Самы вартасцю ў 90 мільёнаў

Звычайная,  на першы погляд, спроба набыць  і перавезці вялікую колькасць сама не толькі не  дала магчымасць жыхарам вёскі  Альпень прыгатаваць  смачную страву для сябе і пачаставаць родных, але і нават прыцягнула да судовай адказнасці.

У  аг. Велямічы 26 лістапада адбыўся выязны суд на чале з суддзёю А. А. Пракапчуком пры ўдзеле судовага абвінаваўцы А. С. Хоміча, на якім разглядалася крымінальная справа ў адносінах да  жыхароў вёскі Альпень У. і М. Яны абвінавачваліся ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкула 282-1  Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Раніцай шостага снежня 2014 года  яны накіраваліся на легкавым аўтамабілі  У. да ракі Гарынь з мэтай набыцця рыбы для ўласных мэтаў. Чакалі да таго часу, пакуль вечарам не з’явіліся незнаёмыя, якія і прапанавалі набыць у іх рыбу.  Як  аказалася, яе было больш, чым дастаткова. Ды яшчэ і сом. І пры гэтым аж 32  асобіны.  Каштавала рыба танна, таму У. і М. без усялякіх ваганняў набылі рыбы на 5 – 5, 5 млн рублёў.  Вярталіся дадому каля 22.00 – 23.00 гадзін і былі затрыманы супрацоўнікамі Столінскага РАУС падчас незаконнай перавозкі сама ў асабліва буйным памеры каля аўтазапраўкі  г. Давыд-Гарадка.

Як патлумачыў сведка, намеснік начальніка Столінскай міжраённай дзяржаўнай інспекцыі жывёльнага і расліннага свету Віталь Васільевіч Мароз,  сёмага снежня 2014 года недзе каля 00. 30 гадзін паступіў тэлефонны званок з РАУС, з якога вынікала, што жыхары  вёскі Альпень У. і М. перавозілі незаконна здабытую азёрную рыбу – сама. У наяўнасці аказалася 32 асобіны сама звычайнага з  колата-рэзанымі ранамі, што сведчыць пра незаконную здабычу ў перыяд забароны на лоўлю дадзенай рыбы. Была выклікана аператыўна-следчая група, якая высветліла,  што ў аўтамабілі У., які быў прызнаны прыладай учынення злачынства,  знаходзілася 178 кг рыбы. Шкода навакольнаму асяроддзю была нанесена ў памеры 57 млн 600 тысяч бел. рублёў. Была ўзбуджана крымінальная справа па частцы 3  артыкула 282-1  Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Як выявілася, пакуль ішло следства па гэтай справе, грамадзянін У. паспеў прадаць свой аўтамабіль, які пратаколам ад 17 кастрычніка 2015 года быў прызнаны прыладай учынення злачынства,  а пазней  дадзены аўтамабіль  быў перааформлены ў г. Мінску на грамадзянку В., што таксама сведчыць пра правапарушэнне.

У ходзе судовага паседжання У. і М. сваю віну прызналі цалкам і раскайваюцца ў зробленым.  Яны былі прызнаны вінаватымі ў перавозцы незаконна здабытай азёрнай рыбы – сама звычайнага па частцы 3  артыкула 282-1 “Незаконная перавозка (транспартаванне) або разбіранне дзікіх жывёлін   у асабліва буйным памеры”  Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і  прыгавораны да выплаты штрафу ў памеры 250 базавых велічынь, ці 45 мільёнаў кожнаму і канфіскацыі легкавога аўтамабіля.

Што казаць, бо ў падобнай сітуацыі можа аказацца кожны з нас. Звяртайце ўвагу на тое, што калі забаронена, то значыць іншых варыянтаў быць не можа, асабліва калі гэта тычыцца абароны навакольнага асяроддзя. Гэтае пытанне сёння стаіць вельмі востра і павінна аператыўна вырашацца.  Дзяржава і заканадаўства  стаіць  на абароне наваколля ад нас, гора-гаспадароў, якія прытрымліваюцца спажывецкага ладу жыцця. Але лепш прадухіліць, чым пасля плаціць. Да ведама рыбаловаў-аматараў, штраф за парушэнне заканадаўства прадугледжаны вельмі значны – да тысячы базавых велічынь.

Людміла ПРЫГАВОРКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *