У Столінскім гарадскім доме культуры адбылася Дабрачынная ёлка

У суботу 26 снежня 2015 года ў Столінскім гарадскім доме культуры адбылася Дабрачынная ёлка для выхаванцаў апякунскіх і прыёмных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Былі запрошаны таксама і выхаванцы раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

На ўваходзе запрошаных сустракала загадчыца сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Аляксееўна Ярмоліч. Яна адзначыла, што на дадзены момант у такіх сем’ях у раёне выхоўваюцца 116 дзяцей, 18 – у сацыяльна-педагагічным цэнтры.

У глядзельнай зале дзяцей і іх апекуноў, прыёмных бацькоў і выхавальнікаў прывіталі старшыня раённага выканаўчага камітэта Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксей Аляксеевіч Дзямко і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мікалаевіч Ярашэвіч.

– Галоўнае, – адзначыў Рыгор Васільевіч, — гэта мір і спакой ва ўтульным доме – нашай любай сінявокай Беларусі, у чым заслуга Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, які праводзіць міралюбівую палітыку, што дае нам магчымасць спакойна жыць і вучыцца.

Акцэнтуючы ўвагу на тым, што самае дарагое – чалавечае жыццё, а самае каштоўнае ў жыцці – здароўе, Рыгор Васільевіч пажадаў усім моцнага здароўя, добра вучыцца, слухацца старэйшых, бо ад паводзін дзяцей залежыць здароўе блізкіх, каб збываліся ўсе запаветныя мары.

Далей на сцэне разгарнулася тэатралізаванае дзейства – удзельнікі народнага тэатра “Пагарынне” сумесна з дзіцячым танцавальным калектывам пад кіраўніцтвам Алены Волкавай інсцэніравалі “Навагодні баль казачных герояў”. А пасля ўсіх дзетак запрасілі ў фае, дзе чакала навагодняя прыгажуня-ёлка. У масках і касцюмах казачных герояў яны вадзілі карагоды, спявалі і танцавалі, расказвалі вершыкі Дзеду Марозу і Снягурцы, а яны частавалі дзяцей цукеркамі.

Заключным момантам стала ўзнагароджванне за маскарадныя касцюмы і ўручэнне салодкіх падарункаў.

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *