У працу ўкладваю часцінку душы

Алена Вітальеўна Сахвон нарадзілася ў р. п. Рэчыца. Пасля заканчэння Пінскага педагагічнага каледжа працавала старшай піянерважатай у Радчыцкай сярэдняй школе, а пасля, у 1997 годзе, перайшла працаваць педагогам-арганізатарам у сярэднюю школу № 2 р. п. Рэчыца. Сёння працоўны стаж педагога-арганізатара складае  больш за 20 гадоў.

У 2005 годзе скончыла Акадэмію паслядыпломнай адукацыі ў г. Мінску па спецыяльнасці “Пазакласная і пазашкольная  выхаваўчая работа”. У Алены Вітальеўны сабраны значны аб`ём матэрыялаў з вопыту работы, выдадзены зборнік “Работа актыву па катэгорыі “Прэс-цэнтр”.  Галоўным сакрэтам свайго плёну лічыць любоў да сваіх вучняў, яны з’яўляюцца галоўнымі памочнікамі ва ўсіх справах.

Алена Сахвон прызнаецца, што працаваць ёй лёгка, бо звыкла давяраць дзецям і прымаць іх такімі, якія яны ёсць.

– Я прыходжу на работу і ўсе хатнія клопаты пакідаю за парогам навучальнай установы, – расказвае Алена Вітальеўна. –  Я не баюся цяжкасцяў і стараюся не падманваць сябе, іншых, імкнуся быць справядлівай у любой сітуацыі. У кожную справу, мерапрыемства ўкладваю кавалачак сваёй душы. Можа таму маё крэда “Жыццё дадзена на добрыя ўчынкі” цалкам адпавядае стылю работы.

У  школе дзейнічае піянерская дружына “Рэспубліка  “Дружба”. Яна налічвае 382 чалавекі: 160 акцябрат і  222 піянеры.   Прыярытэтным напрамкам дзейнасці   з’яўляецца  цімураўская работа,  якая займае вядучыя пазіцыі на працягу 16 гадоў.  Дзеці з задавальненнем наведваюць ветэранаў, віншуюць іх са святамі, рыхтуюць для іх паштоўкі, міні-канцэрты, запрашаюць на сустрэчы і аказваюць пасільную дапамогу. У гэтым навучальным годзе яны збіраюцца на навагоднія святы наведаць ветэранаў і ўдоў у спецыяльна падрыхтаваных касцюмах. Члены цімураўскага атрада ў 2013 годзе сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Цімураўцы.by”, пераможцамі раённага конкурсу “Запалі касцёр дабра” ў намінацыі “Цімураўская работа”.

Яшчэ адна катэгорыя актыву, якая працуе ў дружыне,  –  гэта важатыя. Сваю ініцыятыву і адказнасць не баяцца прадэманстраваць Карына Язубец, Дар’я Партач, Аксана Бабіч, Ганна Бокша, Ангеліна Мікша, Алеся Хайко і інш. Члены школьнага прэс-цэнтра выпускаюць  газету “Гармонія”, з’яўляюцца  шматразовымі пераможцамі раённых конкурсаў дзіцячага друку. У 2014-2015 навучальным годзе “Піянерская праўда” заняла першае месца ў раённым конкурсе, першае месца ў конкурсе “Салют, Перамога!” У гэтым годзе з прэс-цэнтрам чацвёртых класаў распачалі справу па выпуску газеты для малодшых школьнікаў “Сонейка”. Вельмі творчыя і заўсёды з новымі прапановамі вучні, якія аддалі перавагу катэгорыі “Затейники”.

– Дзеці, іх ініцыятыўнасць і жаданне працаваць стымулююць і мяне, – тлумачыць  педагог-арганізатар. – Я не магу ім адмовіць, таму  няспынна працуем, удзельнічаем у раённых, абласных і нават рэспубліканскіх конкурсах. У 2015 годзе піянерская дружына ўзнагароджана граматай абласнога савета   БРПА  як пераможца абласнога этапу трэцяга рэспубліканскага збору “Я — піянер сваёй краіны!” У 2014-2015 навучальным  годзе рабяты піянерскай дружыны атрымалі сем грамат за перамогу ў конкурсах па розных намінацыях. У 2015-2016 – акцябраты атрада «Вясёлыя рабяты» прынялі ўдзел у абласным конкурсе “Суперзорачка” і былі ўзнагароджаны граматай. У верасні прадстаўнікі піянерскай дружыны занялі першае месца ў раённым конкурсе “Піянерская Рабінзанада”.

У дзейнасці піянерскай дружыны назіраецца пераемнасць пакаленняў. Традыцыйна праводзім Тыдзень добрых спраў, Тыдзень акцябрацкага і піянерскага сяброўства, адзначаем Дзень нараджэння БРПА,  Дзень юнага героя-антыфашыста, агранізоўваем нязменныя школьныя святы.

– Яшчэ вельмі люблю працаваць з каляровай паперай, –  прызнаецца Алена Сахвон. –   На занятках   гуртка  “Чароўныя   нажніцы”    рыхтуем   паштоўкі,   падзелкі, сувеніры. Нашы работы не паўтараюцца. Важна, што паштоўка, сувенір, карціна зроблены з любоўю і творчасцю.

Лічаць, што поспех прыходзіць да тых, хто рана ўстае… Не. Поспех прыходзіць да тых, хто ўстае ў добрым настроі. Таму заўсёды ўстаю з добрым настроем, бо побач са мной бацькі, муж, блізкія. І я ўдзячна лёсу  за тое, што яны ў мяне ёсць. У працы дапамагае мне і тое, што я люблю сваю работу. За працоўную дзейнасць атрымала шмат асабістых грамат, таму добра, калі твая праца высока  ацэньваецца ў калектыве, кіраўніцтвам, а самае галоўнае – дзіцячай удзячнасцю і адданасцю.

Людміла   КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

 

У працу ўкладваю часцінку душы: 1 комментарий

  • 25.12.2015 в 11:50 пп
    Permalink

    Очень рады за Вас, Елена Витальевна! Вы- самая позитивная и добрая и творческая! Желаем удачи и не останавливаться на достигнутом — развиваться и совершенствоваться, освещать своим добром дорогу молодому поколению! Ваша каждая открытка — шедевр! Это невероятное искусство — чудеса из бумаги! Надеемся в будущем увидеть опубликованную книгу ваших открыток и поделок!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *