«Шахцёр» стаў другім домам

Сярод усіх намінацый, у якіх штогод вылучаюцца лепшыя маладыя людзі Століншчыны, асобным радком стаяць спартсмены. Гэта тыя старанныя юнакі і дзяўчаты, якія сваімі дасягненнямі ў галіне фізічнай культуры і спорту праслаўляюць родную Століншчыну не толькі на ўнутранай арэне, але і міжнароднай. Гэтыя рабяты заслугоўваюць павагу ўжо толькі тым, што аддалі перавагу здароваму ладу жыцця, актыўным заняткам фізкультурай і спортам.

Уладзімір Старасцін  заслужана быў удастоены звання “Малады чалавек года” ў галіне фізічнай культуры і спорту,  дасягнуўшы пэўнай вышыні ў спорце. Нарадзіўся ён у Століне ў 1999 годзе, вучыўся ў  СШ № 3. З малых гадоў любіў гуляць з сябрамі ў футбол – ці на стадыёне, ці ў спартыўнай зале. Уся ўвага была сканцэнтравана на скураным мячы. А ў 11 гадоў трапіў у секцыю футбола ў ДЮСШ г. Століна. Першым трэнерам стаў Уладзімір Хоміч. Пачаліся больш напружаныя і мэтавыя трэніроўкі, на якіх трэнер ад заняткаў да заняткаў прывіваў усім рабятам дысцыпліну на пляцоўцы ці футбольным полі. Дысцыпліна павінна быць не толькі падчас гульні, але і за межамі футбола – у вучобе, на вуліцы, дома. Без адпаведнай дысцыпліны цяжка дабіцца высокіх дасягненняў не толькі ў футболе, але і ў іншай галіне дзейнасці. Ды і прыкладаў у гісторыі футбола хапае, калі з-за адсутнасці гэтай дысцыпліны сапраўдныя зоркі так і не змаглі раскрыць увесь свой патэнцыял і талент.

Дзіцячыя каманды пад трэнерствам Уладзіміра Хоміча вельмі часта пачалі прымаць  удзел у розных спаборніцтвах, выязджалі за межы раёна, вобласці, краіны. І ужо тады ў дзіцячай камандзе пачаў вылучацца бачаннем пляцоўкі Уладзімір Старасцін. Хлопец з малых гадоў “чытаў” гульню, рабіў вырашальныя галявыя пасы і забіваў сам. Яму падабалася “кіраваць” гульнёй. Калі хлопцу споўнілася 12 гадоў, яго прыкмецілі ў дзіцячай структуры нязменнага лідара апошніх гадоў у Беларусі – барысаўскага “БАТЭ”. І наступныя два гады Уладзімір правёў у стане дзіцячай каманды знакамітага айчыннага клуба. Падлетку давялося зусім рана стаць дарослым. Паколькі ў бацькоў не было магчымасці кожны тыдзень вазіць ці суправаджаць сына на гульні дзіцячай лігі, таму яго адпраўлялі на цягніку ў Мінск, дзе яго сустракаў трэнер дзіцячай каманды “БАТЭ”. У барысаўскім клубе Уладзімір гуляў на працягу двух гадоў. Мог і застацца ў сістэме клуба, але не было дзе жыць і інфраструктура клуба гэтага не магла дазволіць. Працягу выступленняў і трэніровак у дзіцячай камандзе “БАТЭ” жадаў і трэнер.

Тут на гарызонце трапіўся шанц паспрабаваць свае сілы ў другім беларускім клубе, дарослая каманда якога пастаянна змагаецца за медалі – салігорскім “Шахцёры”. Так у 13 гадоў Уладзімір змяніў абстаноўку. Ды і клубная база, інфраструктура клуба “гарнякоў” дазваляла гэта. У “Шахцёра” ёсць свой інтэрнат, дзе жывуць усе юнакі, якія займаюцца ў клубе, сталовая, пляцоўкі для заняткаў футболам і фізічнай культурай. А школьныя прадметы юныя футбалісты праходзяць у агульнаадукацыйнай сярэдняй школе № 8 г. Салігорска. У іх асобны клас, дзе вучацца толькі хлопцы. Зараз Уладзімір у выпускным класе. У 2016-м годзе атрымае атэстат і плануе паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Паколькі хлопец знаходзіцца на кантракце падлетка да 18 гадоў, то паступіць зможа толькі на завочнае аддзяленне. Але гэта не бянтэжыць юнака, таму што ён літаральна жыве футболам. Усе яго думкі аб футболе і далёйшы лёс ён плануе звязаць менавіта з гульнёй № 1.

Стараннасць, мэтанакіраванасць і працавітасць Уладзіміра не засталіся без увагі ад трэнераў. Хлопец з’яўляецца капітанам юнацкай каманды “Шахцёр”. Пры яго непасрэдным    удзеле на полі і дакладным дзеянням у атацы і абароне яго каманда за апошнія два гады заваявала бронзавыя медалі чэмпіянату Беларусі сярод юнацкіх каманд. Уладзімір гуляе ў амплуа левага паўабаронцы і вельмі часта кіруе атакамі, але не забывае і аб абароне. Выклікаюць юнака і ў склад зборнай каманды Брэсцкай вобласці. А зусім нядаўна Уладзімір атрымаў шанц адстойваць гонар і юнацкай зборнай Беларусі (U-16) на міжнародным турніры ў Казахстане. Будзем спадзявацца, што зусім хутка мы ўбачым нашага таленавітага земляка і на дарослым узроўні.

Не забывае Уладзімір і ра-дзіму. Хоць дома пабываць даво-дзіцца не часта, але хлопец пастаянна заходзіць павітацца з першым трэнерам Уладзімірам Хомічам, з сябрамі. І заўсёды ідзе з мячом, каб не толькі паразмаўляць, але і пагуляць у футбол. У гэтым таксама ёсць вялікі плюс – рабятам вельмі прыемна гуляць у футбол з іх сябрам, які апранае жоўта-чорную форму “Шахцёра”. Гэта і прапаганда здаровага ладу жыцця, і прапаганда развіцця футбола ў горадзе. Пабольш бы нашых юных талентаў выступала на больш высокім узроўні.

Ад чытачоў раёнкі хочацца пажадаць Уладзіміру Старасціну яскравага развіцця кар’еры футбаліста, гуляць у моцных еўрапейскіх клубах і абараняць гонар краіны ў складзе зборнай Беларусі. У хлопца ўсё наперадзе і толькі намаганнямі і мэтанакіраванасцю, стаўленнем да працы ён зможа ажыццявіць свае мары. Верым ва Уладзіміра!

Аляксандр НІКІФАРЭНКА

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *