Сямейная звычка годна працаваць

Наталля Яўгенаўна Шпак нарадзілася  на Гомельшчыне. У час вучобы ў Аршанскім індустрыяльна-педагагічным вучылішчы пазнаёмілася са сваім будучым мужам і, так сталася, што і калегам Анатолем Аляксеевічам.

– Пасля вучобы яго тады прызвалі ў армію, а я паехала працаваць па размеркаванні на Гомельшчыну, –  успамінае Наталля Яўгенаўна.  – Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС  прыйшлося выехаць на жыхарства ў Татарстан. Так, мабыць,  было наканавана лёсам, што пасля Анатоль  Аляксеевіч  мяне адшукаў.  Мы хутка адсвяткавалі вяселле і паехалі ў Івацэвіцкі  раён, але муж заўсёды хацеў вярнуцца  на  радзіму:  ён   нарадзіўся ў в. Варані. Таму і пакінуў заяву ў аддзеле адукацыі, каб нас перавялі працаваць на Століншчыну. Так і адбылося. Калі адкрывалася сярэдняя  школа  № 3 г. Століна, нам прапанавалі работу.  Вось і працуем мы ў гэтай навучальнай установе  з самага першага дня: я – настаўнікам абслуговай працы, а Анатоль Аляксеевіч – настаўнікам тэхнічнай працы.

Наталля Яўгенаўна прызнаецца, што ёй падабаюцца неардынарныя дзеці, бо з імі цікавей працаваць. Яны выказваюць свае пажаданні, самі выбіраюць род дзейнасці і здольны праяўляць ініцыятыву. Гэта ім вельмі імпануе,  бо яны маюць творчы пачатак, заўсёды дабіваюцца якасці ў адпрацоўцы прыёмаў і выконваюць сваю работу акуратна.  Не сакрэт, што школьная праграма вельмі складаная, а нашы заняткі даюць магчымасць крышачку адпачыць з карысцю, бо  атрыманыя веды абавязкова спатрэбяцца дзяўчатам.

У кабінеце абслуговай працы шмат стэндаў з работамі вучняў, вялікая   колькасць   цікавых   падзелак і сувеніраў. Тут цэлыя мініяцюры  і вышыўка,  сурвэткі і выцінанкі, дрэвы з бісеру і вырабы з другаснай сыравіны.

– Дабрыня, узаемапаразуменне і творчы запал – галоўныя складаючыя   поспеху,  –   сцвярджае настаўніца. – Са свайго вопыту магу адзначыць, што гэтыя якасці дапамагаюць, бо на працягу многіх гадоў  на   раённых алімпіядах  мы займаем прызавыя месцы.

Ужо 10 гадоў запар пераможцамі алімпіяд з’яўляюцца і вучні настаўніка тэхнічнай працы сярэдняй школы № 3 Анатоля Аляксеевіча Шпака. Папрасіла яго падзяліцца сакрэтам поспеху, але настаўнік сціпла адказаў, што ніякага сакрэту няма, а ўся справа заключаецца ў працы.

Анатоль Аляксеевіч з пятага па сёмы клас прыглядаецца да вучняў, назірае за тым, хто і на што здатны. Ёсць вучні, якія маюць пэўную схільнасць да працоўнай дзейнасці, а іншых трэба вучыць. Важнае значэнне мае і тое, як працуюць бацькі і ці перадаюць яны дзецям свае навыкі.  Калі вучням цікава, гэта адразу кідаецца ў вочы і вымагае пошуку новых крыніц, цікавых мадэляў для канструявання, разнастайных методык і праектаў, якія трэба рэалізаваць.

Дадаткова арганізавана работа гуртка “Умелыя рукі”,  які наведваюць вучні пятых-шостых, але цікавасць выклікае і ў вучняў сёмых і дзявятых  класаў. Пры падрыхтоўцы да заняткаў Анатоль Шпак улічвае індывідуальныя здольнасці і схільнасці вучняў.  Хлопчыкам найбольш падабаецца апрацоўваць драўніну.

–  Сапраўдны  мужчына павінен умець працаваць і быць здатны да таго, каб сваімі рукамі са звычайнага кавалка драўніны, напрыклад, зрабіць такі прадмет, які знойдзе сваё прымяненне ў хатняй гаспадарцы, сцвярджае Анатоль Аляксеевіч. — Няхай гэта будзе лыжка  ці невялічкая скрыначка для дробязяў, але прыгожа аздобленыя і зробленыя старанна, з душой. Гэта, канешне, вобразна сказана, бо калі мы пачынаем падрыхтоўку да алімпіяд, дык гэта патрабуе  стараннай карпатлівай працы, адпрацоўкі навыкаў  і рэалізацыі шматлікіх ідэй. Пакуль у нас усё атрымліваецца, бо з 2006 года і да гэтага часу займаем першыя  месцы  на  раённых  алімпіядах, прымаем удзел у абласных і рэспубліканскіх. Вось і зараз рыхтуемся.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *