Сапраўдная навагодняя казка

Сапраўдную навагоднюю казку стварылі вучні ў сваіх установах адукацыі. У сярэдняй  школе № 2  р. п. Рэчыца, напрыклад,  педагог-арганізатар Алена Вітальеўна Сахвон  штогод напярэдадні навагодніх святаў  распрацоўвае спецыяльны праект, у межах якога вучні разам з класнымі кіраўнікамі ўпрыгожваюць кабінеты, вядуцца заняткі гуртка “Чароўныя нажніцы”, праводзяцца конкурсы на лепшае афармленне, самую арыгінальную ідэю і г. д.

У фае сустракае гасцей вясёлая Снягурка з добрым Дзядулем Марозам сярод  прыгожых, пяшчотных, заснежаных  дамоў, у адным з якіх ужо поўна гасцей і гарыць святло.

 Сваёй арыгінальнасцю вылучаюцца і іншыя падзелкі з другаснай сыравіны: розныя казачныя героі, прыгажуня-ёлачка, калядныя вяночкі і вялікая колькасць каляровых гірляндаў. У школе прайшоў конкурс на выраб самай доўгай гірлянды, таму кожны кабінет па-свойму адметны, але абавязкова святочна ўпрыгожаны.

– У Столінскай дзяржаўнай гімназіі арганізаваны конкурс-выстаўка работ вучняў “Навагодні экспрэс”, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Якаўлеўна Жук. — І абавязковы элемент, які прысутнічае ва ўсіх работах без выключэння, – гэта санкі.

Кампазіцыі незвычайныя, яскравыя, сучасна аформленыя, з вялікай колькасцю герояў. Яны  спалучаюцца ў адну завершаную навагоднюю карціну з галоўнай гераіняй – ёлачкай-красой – і ствараюць святочны настрой, нагадваюць дзяцінства,  казку  і штосьці  цудадзейнае.

Ва ўстанове адукацыі можна без канца хадзіць з кабінета ў кабінет, любавацца ўвасабленнем фантазіі і шырынёй творчага палёту вучняў, цікавымі ідэямі настаўнікаў, якія знайшлі тут сваё адлюстраванне і падрыхтаваны для ўдзелу ў конкурсе на лепшы навагодні кабінет.  Прадчуванне навагодняга свята нясе  кожная сняжынка, кожны выраб. Тут  і  зімовы настрой, і радасць дзяцей у чаканні снегу і навагодніх прыгод.

Людміла  КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *