У любові да гарода, да музыкі — адзіныя

Па запрашэнні кіраўніцтва адміністрацыі муніцыпальнага ўтварэння — гарадской акругі горада Скапін Разанскай вобласці дэлегацыя Століншчыны прыняла ўдзел у святкаванні значнай для горада-пабраціма даты – 74-й гадавіны вызвалення горада Скапіна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – якая адзначаецца 26 лістапада.

Даведка “НП”: 25 лістапада 1941 года ў 17 гадзін немцы ўвайшлі ў Скапін. Захопнікі валодалі горадам менш за двое сутак, але і за гэты кароткі тэрмін быў нанесены вялікі ўрон. 26 лістапада 1941 года ў 18 гадзін немцы былі выгнаны з горада.

У складзе дэлегацыі, якую ўзначаліў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Іван Андрэевіч Яроміч, у горадзе-пабраціме  пабывалі начальнік  аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Андрэевіч Заруба, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Мікалаевіч Вячорка і начальнік Столінскай ПМК-24 Яраслаў Паўлавіч Савіч, а таксама заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь хор  “Крыніца” і народны інструментальны ансамбль “Брыз”.

Падчас паездкі адбыўся ўрачысты прыём нашай дэлегацыі кіраўніком адміністрацыі Алегам Аляксандравічам Асеевым і абмен сувенірамі, удзел у мерапрыемствах, прысвечаных 74-й гадавіне вызвалення г. Скапіна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з ускладаннем кветак да мемарыяльнага комплексу. У Палацы культуры імя Леніна творчыя калектывы Століншчыны выступілі з праграмай у сумесным канцэрце “У любові да народа, да музыкі – адзіныя!”.  Перад канцэртам прагучалі гімны Беларусі і Расіі, на сцэне была ўсталявана дзяржаўная сімволіка, з вітальным словам выступіў  Іван Андрэевіч Яроміч.

Нашы аматарскія калектывы прадэманстравалі высокі ўзровень майстэрства. Кожнае іх выступленне суправаджалася бурнымі апладысментамі, артыстам  дарылі кветкі, а праводзілі стоячы.

Іван Андрэевіч Яроміч і Яраслаў Паўлавіч Савіч сустрэліся з прадстаўнікамі гарадской і абласной улады, дзе зайшла гаворка адносна магчымага ўдзелу нашых будаўнікоў на аб’ектах Разанскай   вобласці  ў   2016  годзе.

Гасцям са Століншчыны былі арганізаваны экскурсіі ў краязнаўчы музей, цэнтр народных мастацкіх промыслаў і рамёстваў Разанскай вобласці, на радзіму Сяргея Ясеніна ў сяло Канстанцінава, Разанскі крэмль, Дзімітрыеўскі мужчынскі манастыр, пазнаёміліся з горадам і пабывалі на шэрагу аб’ектаў сацыяльнай сферы.

Удзельнікі паездкі прывезлі дадому самыя прыемныя ўражанні ад цёплага прыёму і цікава праведзеных на Разаншчыне дзён.

Галіна ГАШЧУК

Фота з архіва

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *