Стартаваў новы навучальны год

У канцы кастрычніка ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь скончыўся чарговы навучальны год, які насычаны мноствам мерапрыемстваў. Усе пастаўленыя задачы выкананы ў поўным абёме, мэты дасягнуты. А ў пачатку лістапада ў абласным ваенкамаце падведзены вынікі, дзе адзначаны дасягненні Столінскага райваенкамата. Пасля месячнай паўзы, першага снежня, у ваенных пачаўся новы навучальны год.

— На падвядзенні вынікаў работы райваенкаматаў па ўсіх напрамках дзейнасці наш Столінскі райваенкамат заняў шостае месца з 16, — расказвае раённы ваенны камісар Уладзімір Мікалаевіч СЕМЯНЮК. – Калі зрабіць выбарку па асноўных групах, то па ўлікова-прызыўной рабоце мы занялі пятае месца, тэрытарыяльнай абароне – таксама пятае, мабілізацыйнай падрыхтоўцы – сёмае, сацыяльным і пенсіённым забеспячэнні – пятае, тылавым і тэхнічным забеспячэнні – чацвёртае. Да таго ж тэхнік Столінскага райваенкамата Дзмітрый Шчацінін  прызнаны лепшым спецыялістам у вобласці і змешчаны на Дошку гонару.

Акрамя асноўнай работы райваенкамат камісійна праверыў стан ваенна-ўліковай і мабілізацыйнай гатоўнасці ва ўсіх 20 гарсельвыканкамах раёна і адзначыў іх работу. Такія ж праверкі былі ў 36 арганізацыях, якія выконваюць ваенна-транспартны абавязак, а таксама ва ўсіх арганізацыях, дзе вядуць воінскі ўлік прызыўнікоў. Трэба адзначыць, што дзякуючы заняткам, якія праводзяцца, мабілізацыйная падрыхтоўка і ваенна-ўліковая работа адпавядаюць патрабаванням і забяспечваюць выкананне нарматыўна-прававых актаў у галіне абароны.

Нягледзячы на вялікую растлумачальную работу з ваеннаабавязанымі, за парушэнне правілаў воінскага ўліку да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ад 1 да 3 базавых велічынь прыцягнуты 23 прызыўнікі. А ў адносінах да трох, якія не з’явіліся на мерапрыемствы прызыву, матэрыялы перададзены ў пракуратуру раёна для ўзбуджэння крымінальных спраў. Цяпер ім пагражае штраф у памеры ад 50 базавых велічынь ці арышт тэрмінам ад шасці месяцаў да двух гадоў. Найбольш распаўсюджаныя парушэнні правілаў воінскага ўліку – згубленне ваеннага білета (15 выпадкаў), няяўка па павестцы (10 выпадкаў). У адносінах да аднаго ваеннаабавязанага, які не з’явіўся на ваенныя зборы па павестцы,   матэрыялы   перададзены ў пракуратуру Столінскага раёна для праверкі і прыцягнення да крымінальнай адказнасці. А ў цэлым можна адзначыць, што большасць нашых грамадзян законапаслухмяныя па пытаннях воінскага абавязку, своечасова з’яўляюцца ў райваенкамат  на заняткі, вучэнні, трэніроўкі. На ваенныя зборы было вывучана і накіравана 45 ваеннаабавязаных у розныя воінскія часці.

У ходзе прызыўных кампаній праводзіліся мерапрыемствы па медыцынскім аглядзе, вывучэнні, адборы прадстаўнікамі воінскіх часцей і адпраўкі. Усяго каля 300 прызыўнікоў ва ўзросце 18-27 гадоў пасля адтэрміновак накіраваны на службу. Большасць юнакоў выявіла жаданне служыць. Аднак не ўсе змаглі трапіць туды, дзе ім хацелася несці службу. Гэта ў першую чаргу з-за “цёмнага мінулага” – злоўжывання спіртнымі напіткамі, хуліганства, крадзяжу і іншае.

Нягледзячы на тое, што Століншчына пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у нашых рабят адзін з самых высокіх паказчыкаў годнасці да службы не толькі ў вобласці, але і ў краіне. Гэты паказчык складае каля 65 працэнтаў. Таксама на прызыўных камісіях разглядаліся хадайніцтвы арганізацый і прадпрыемстваў раёна аб тым, каб некаторыя спецыялісты праходзілі службу ў рэзерве. Такіх хадайніцтваў за год паступіла каля 100, з якіх 35 рэалізаваны. У першую чаргу пад увагу браліся прызыўнікі, якія маюць сям’ю, дзяцей, у якіх цяжкае сямейнае становішча, маюць хадайніцтвы міністэрстваў, выканкамаў, прадпрыемстваў аб высокай кваліфікацыі работнікаў, і настаўнікі.

У пытаннях тэрытарыяльнай абароны асаблівая ўвага надавалася падрыхтоўцы службовых асоб выканаўчага камітэта, РАУС, РАНС, КДБ, органаў пагранічнай службы, а таксама кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў па падрыхтоўцы да фарміравання тэрытарыяльных войскаў. Для дасягнення гэтых мэт на працягу года праводзіліся штабныя  трэніроўкі з адміністрацыямі, а таксама прызываліся афіцэры запасу на асноўныя пасады камандзіраў узводаў, рот, батальёнаў, начальнікаў служб. Заняткі праводзіліся ва ўзаемадзеянні і з удзелам 20-га пагранічнага атрада, Столінскага РАУС. Для эфектыўнай работы праводзіліся інструктарска-метадычныя заняткі з практычным паказам і адпрацоўкай мабілізацыйных пытанняў на базе Вялікамалешаўскага сельвыканкама (пункт апавяшчэння і збору ваеннаабавязаных), аграрна-эканамічнага каледжа (пункт папярэдняга збору і адпраўкі ваеннаабавязаных у воінскія часці), аўтапарка № 12 (пункт папярэдняга збору тэхнікі), Столінскага ліцэя (пункт прыёму асабовага складу фарміруемых тэрытарыяльных войскаў), пункта кіравання ваеннага камісарыяту і штаба раёна. Усяго ў гэтых мерапрыемствах было задзейнічана каля 1500 ваеннаабавязаных і грамадзянскага персаналу.

Асаблівая ўвага на падвядзенні вынікаў надавалася пытанням сацыяльнай абароны, пенсіённага забеспячэння і ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі. Усім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, вязням і іншым было ўручана каля 650 юбілейных медалёў “70 гадоў Перамогі”. А траім ветэранам вайны на ўрачыстым уручэнні павестак нашым прызыўнікам былі ўручаны юбілейныя медалі “За вызваленне Чэхаславакіі”.

У 2015 годзе былі выдадзены новыя пасведчанні нацыянальнага ўзору аб праве на льготы воінам-інтэрнацыяналістам, а таксама ўдзельнікам баявых дзеянняў.

Афіцэры райваенкамата і запасу, члены Беларускага саюза афіцэраў пастаянна прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна, удзельнічаюць у мерапрыемствах па прафесійнай арыентацыі і адборы кандыдатаў для паступлення ў ваенныя ўстановы Беларусі і Расіі. За гэты год было пададзена 39 заяў, да прафесійна-псіхалагічнага адбору былі дапушчаны 26 юнакоў. Паступілі ў ваенныя навучальныя ўстановы 12 чалавек.

Сёлета актыўна праводзіліся мерапрыемствы па ўвекавечванні памяці ахвяраў вайны. З раённага бюджэту выдаткавана каля 300 мільёнаў рублёў на рэканструкцыю і рамонт воінскіх пахаванняў і помнікаў воінскай пашаны. Была праведзена пашпартызацыя воінскага пахавання ва ўрочышчы Осаўе на тэрыторыі Стружскага сельсавета, заменены пліты і нанесены ўстаноўленыя імёны загінуўшых у Гарадной, Фядорах, Плотніцы, Століне, Давыд-Гарадку, Струзе і Рэчыцы. Двойчы ў раёне працавалі спецыялісты 52-га пошукавага батальёна на тэрыторыі Фядорскага, Рэчыцкага і Стружскага сельсаветаў. У снежні адбудзецца перапахаванне воінаў Чырвонай Арміі ў Фядорах,  Бухлічах. А ў Альманскай Кашары месцу пахавання ахвяраў фашызму і чырвонаармейцаў пасля ўдакладнення спісаў будзе нададзены статус воінскага пахавання.

Асобнае пытанне дзейнасці райваенкамата – растлумачальная работа сярод насельніцтва аб правілах дзеяння падчас знаходжання выбухованебяспечных прадметаў і боепрыпасаў часов Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым годзе было зафіксавана 12 паведамленняў аб знаходжанні такіх прадметаў, якія былі знішчаны сіламі сапёрна-піратэхнічнай  групы в/ч 7404. А на тэрыторыі былога авіяпалігона праводзілася шчыльнае ачышчэнне мясцовасці ад выбухованебяспечных  прадметаў. Інжынерна-сапёрным узводам выяўлена і абясшкоджаны больш за 180 прадметаў.

Лепшымі спецыялістамі ў райваенкамаце прызнаны начальнік групы тэрытарыяльнай абароны Сяргей Аляксандравіч Патрубейка, вядучы спецыяліст мабілізацыйнай групы Уладзімір Уладзіміравіч Комар, інспектар мабілізацыйнай групы Таццяна Мікалаеўна Карповіч, тэхнік Дзмітрый Георгіевіч Шчацінін і вартаўнік Мікалай Іванавіч Немшан, які выконвае абавязкі аператыўнага дзяжурнага.

Аляксандр НІКІФАЭНКА

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *