Сталічны дэбют “Карагода” прынёс перамогу

З Кубкам і дыпломам за першае месца вярнуліся ўдзельнікі ўзорнага ансамбля танца “Карагод” Столінскага ГДК (мастацкі кіраўнік Таццяна Старасціна) з ІІІ Міжнароднага турніру па індыйскім, народным і ўсходнім танцы “Сокровища Агры”, які праходзіў 28 лістапада ў ДК чыгуначнікаў г. Мінска.

Арганізатары турніру – школа індыйскага танца «Амрапалі» і Беларуская Ліга танца.

Столінскія танцоры выступалі ў намінацыі “Народны танец” і занялі першае месца ў сваёй узроставай катэгорыі. Яны паказалі “Вясковую польку”. Удзел у  дадзеным  турніры – увогуле першае выступленне гэтага саставу танцораў на рэспубліканскай сцэне. Першае і пераможнае!

– Прызнацца, вельмі хвалявалася перад  паездкай,  –  дзеліцца кіраўнік ансамбля Таццяна Уладзіміраўна. – Раней нам не даводзілася выступаць на такой вялікай сцэне. Перажывала, што рабяты разгубяцца. А яны сабраліся, згуртаваліся – і нібы ляталі на сцэне. Калі “Карагод” выклікалі на сцэну ў якасці пераможцаў, нават не адразу зразумела, што адбываецца. Дзеці вельмі парадавалі мяне і самі бязмежна радаваліся.

Ансамбль танца “Карагод” – пастаянны ўдзельнік усіх гарадскіх і раённых мерапрыемстваў. У мінулым годзе пацвердзіў ганаровае званне “Узорны”. Многія з дзяцей наведваюць калектыў ужо шэсць-сем гадоў.

Назаву імёны тых, хто прынёс рэспубліканскую перамогу. Гэта хлопчыкі – Юрый Трускоўскі, Віктар Шурпак, Віталь Булгакаў, Яўген Падабед, Раман Юнкевіч, Уладзіслаў Мірановіч і дзяўчынкі –  Дзіяна Сімончык, Дар’я Савончык, Мілана Шульжык, Кацярына Ракалава, Яўгенія Козел і Лізавета Міранчук. Трэба адзначыць, што ўдзел у турніры платны і дабіраліся танцоры за ўласны кошт. Таму ў размове Таццяна Старасціна выказала вялікую падзяку бацькам удзельнікаў за ўсямерную падтрымку і веру ў сваіх дзяцей.

Акрыленыя ўдалым выступленнем, танцоры яшчэ жывуць свежымі эмоцыямі поспеху і ўжо настройваюцца  на новыя спаборніцтвы. Яны атрымалі запрашэнне на танцавальны фестываль “Рождественские звёзды”, які адбудзецца ў Брэсце ў снежні гэтага года.

Галіна ГАШЧУК

Фота  Таццяны Старасцінай

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *