шушанскай гідраэлектрастанцыі. У 1964 годзе вярнуўся на радзіму і прыйшоў працаваць на кансервавы завод. Адтуль выйшаў на пенсію, прысвяціўшы прадпрыемству яшчэ пяць гадоў заслужанага адпачынку.

Сёння юбіляры жывуць справамі па хатняй гаспадарцы, маюць пяцярых унукаў і адну праўнучку. Чакаюць і яшчэ прыбаўлення ў вялікай і дружнай сям’і. Сын Анатоль Васільевіч працуе галоўным інжынерам у ААТ “Церабяжоў-Агра”. Дачка Святлана Васільеўна – выхавальнік групы прадожанага дня ў сярэдняй школе № 3 р. п. Рэчыца.

З невялікай гутаркі з гаспадарамі дома даведалася, што Андрыяшкі, акрамя сваіх дваіх дзяцей, выгадавалі і сталі роднымі яшчэ для траіх дзяцей нябожчыцы-сястры Аляксандры Аляксандраўны. Ад іх таксама падрастаюць чатыры праўнукі. А яшчэ любая маці і бабуля пячэ смачныя пірагі, вяжа шкарпэткі, займаецца вазонамі, сярод якіх шмат экзатычных. Вялікую асалоду мае ад збору грыбоў, кажа, што ўвесь гараднянскі лес ведае. У доме і на вуліцы пануюць ідэальны парадак і чысціня.

—        У сям’і куды больш важная ўзаемная павага, уменне слухаць і чуць адзін аднаго, умець раіцца і разам прымаць рашэнні, — дзеліцца сакрэтам моцнай і шчаслівай сям’і Аляксандра Аляксандраўна.

Няхай пуцяводная зорка бацькоў стане прыкладам сямейнага даўгалецця для іх нашчадкаў! Здароўя, шчасця, міру вашаму дому, юбіляры!

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *